Царква ў гонар Усіх Святых (Дольная Рута)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Царква ў гонар Усіх Святых
53°34′48″ пн. ш. 26°01′58″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Дольная Рута
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Навагрудская епархія
Архітэктурны стыль элементы стылю мадэрн
Дата пабудовы 1935 год
Map

Царква ў гонар Усіх Святых — праваслаўны храм у вёсцы Дольная Рута Карэліцкага раёна. Будаўніцтва царквы завершана ў 1935 годзе.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Царква з’яўляецца яркім прыкладам удалай стылізацыі візантыйскіх форм і рацыянальнага выкарыстання якасцей новых матэрыялаў. Тут канструктыўная логіка правобраза стала асновай прасторавай кампазіцыі. У той жа час мастацкі вобраз храма сфарміраваны з дапамогаю чыстых плоскасных аб’ёмаў, якія ствараюць дынамічную ўзаемасувязь асобных проста чытаемых форм.

Аднанефавая, зальнага тыпу бажніца перакрытая вальмавай страхою з цыбулепадобным шматгранным купалам на васьмерыку. Над бабінцам — аднаярусная званіца з шатровым завяршэннем, упрытык да якога прыстаўленыя яшчэ чатыры дэкаратыўныя купалкі-макаўкі. Такая трактоўка артадаксальнай «пяцікупальнасці», перанесенай з асноўнага аб’ёму на званіцу, зусім не традыцыйная. Аднак руплівая прапрацоўка пучка макавак рэзка кантрастуе з простымі кубічнымі аб’ёмамі ўсяе царквы, ствараючы сваеасаблівы кантрапунктны рытм, прымушаючы прастору гусцець, расцягвацца, дрыжаць, ствараючы іерархічную сістэму фокусаў і субдамінантаў.

Да бабінца прымкнуты двухкалонны, з выгляду мініяцюрны порцік, які падкрэслівае галоўны ўваход у храм. Шырока вынесеныя прыступкі лесвіцы, моцна вынесены порцік ствараюць самастойны модуль, пранікаючы ў навакольнае асяроддзе. Пры жорсткай ўзаемасувязі элементаў будынка тут прасочваецца памкненне да «ўцягвання» ў іх знешняй прасторы.

Сцены царквы Усіх Святых прарэзаныя высокімі і шырокімі аконнымі праёмамі (першапачаткова прамавугольнымі) у асноўным аб’ёме і некалькі меншымі ў сценах бабінца. Шырокія паўкруглыя праёмы пяцігаловай званіцы падкрэсліваюць не толькі яе лёгкасць, якая проціпастаўляецца ўсяму будынку, але і яе абсалютнае дамінаванне ў абліччы царквы.

Царква ў Дольнай Руце — характэрны помнік культавага дойлідства, які спалучае ў сабе традыцыйныя уяўленні і новую пластычную мову канструктывізму.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]