Тамборская мова
Тамборская мова | |
---|---|
Краіны | Інданезія |
Рэгіёны | Сумбава |
Статус | мёртвая мова |
Вымерла | 1815 год |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | або ізаляваная мова |
Моўныя коды | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-3 | xxt |
IETF | xxt |
Glottolog | tamb1257 |
Тамборская мова — мёртвая мова тамборскай культуры з інданезійскага вострава Сумбава, якая цалкам загінула ў красавіку 1815 года падчас вывяржэння вулкана Тамбора[1]. Колькасць носьбітаў тамборскай мовы перад вывяржэннем ацэньваецца ў 11 тысяч чалавек[2].
Лексіка[правіць | правіць зыходнік]
Адзінай крыніцай лінгвістычных даных пра тамборскую мову з’яўляецца спіс з 48 слоў, які запісаў брытанскі каланіяльны адміністратар Томас Стэмфард Рафлз незадоўга да вывяржэння. Разам са словамі іншых моў рэгіёну спіс быў апублікаваны ў кнізе Рафлза «Гісторыя Явы»[3]. Вось гэтыя словы[4]:
- seena — адзін
- kálae — два
- nih — тры
- kude-in — чатыры
- kutélin — пяць
- báta-in — шэсць
- kúmba — сем
- koného — восем
- láli — дзевяць
- saróne — дзесяць
- sisaróne — дванаццаць
- simári — сто
- doh — чалавек
- sia-in — мужчына
- óna-yit — жанчына
- homóri — бацька
- yelai — маці
- kokóre — галава
- saing'óre — вока
- saing kóme — нос
- búlu — валасы
- sóntong — зубы
- sumóre — жывот
- taintu — рука
- maimpo — ступня
- kiro — кроў
- kóngkong — дзень
- tádung — ноч
- kidjum — сон
- sílam — мёртвы
- si-yang — белы
- naido — чорны
- sámar — добры
- gonóre — дрэнны
- maing’aing — агонь
- naino — вада
- gónong — зямля
- ilah — камень
- kíwu — свіння
- kilaíngkong — птушка
- andik — яйка
- karáyi — рыба
- ingkong — сонца
- mang’ong — месяц
- kingkong — зорка
- moríhoh — Бог
- hok-hok — сядзець
- mákan — есці
Большасць слоў са спісу, імаверна, з’яўляюцца спрадвечнымі. Тамборская лексіка адрозніваецца ад лексікі навакольных моў, як аўстранезійскіх, так і іншых[1]. Да запазычанняў з малайскай ці яванскай мовы адносяцца словы «búlu» («валасы») і «mákan» (есці)[5]. Генрых Цолінгер у 1850 годзе прапанаваў яшчэ некалькі магчымых крыніц для некаторых слоў са спіса: «naino» («вада») — з мадурскага «ain», «andik» («яйка») — з яванскага «endokh», «homóri» — з бугійскага «horo-anie» («мужчына»), «sia-in» («мужчына») — ад слова «ese» на дыялекце санган мовы біма. Яшчэ некалькі прапаноў Цолінгера выглядаюць малаверагоднымі: «si-yang» («белы») — за малайскага «siang» («поўдзень»), «gonong» («зямля») — з малайскага «gunung» («гара») і «hok-hok» («сядзець») — з нямецкага «hocken» («прысядаць»)[6]. Таксама разглядаюцца як магчымыя запазычанні настыпныя словы: «doh» («чалавек») — з мовы біма «dou», «seena» («адзін») — з аўстранезійскіх моваў, «moríhoh» — з санскрыту, «taintu» («рука») — з транснавагвінейскіх моў. Апошні выпадак можа тлумачыцца не толькі моўнымі кантактамі, але і генетычнай роднасцю[7].
Фаналогія[правіць | правіць зыходнік]
Верагодна, у запісах Рафлза спалучэнне літар ng’ перадае велярны насавы зычны [ŋ], а злучок можа азначаць гартанную змычку [ʔ][4].
На падставе даступнага спісу слоў магчыма рэканструяваць наступную сістэму зычных гукаў[8]:
Губныя | Альвеалярныя | Палатальныя | Велярныя | Глатальныя | ||
---|---|---|---|---|---|---|
Выбухныя | Глухія | t | k | (ʔ) | ||
Звонкія | b | d | dʒ | g | ||
Насавыя | m | n | ŋ | |||
Фрыкатыўныя | s | h | ||||
Плаўныя | r, l | |||||
Апраксіманты | w | j |
Сістэма галосных магла складацца з пяці гукаў: /a/, /e/, /i/, /o/ /u/[8]. Варта адзначыць, што рэканструкцыя можа быць няпоўнай: тамборская мова таксама магла мець імплазіўныя зычныя, галосныя сярэдняга рада, насавыя галосныя ці зычныя з прыдыханнем — фанемы, якія сустракаюцца ў іншых мовах рэгіёну, і якія, магчыма, не атрымалася перадаць праз англійскую ці малайскую арфаграфіі, якімі карыстаўся Рафлз[4].
