Франкі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Франкі (лац.: Franci) — група заходнегерманскіх плямёнаў, якія аб'ядналіся ў плямённы саюз, упершыню згадваны ў сяр. 3 ст. У візантыйскай традыцыі франкамі называлі ўсе заходнееўрапейскія народы.

У 4 ст. франкі сталі федэратамі Рымскай імперыі, у 451 удзельнічалі ў бітве на Каталаўнскіх палях супраць гунаў. Да пач. 5 ст. франкі авалодалі Галіяй да ракі Сомы. Падчас наступнай франкскай заваёвы Галіі ў кан. 5 ст. утварылася Франкскае каралеўства, якое праіснавала да сяр. 9 ст. У сваім каралеўстве франкі былі пануючай этнічнай групай, але пры гэтым складалі нязначную меншасць насельніцтва і неўзабаве падвергліся гала-рымскай асіміляцыі. Даўжэй захоўвалі этнічную самабытнасць франкі, якія жылі на Рэйне і ў басейне Мааса.

Першапачаткова каралеўства кіравалася дынастыяй Меравінгаў. Пры Хлодвігу, памерлым у 511, дзяржава франкаў прыняла хрысціянства і дасягнула найбольшай магутнасці. З набыццём Бургундыі, Цюрынгіі і Баварыі яна яшчэ больш пашырыла свае межы. Падзел дзяржавы на тры часткі: Аўстразію, Нейстрыю і Бургундыю выклікаў зацяжныя войны, пакуль краіна ў 613 пры каралю Лотары не злучылася зноў пад адным берлам.

У 751 улада ў каралеўстве перайшла да дому Каралінгаў у асобе Піпіна Кароткага. Росквіт Франкскага каралеўства прыйшоўся на час сына Піпіна — Карла Вялікага, які прыняў імператарскі тытул (800) і нават прапаноўваў візантыйскай імператрыцы Ірыне (797802) аб'яднаць Заходнюю і Усходнюю Рымскія імперыі з дапамогай дынастычнага шлюбу. У гэты час аднавілася амаль парваныя зносіны паміж франкамі і Візантыяй, і ў каралеўства франкаў паступалі візантыйскія тавары — галоўным чынам дарагія і высокаякасныя тканіны. Па смерці Людовіка Набожнага, сына Карла Вялікага, дзяржава франкаў назаўсёды падзялілася па дагаворы ў Вердэне (843) на ўсходнюю і заходнюю часткі: Германію і Францыю адпаведна.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • История Франции, Т.1. М., 1972;
  • Корсунский А. Образование раннефеодального государства в Западной Европе. М., 1963.