Сукцэсія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сукцэсія
Выява
Вывучаецца ў экалогія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Другасная сукцэсія. Хваёвы лес пасля нізавога пажару (злева) і праз два гады пасля яго (справа)
Першасная сукцэсія. Схема паслядоўнага зарастання вадаёма

Сукцэ́сія[1] (ад лац.: succesio — пераемнасць, наследаванне) — паслядоўная змена (самаразвіццё[2]) біяцэнозаў, фітацэнозаў на пэўным участку тэрыторыі (ландшафта).

Тэрмін «сукцэсія» і звязаныя з ім асноўныя паняцці ўведзены галоўным чынам амерыканскім даследчыкамі Г. Каўлсам, Ф. Клеменсам (1916[1][3]), Р. Уітэкерам у пачатку — сярэдзіне XX стагоддзя[4]. Упершыню гэты тэрмін выкарыстаў у 1806 годзе французскі батанік Дэ Люк для апісання змен расліннасці[3]. У развіццё тэорыі зрабілі ўнёсак У. М. Сукачоў і С. М. Разумоўскі.

Сукцэсія з’яўляецца формай дынамікі фітацэнозаў і характарызуецца змяненнем фларыстычнага складу, скіраванасцю і незваротнасцю.[4] Адбываеецца ўдасканаленне стратэгіі відаў, структуры папуляцый і трафічных ланцугоў і вядзе да адносна ўстойлівага стану (клімаксу). Асноўны механізм сукцэсіі — аднаўленне экалагічнай раўнавагі паміж біятычнымі супольнасцямі і фактарамі знешняга асяроддзя. Часам да сукцэсіі адносяць толькі прагрэсіўныя змены, а змены пад уздзеяннем неспрыяльных фактараў (прыводзяць да паступовага спрашчэння структуры супольнасці, збяднення яе складу, памяншэння прадуктыўнасці[2]) называюць дыгрэсіям, а аднаўленне супольнасці пасля ўздзеяння катастрафічных фактараў (пажары, інтэнсіўны выпас жывёлы і інш.) — дэмутацыямі[3]. Змены аднаго фітацэнозу (біяцэнозу, біягеацэнозу) іншымі ў ходзе сукцэсіі ўтвараюць сукцэсійны рад або серыю.

Адрозніваюць першасныя і другасныя сукцэсіі.

Першасныя сукцэсіі пачынаюцца на субстратах, пазбаўленых жыцця, не закранутых працэсамі глебаўтварэння: пясчаныя дзюны, горныя пароды, вулканічная лава, маладыя алювіяльныя адклады, вадаёмы і інш. У працэсе першаснай сукцэсіі адбываецца на толькі фарміраванне фітацэнозаў, але і глебы[5]. Пры засяленні такіх участкаў жывыя арганізмы незваротна мяняюць месцапражыванне і змяняюць адзін аднаго, адбываецца назапашванне адмерлых раслінных рэшткаў або прадуктаў раскладання, паступова фарміруецца глебавы профіль, змяняецца гідралагічны рэжым ўчастка, яго мікраклімат[2].

Другасныя сукцэсіі адбываюцца на месцы існуючых, сфарміраваўшыхся біяцэнозаў пасля іх парушэння ў выніку эрозіі, вулканічных вывяржэнняў, засухі, паводкі, наваднення, пажару, высечкі лесу і да т.п. Змены, якія вядуць да аднаўлення ранейшага складу біяцэнозу, атрымалі ў геабатаніцы назву дэмутацыйных[2].

Прыватнымі варыянтамі сукцэсіі з’яўляюцца змены, якія па працягласці дакладна супадаюць з якім-небудзь сезонам, а на наступны год пачынаюцца спачатку (напрыклад, у планктоне паўночных мораў вясной масавае размнажэнне водарасцей змяняецца хваляй размнажэння рачкоў-калянусаў, затым у вялікай колькасці з’яўляюцца грабеньчыкі, а пасля іх — некаторыя віды рыб)[2].

Таксама вылучаюць прыродна абумоўленыя сукцэсіі (эндагення і экзагення) і антрапагеннныя. Эндагенныя сукцэсіі адбываюцца ў выніку ўнутраных працэсаў развіцця біяцэнозаў (напрыклад, зарастанне вадаёмаў). Экзагенныя сукцэсіі выкліканы ўздзеяннем знешніх фактараў (напрыклад, эрозіяй глебы, кліматычнымі ўздзеяннямі). Антрапагенныя сукцэсіі развіваюцца пад уздзеяннем гаспадарчай дзейнасці чалавека (высечка лесу, выпас жывёл, разворванне зямель і інш.).

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сукцэ́сія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 261. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Сукце́ссия // Лесная энциклопедия: В 2-х т. / Ред. кол.: Г. И. Воробьёв (гл. ред.) и др.. — М.: Сов. энциклопедия, 1986. — Т. 2. Лимонник—Ящерицы. — С. 425. — 631 с. — 100 900 экз. (руск.)
  • Сукцессия // Биологический энциклопедический словарь / Гл. ред. М. С. Гиляров; Редкол.: А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др. — М.: Сов. энциклопедия, 1986. — 831 с. — 100 000 экз.
  • Сукце́ссия // Социальное партнёрство — Телевидение. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2016. — (Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов; 2004—). — ISBN 978-5-85270-368-2.
  • Сукцессия / Александрова В. Д. // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  • Сукце́ссия // Байкал: природа и люди: энциклопедический справочник / Байкальский институт природопользования СО РАН; [отв. ред. чл.-корр. А. К. Тулохонов] — Улан-Удэ: ЭКОС: Издательство БНЦ СО РАН, 2009. (руск.)
  • Абрамова, И. В. Сукцессия орнитофауны березовых лесов в юго-западной Беларуси / И. В. Абрамова // Веснік Брэсцкага універсітэта. Серыя 5. Хімія. Біялогія. Навукі аб зямлі, 2019 — № 1. — С. 5-12. (руск.)
  • Абрамова, И. В. Сукцессия населения птиц в ходе восстановительной смены еловых лесов в юго-западной Беларуси / И. В. Абрамова // Журнал Белорус. Гос. Ун-та. География. Геология, 2017 — № 2. — С. 31-39. (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]