Шынекок

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шынекок
Shinnuhkock
Агульная колькасць 1292
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова моэган-пеквот
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы моэган, мантаўкет, пеквот, нехантукет

Шынекок (саманазва: Shinnuhkock, літаральна «людзі камяністага берага») — індзейскі народ, карэнныя насельнікі ўсходняй часткі Лонг-Айленда (ЗША). Агульная колькасць (2010 г.) — 1292 чал.

У першай палове XVII ст., калі пачаліся кантакты паміж еўрапейцамі і карэннымі жыхарамі Лонг-Айленда, шынекок насялялі паўднёва-ўсходнюю ўскраіну вострава. Займаліся рыбалоўствам і земляробствам, аднак найбольш важным заняткам з’яўляўся выраб вампумаў з ракавін малюскаў. Падчас ваенных дзеянняў паміж кантынентальнымі плямёнамі пеквот і нарагансет падвяргаліся нападам з боку пеквот. Каля 1641 г. заключылі пагадненне з Плімуцкай калоніяй, згодна з якім на ўсходзе Лонг-Айленда было пабудавана англійскае ўмацаванне. Аказвалі пурытанам дапамогу ў перакладзе Бібліі на індзейскія мовы.

Шынекок моцна пацярпелі ад эпідэміі воспы ў 1658 г. Насельніцтва стала скарачалася, таму былі вымушаны падпісаць пагадненне 1703 г., якое пазбаўляла іх значнай часткі племянных тэрыторый. У 1741 г. шатландскія прэсвітарыяне адчынілі місію для шынекок і мантаўкет, пры якой дзейнічала бясплатная школа. У 1792 г. шынекок трапілі пад апеку штата Нью-Ёрк. Да 1859 г. была вылучана плошча для рэзервацыі (3,2 км²).

У 2010 г. шынекок сталі федэральна прызнанай індзейскай нацыяй. З гэтага часу дзейнічае сістэма аўтаномнага самакіравання. У рэзервацыі на Лонг-Айлендзе жыве каля траціны прадстаўнікоў гэтага народа. Яны займаюцца рамёствамі, вырошчваннем малюскаў, абслугоўваюць турыстаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]