Інданезія
|
|||||
| Дэвіз: «Bhinneka Tunggal Ika (Стараяв. Адзінства ў разнастайнасці)» | |||||
| Гімн: «Indonesia Raya» | |||||
| Дата незалежнасці | 17 жніўня 1945 года (ад Нідэрландаў) | ||||
| Афіцыйныя мовы | інданезійская | ||||
| Сталіца | Джакарта | ||||
| Найбуйнейшыя гарады | Джакарта, Сурабая, Бандунг, Бекасі, Медан, Тангеранг, Дэпак, Семаранг, Палембанг, Макасар, Тангеранг-Селатан | ||||
| Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
| Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт |
Сусіла Бамбанг Юдаёна Будзіёна |
||||
| Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
14-я ў свеце 1 919 440 км² 4,85 |
||||
| Насельніцтва • Ацэнка (2010) • Шчыльнасць |
237 641 326 чал. (4-я) 123,8 чал./км² |
||||
| ВУП • Разам (2010) • На душу насельніцтва |
$1,03 трлн (16-ы) $4300 |
||||
| ІРЧП (2011) | 0,617 (сярэдні) (124-ы) | ||||
| Этнахаронім | інданезіец (м. р.), інданезійка (ж. р.), інданезійцы (мн. л.) |
||||
| Валюта | Інданезійская рупія (IDR, код 360) |
||||
| Інтэрнэт-дамен | .id | ||||
| Тэлефонны код | +62 | ||||
| Часавыя паясы | UTC +7…+9 | ||||
Індане́зія (індан.: Indonesia), афіцыйная назва — Рэспу́бліка Індане́зія (індан.: Republik Indonesia) — дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі, размешчана на 17508 астравах найбуйнейшага ў свеце Малайскага архіпелага (астравы Калімантан, Суматра, Ява, Сулавесі, Балі і інш.) і заходняй частцы вострава Новая Гвінея. Мае сухапутныя межы з Малайзіяй, Папуа-Новай Гвінеяй і Усходнім Тыморам. Сухапутная тэрыторыя - 1,9 млн.кв.км. Марская акваторыя (унутранае мора, тэрытарыяльныя і архіпелагавыя воды, выключная эканамічная зона) - 7,9 млн.кв.км. Насельніцтва - больш 240 млн. чалавек (4-е месца ў свеце). Сталіца - Джакарта (в. Ява) з насельніцтвам звыш 10 млн.чал. Афіцыйная мова - інданезійская. Грашовая адзінка – інданезійская рупія (9400 рупій = 1 дол.ЗША (май 2008)). Нацыянальнае свята - Дзень абвяшчэння незалежнасці (17 жніўня 1945).
Адміністрацыйны падзел: 33 адміністрацыйныя адзінкі (31 правінцыя, 2 адмысловых адміністрацыйных акругі – Джакарта і Джак’якарта).
Змест |
Насельніцтва і рэлігія [правіць]
Больш за 150 этнічных груп, блізкіх па мове, культуры і побыце. Асноўнае насельніцтва — яванцы (45%), сунданцы (14%), мадурцы (7,5%), малайцы (7,5%); жывуць таксама кітайцы (каля 4 млн. чалавек), арабы, індыйцы. Насельніцтва размаўляе больш як на 300 мовах. Асноўныя рэлігіі: іслам суніцкага кірунку - каля 85% насельніцтва, пратэстанцызм і каталіцызм - 9,7%; будызм, індуізм, анімізм, канфуцыянства. У гарадах жыве 31% насельніцтва. Найбуйнешыя гарады: Джакарта, Сурабая, Бандунг, Медан, Семаранг, Палембанг, Уджунгпанданг, Маланг, Паданг, Суракарта, Купанг.
Дзяржаўны лад [правіць]
Інданезія - унітарная рэспубліка прэзідэнцкага тыпу. Прэзідэнт - кіраўнік дзяржавы і фармаванага ім урада, вярхоўны галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі. З 20 кастрычніка 2004 – Сусіла Бамбанг Юдаёна. Віцэ-прэзідэнт – Юсуф Кала. Міністр замежных спраў – Хасан Віраюда.
