Гуны
Гуны — качавы азіяцкі народ, які склаўся ва 2-4 ст. у Прыўраллі з цюркамоўных хуну, якія прыкачавалі з Цэнтральнай Азіі, і мясцовых уграў і сарматаў.
Распачаты ў 370-х масавы рух гунаў на захад даў штуршок г.зв. Вялікаму перасяленню народаў. Заваяваўшы аланаў Паўночнага Каўказа, гуны на чале са сваім правадыром Баламберам перайшлі Дон, разграмілі ў 375 годзе готаў у Паўночным Прычарнамор’і, падпарадкаваўшы вялікую частку остготаў і прымусіўшы вестготаў адступіць у Фракію. У 394—395 гады гуны, прайшоўшы праз Каўказ, спустошылі Сірыю і Кападокію, затым, асадзіўшыся ў Паноніі, рабілі набегі на Усходнюю Рымскую імперыю (Візантыю). У дачыненні да Заходняй Рымскай імперыі да сяр. 5 ст. гуны выступалі саюзнікамі ў барацьбе супраць германскіх плямёнаў. Падпарадкаваўшы шэраг германскіх і іншых плямёнаў, гуны ўзначалілі магутны саюз плямёнаў, які прадпрымаў паходы на многія краіны. Найбольшай магутнасці гуны дасягнулі пры Атыле (434—453). Прасоўванне гунаў на захад было спынена іх паразай у Галіі на Каталаўнскіх палях (451) ад аб’яднаных сіл рымлян, вестготаў і франкаў. Пасля смерці Атылы (453) яго дзяржава распалася, пачаліся звады, чым скарысталіся гепіды, якія ўзначалілі паўстанне германскіх плямёнаў супраць гунскага панавання. У Паноніі, у бітве на Недаа (455), гуны былі пабітыя і сышлі ў Прычарнамор’е. Спробы гунаў прабіцца на Балканскі паўвостраў у 469 пацярпелі няўдачу. Апошнія згадкі пра гунаў у крыніцах датычаць 6 ст., калі яны ваявалі ў войске ўсходнерымскага палклаводца Нарсеса ў Італіі. Пасля гэтага гуны як народ больш не згадваюцца.
Otto J. Maenchen-Helfen. The World of the Huns: Studies in Their History and Culture. University of California Press, 1973. / Отто Дж. Маенхен-Гельфен. Мир гуннов. Исследования их истории и культуры. Перевод с англ. В.С. Мирзаянова. Принстон США.
