Японскі жывапіс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Тыгры і цмокі» Кано Санкраку

Японскі жывапіс — шырокі спектр жанраў і стыляў выяўленчага мастацтва Японіі. Вытокі выяўленчага мастацтва Японіі ўзыходзяць да распісной керамікі (да 3 ст. да н.э.) і пахавальных фрэсак (2-6 ст.). Росквіту японскі жывапіс дасягнуў з прыняццем будызму ў 6 стагоддзі (сценавыя роспісы Залатой залы ў манастыры Харудзі недалёка ад Нары). У 7 стагоддзі з’явіліся першыя «эмакі» — даўгія скруткі, якія часам дасягалі 15 метраў і з’яўляліся ілюстрацыяй гісторыі, літаратурных твораў (напрыклад, «Аповесць пра Гэндзі») альбо ілюстравалі прыдворныя цырымоніі. Скруткі-аповесці («эмакімано») разам з альбомнымі аркушамі і шырмамі — адна з формаў японскага жывапісу і менавіта тут выпрацаваўся японскі стыль жывапісу «ямато-э», свабодны ад кітайскага ўплыву.

Як і ў Кітаі, адным з цэнтральных жанраў японскага жывапісу быў пейзаж, вяршыняй якога стаў манахромны жывапіс «суйбоку-га» майстра Сэсю (15 ст.), а таксама яркія каляровыя творы школы Кано (канец 16 ст.). У 17 стагоддзі майстры школы Кано пачалі маляваць жанравыя сцэны. У 18-19 стагоддзях пейзаж, партрэт і жанр атрымліваюць новае развіццё ў каляровых ксілаграфіях стылю «укіё-э».

У сярэдзіне 19 стагоддзя японскі жывапіс быў адкрыты еўрапейцамі. Эстампамі Кацусіка Хакусая, Тасюсай Сяраку, Судзукі Харунобу захапляліся імпрэсіяністы, іх танюткія лініі зрабілі вялікі ўплыў на мастацтва мадэрна, а партрэты — на жывапіс экспрэсіянізму.