Вышэйшы орган прадстаўнічай улады – Народны Кансультатыўны Кангрэс (НКК), які складаецца з Савета Народных Прадстаўнікоў (550 членаў), выконваючага роля стала дзеючага парламента (СНП), і Савета Прадстаўнікоў Рэгіёнаў (128 членаў), надзеленага пераважна дарадчымі функцыямі па пытаннях узаемаадносін Цэнтра і рэгіёнаў (СПР). На май 2008, Старшыня НКК – Хідаят Нур Вахід, Старшыня СНП - Агунг Лаксана, Старшыня СПР – Гінанджар Картасасміта. Цяперашні склад парламента (СНП) сфарміраваны па выніках выбараў 5 красавіка 2004. Самымі буйнымі з'яўляюцца фракцыі Галкар (128 дэп.), Дэмакратычнай партыі барацьбы (109 дэп.), Партыі адзінства і развіцці (58 дэп.), Партыі дэмакратаў (57 дэп.), Партыі нацыянальнага адраджэння (52 дэп.) і Партыі справядлівасці і дастатку (45 дэп.).
Гісторыя [правіць]
Продкі інданезійцаў прыбылі на Малайскі архіпелаг каля 3-1 тыс. да н.э., верагодна, з поўдня Кітая. Ужо ў даіндускі перыяд насельніцтва Інданезіі мела ўласную цывілізацыю. Паступова ўзнікалі манархіі на ўзор індыскіх княстваў. Самай магутнай дзяржавай на астравах ў той час была Шрывіджая са сталіцай у Палембангу — гандлёвы цэнтр, які злучыў Усход з Захадам. Большасць насельніцтва складалі малайцы. У 8 стагоддзі на Яве вылучаліся шываісцкая дзяржава Матарам і будыйская — Шалейндара. У 9-10 стагоддзях дынастыя Шайлендраў, выцесненая з Явы, панавала ў Шрывіджаі. У 1117-1222 гадах на Яве існавала моцная марская дзяржава Кедыры, у 13-16 стагоддзях — магутная імперыя Маджапахіт, якая дасягнула росквіту ў 14 стагоддзі і падпарадкавала амаль усю тэрыторыю сучаснай Інданезіі. У 12-13 стагоддзях у вялікіх партах з'явіліся калоніі мусульманскіх купцоў з Аравійскага паўвострава і Індыі, чаму паспрыяў ажыўлены гандаль на марскім шляху паміж Блізкім Усходам і Кітаем. Мусульманскія пасяленцы значна паўплывалі на насельніцтва і ўладароў невялікіх марскіх княстваў, якія пачалі масава пераходзілі ў іслам. У 15 стагоддзі дасягнуў росквіту Малакскі султанат, уладары якога таксама прынялі іслам. Адсюль новая рэлігія, а зёй і арбаская культура і мова пашырыліся на ўсю Інданезіі. Павелічэнне магутнасці мусульманскіх султанатаў прывяло да заняпаду імперыі Маджапахіт. Палітычная разробленасць краіны аблегчыла пранікненне ў 16 стагоддзі еўрапейскіх каланізатараў. У 1511 годзе партугальцы захапілі Малакскі султанат, у 1521 годзе з'явіліся іспанцы, у 1596 годзе — галандцы. У 1602 годзе створана галандская Ост-Індская кампанія з цэнтрам у Батавіі (сучасная Джакарта). Яна падпарадкавала большасць дзяржаў на Яве, кантралявала гандаль ва ўсёй Інданезіі. Эканамічныя і палітычныя цяжкасці, войны з султанамі Явы і шматлікія паўстанні сталі прычынай фінансавага крызісу і ліквідацыі ў 1798 годзе кампаніі. Яе ўладанні перайшлі да Нідэрландаў. У перыяд напалеонаўскіх войнаў Інданезія трапіла пад панаванне Францыі, у 1811 годзе яе захапілі англічане. Паводле пагадненняў 1814 і 1824 гг. Вялікабрытанія вярнула Інданезію Нідэрландам. Каланіяльнае панаванне неаднойчы выклікала паўстанне (у 1825-30 пад кіраўніцтвам Дыпанегора, у 1837 годзе т.зв. паўстанне Падэры). Нацыянальна-вызваленчы рух актывізаваўся ў Першую сусветную вайну і пасля яе. Папулярнайй была Нацыянальная партыя на чале з Сукарна (заснавана ў 1927 годзе, забаронена нідэрландскімі ўладамі ў 1930 годзе). У часы Другой Сусветнай вайны акупіравана Японіяй (1942-45). 