Націск, імаверна, заўсёды на перадапошнім складзе[4].
Марфалогія[правіць | правіць зыходнік]
Два словы ў спісе, якія называюць часці цела, пачынаюцца з «saing-» («saing'óre» — «вока» і «saing kóme» — «нос»). Магчыма, словы «sóntong» («зубы») і «sumóre» («жывот») таксама пачынаюцца з рэдуцыраванай формы прыстаўкі «saing-», якая можа мець значэнне прыналежнасці. Тым не менш, у спісе ёсць іншыя словы, якія абазначаюць часці цела, але не пачынаюцца з адпаведнага прэфікса[9].
Шэраг слоў, якія абазначаюць з’явы навакольнага свету, маюць аднолькавыя канчаткі «-kong» ці «-ong»: «kóngkong» («дзень»), «kilaíngkong» («птушка»), «ingkong» («сонца»), mang’ong («месяц»), «kingkong» («зорка»), «gónong» («зямля»), што можа сведчыць аб наяўнасці суфіксацыі ў тамборскай мове[7].
Слова «hok-hok» («сядзець») паказвае, што ў тамборскай мове была магчыма рэдуплікацыя. Імаверна, яна была звязана з дзеясловамі[7].
Генеалагічная класіфікацыя[правіць | правіць зыходнік]
Лексіка тамборскай мовы, за выключэннем некалькіх запазычанняў, адрозніваецца ад лексікі навакольных моў[1]. Ужо ў XIX стагоддзі было адзначана, што яе нельга адносіць да аўстранезійскіх моў, шырока прадстаўленых у рэгіёне[10]. Тамборскую мову адносяць або да ізаляваных моў[1], або, па выніках фаналагічнага аналізу, — да папуаскай моўнай сям’і[11]. На падставе археалагічных знаходак выказвалася таксама гіпотэза аб прыналежнасці тамборскай мовы да аўстраазіяцкай сям’і[6].
Тамборская мова можа значна пашырыць геаграфію распаўсюджання папуаскіх моў, бо востраў Сумбава знаходзіцца ў 500 кіламетрах на захад ад астравоў Тымор, Алор і Пантар — самых заходніх тэрыторыях, дзе ў цяперашні момант жывуць носьбіты моў папуаскай сям’і[6].
Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ а б в г Hammarström 2018, p. 288.
- ↑ Eve Okura. Endangerment of Language Isolates // Language Isolates (англ.) / Lyle Campbell. — Routledge, 2018. — С. 344–371. — (Routledge Language Family Series). — ISBN 978-1-317-61091-5. — DOI:10.4324/9781315750026-13.
- ↑ Hein Steinhauer The Indonesian Language Situation and Linguistics: Prospects and Possibilities(англ.) // Bijdragen Tot de Taal-, Land- En Volkenkunde. — Т. 150. — № 4. — С. 755-784.
- ↑ а б в г Donohue 2007, p. 523.
- ↑ Crawfurd 1852, p. 93.
- ↑ а б в Donohue 2007, p. 522.
- ↑ а б в Donohue 2007, p. 525.
- ↑ а б Donohue 2007, p. 524.
- ↑ Donohue 2007, pp. 524–525.
- ↑ Donohue 2007, p. 521.
- ↑ Donohue 2007, p. 535.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- John Crawfurd. Dissertation // A Grammar and Dictionary of the Malay Language. With a Preliminary Dissertation (англ.). — Лондан: Smith, Elder and Co, 1852. — Т. 1. Dissertation and grammar.
- Mark Donohue The Papuan Language of Tambora(англ.) // Oceanic Linguistics. — 2007. — Т. 46. — № 2. — С. 520–537. — ISSN 1527-9421. — DOI:10.1353/ol.2008.0014
- Harald Hammarström. Language isolates in the New Guinea region // Language Isolates (англ.) / Lyle Campbell. — Routledge, 2018. — С. 287–322. — (Routledge Language Family Series). — ISBN 978-1-317-61091-5. — DOI:10.4324/9781315750026-11.