Сцынтыляцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тыповая залежнасць высвечвання сцынтылятара ад адзінкавага ўзбуджэння элементарнай часціцай

Сцынтыля́цыя[1] (ад лац.: scintillatio — мігаценне) — кароткачасовая светлавая ўспышка (успышка люмінесцэнцыі), якая ўзнікае ў сцынтылятарах пад уздзеяннем іанізавальных выпраменьванняў.

З’яву адкрыў у 1903 годзе англійскі хімік і фізік Уільям Крукс, які назіраў свячэнне экрана з сульфіда цынку пры абпраменьванні альфа-часціцамі[1][2].

Сцынтыляцыя назіраецца ў арганічных рэчывах, а таксама ў многіх неарганічных матэрыялах — крышталях, газах і вадкасцях. Атамы ці малекулы сцынтылятара за кошт энергіі зараджаных часціц пераходзяць ва ўзбуджаны стан, пры пераходзе з якога ў нармальны стан выпраменьваюць святло. Механізм сцынтыляцыі, спектр яе выпраменьвання і працягласць высвечвання залежаць ад прыроды рэчыва сцынтылятара, а яркасць — ад прыроды зараджаных часціц і ад энергіі, якая перадаецца імі часціцам сцынтылятара. Працягласць сцынтыляцыі складае 10-4—10-9 с[2][3][4].

Кожная сцынтыляцыя — вынік уздзеяння адной часціцы, што выкарыстоўваецца ў сцынтыляцыйных лічыльніках для рэгістрацыі і падліку элементарных часціц.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]