17 жніўня 1945 года Сукарна абвясціў незалежную Інданезійскую рэспубліку і выбраны яе прэзідэнтам. У верасні 1945 года ў Інданезіі высадзіліся брытанскія, а потым галандскія войскі, супраць іх пачаў барацьбу інданезійскі ўрад. Брытанскія войскі былі выведзены з Інданезіі ў сярэдзіне 1946 года, Нідэрланды паводле Лінгаджацкага пагаднення 1947 г. прызналі рэспубліку дэ-факта ў межах Явы, Мадуры і Суматры. З прычыны сабатажу галандцамі ўмоў пагаднення летам 1947 г. інданезійцы аднавілі ўзброенную барацьбу. Нідэрландцы вымушаны былі пагадзіцца на правядзенне ў 1949 годзе ў Гаазе канферэнцыі "Круглага стала". На ёй было абвешчана стварэнне Рэспублікі Злучаных Штатаў Інданезіі (РЗШІ), аб'яднаных з Нідэрландамі персанальнай уніяй. У жніўні 1950 года РЗШІ абвешчана унітарнай Рэспублікай Інданезія і ліквідавана унія з Нідэрландамі.
Незалежная Інданезія стала адным з ініцыятараў правядзення Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1957 годзе Сукарна аб'явіў аб замене "заходняй" парламенцкай дэмакратыі; была ўзмоцнена ўлада прэзідэнта, пашыраны функцыі адміністрацыі і войска. Адначасова Сукарна, нягледзячы на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, падтрымліваў рэформы, скіраваныя на ўвядзенне ў краіне сацыялістычнай гаспадаркі (гэтаму спрыяў афіцыйны культ асобы Сукарна). У 1963 годзе Інданезія пачала барацьбу супраць стварэння Федэрацыі Малайзіі. Палітычная і эканамічная сітуацыя ў краіне стала крытычнай. У 1965 годзе генерал Сухарта ў працэсе ліквідацыі спробы дзяржаўнага перавароту левых афіцэраў ("Рух 30 верасня") захапіў уладу. Разгром змоўшчыкаў перарос у масавыя рэпрэсіі супраць кампартыі. Быў сфарміраваны рэжым "новага парадку". Прэзідэнт Сухарта (з 1966 года часовы, у 1968-1998 афіцыйны) жорстка абмежаваў унутраную апазіцыю і паставіў галоўнай задачай эканамічны рост з дапамогай заходніх дзяржаў шляхам пераходу да рыначнай гаспадаркі. У 1975 годзе Інданезія аб'явіла сваёй 27-й правінцыяй Усходні Тымор, былую партугальскую калонію. У 1970-я гг. унутраная сітуацыя ў краінестабілізавалася. У пачатку 1980-х гг. пачаліся выступленні ісламскіх фундаменталістаў і іх сутыкненні з уладамі. Абранне Сухарты прэзідэнтам выклікала ў маі 1998 года паўстанне, якое завяршылася адстаўкай прэзідэнта.
Прырода [правіць]
Большасць за ½ тэрыторыі займаюць сярэдне- і нізкагор'і (набольшая вышыня да 5029 м — гара Джая на востраве Новая Гвінея). Вулканічныя і складкавыя горы цягнуцца праз астравы Суматра, Ява, Малыя Зондскія; каля 400 вулканаў, у т.л. больш за 100 дзеючых (найбуйнейшыя: Керынчы — 3800 м, Рынджані — 3726 м). Частыя землятрусы. Горы займаюць трасама цэнтральную частку вострава Калімантан, астравы Малукскія і Сулавесі. Нізіны размешчаны на паўночным усходзе вострава Суматра, на поўдні вострава Калімантан і на захадзе вострава Новая Гвінея. Карысныя выкапні: нафта (запасы каля 1 млрд. тон), прыродны газ (больш за 2 трлн. м³), вугаль (36 млрд.т), жалезныя руды, медзь, волава, баксіты, нікель, марганец, золата, серабро, кобальт, хром, уран, торый, алмазы, сера, фасфаты.
Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны (астравы Ява, Малыя Зондскія). Сярэдняя тэмпература па працягу года 25-27°С. У гарах (вышэй за 1500 м) бываюць замаразкі. Ападкаў у зонах экватарыяльнага клімату 2000-4000 мм (на захадзе Суматры больш за 6000 мм), субэкватарыяльнага — менш за 2000 мм (на паўднёвым захадзе Сулавесі да 540 мм), дзе з мая да кастрычніка засушлівы перыяд. Кліматычныя ўмовы дазваляюць займацца земляробствам увесь год і атрымлваць 3 ураджаі ў год. Галоўныя рэкі — Капуас і Барыта (Калімантан), Кампар (Суматра). Шмат невялікіх азёр у асноўным тэктанічнага і вулканічнага паходжання. Шматлікія гарачыя крыніцы. Глебы пераважна чырваназёмныя, латэрытныя, горныя латэрытныя, трапічныя балотныя, на паўднёвым усходзе месцамі чырвона-бурыя саванныя. Пад вільготнымі трапічнымі лясамі каля 65% тэрыторыі, больш за 2000 відаў дрэў, у тым ліку каля 300 відаў пальмаў, больш 24000 відаў кветкавых раслін. Растуць каштоўныя пароды дрэў: жалезнае, камфарнае, чорнае (эбенавае), сандалавае і інш. На поўдні — участкі саваннаў, у гарах — вышынная пояснасць.
Нацыянальныя паркі — Гунунг-Лёсер, Камода-Падар-Рынка, Уджунг-Кулон.
Эканоміка [правіць]
ВУП – каля 456 млрд.дол.ЗША (2007). Сярэднегадавы прыбытак на душу насельніцтва – 1900 дол.ЗША (2007)
Інданезія – аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прамысловасцю. Валодае значнымі запасамі нафты, газу, волава, каменнага вугалю, нікелю, золата. Маюцца багатыя запасы каштоўных парод трапічнай драўніны.
Інданезія з'яўляецца буйным экспарцёрам натуральнага каўчуку і пальмавага алею (2-е месца ў свеце), копры, кава, чаю і спецый, адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў вырабаў з трапічнай драўніны.
Добра развіты паветраны транспарт. Інданезія падтрымлівае рэгулярнае авіяцыйную сувязь з дзяржавамі Паўночнай Амерыкі, Азіі, Блізкага Усходу і Аўстраліяй. Пасля шэрагу авіякатастроф з удзелам самалётаў інданезійскіх авіякампаній у 2007 уведзены забарона на іх палёты ў краіны ЕС. Урад узмацніла жорсткасць меры кантролю за авіяперавозкамі. На востраве Ява маецца даволі густая сетка добрых аўтамабільных дарог. Чыгуначнае паведамленне развіта слаба. Марскі транспарт здзяйсняе ў асноўным грузавыя перавозкі.
Дачыненні з Рэспублікай Беларусь [правіць]
Дыпламатычныя адносіны ўсталяваныя ў 1993. Паміж краінамі падпісаны міжурадавыя пагадненні аб эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве, гандлёвае пагадненне.
У верасні 2010 абвешчана аб намеры адкрыць пасольства Рэспублікі Беларусь у Інданезіі[1].
Двухбаковыя гандлёва-эканамічныя сувязі паступова развіваюцца: гандлёвы абарот вырас з 1,8 млн. дол. ў 1995 да 144,5 млн. дол. у 2008. Беларускі экспарт: калійныя ўгнаенні і гетэрацыклічныя спалучэнні (з атамамі азоту). Імпарт: натуральны каўчук, пальмавы і какосавы алей, садавіна, арэхі, тканіны, радыётэлевізійная тэхніка.
Гл. таксама [правіць]
Літаратура [правіць]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2
Зноскі
| АСЕАН | |
|---|---|
| Члены | |
| Кандыдаты | |
| Сімволіка | Сцяг • Эмблема • Гімн |