Яўген Аляксандравіч Старадзетка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яўген Аляксандравіч Старадзетка
Дата нараджэння 1 красавіка 1933(1933-04-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 13 кастрычніка 2007(2007-10-13) (74 гады)
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера тэхнічная кібернетыка
Месца працы
Навуковая ступень доктар тэхнічных навук (1976)
Навуковае званне
Альма-матар

Яўген Аляксандравіч Старадзе́тка[1] (нар. 1 красавіка 1933 — 13 кастрычніка 2007[2]) — вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі, доктар тэхнічных навук (1976), прафесар (1988). Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій (1996)[3].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў горадзе Барысаў. У 1951 годзе скончыў Барысаўскую сярэднюю школу № 1 і паступіў на механіка-машынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута. У красавіку 1957 года працаваў інжынерам-канструктарам на завадзе «Стройдарбуд» у горадзе Жодзіна, пазней — у адной з воінскіх частак Ленінградскай ваеннай акругі[2][4]. З 1958 года Я. Старадзетка на пасадзе вядучага інжынера-канструктара на Іжорскім заводзе цяжкага машынабудавання ў горадзе Колпіна[2]. У 1963 годзе паступіў у завочную аспірантуру пры Маскоўскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы імя М. Э. Баўмана і ў 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Некоторые вопросы построения алгоритмического языка для описания геометрической информации при автоматизации конструирования и черчения»[2]. У 1964—1969 гадах — начальнік секцыі матэматычнага аддзела, намеснік загадчыка аддзела, загадчык лабараторыі ў Праектным, тэхналагічным і навукова-даследчым інстытуце Міністэрства аўтамабільнай прамысловасці СССР у горадзе Горкі. У 1969 годзе быў пераведзены ў нанава створаны Навукова-даследчы і праектны інстытут механізацыі і аўтаматызацыі кіравання вытворчасцю ў аўтамабільнай прамысловасці на пасаду загадчыка аддзела даследавання, мадэлявання і распрацоўкі аўтаматызаваных сістэм канструявання. Адначасова — дацэнт кафедры ў Горкаўскім інжынерна-будаўнічым інстытуце[4]. У 1976 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Методы описания и преобразования геометрической информации в автоматизированных системах технической подготовки производства»[2].

У пачатку 1977 года Я. А. Старадзетка быў запрошаны на працу ў Акадэмію навук БССР і абраны на пасаду загадчыка лабараторыі метадаў сінтэзу аўтаматызаваных працэсаў праектавання Інстытута тэхнічнай кібернетыкі. З 1991 года займаў пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка, у 1977—2000 гадах — член савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі па абароне дысертацый пры інстытуце[4].

Памёр Я. А. Старадзетка 13 кастрычніка 2007 года[2]. Пахаваны ў горадзе Барысаў[2].

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар прац па тэорыі сістэм аўтаматызаванага праектавання (САПР), вылічальнай геаметрыі і машыннай графікі, тэорыі рухавікоў унутранага згарання. Распрацаваў метады сінтэзу аўтаматызаваных працэсаў праектавання і канструявання ў машынабудаванні, пабудовы нелінейных геаметрычных мадэлей, матэматычнага апісання лакальных паверхняў, якасны новы прынцып дзеяння рухавікоў унутранага згарання[1]. Разам з калегамі распрацаваў праблемна-арыентаваную геаметрычную мову праграмавання «Інканэл»-2А і транслятар, які ўжываўся ў 1970-х гадах у сістэмах аўтаматызаванага праектавання механічнай апрацоўкі тэхнічных аб’ектаў на станках з лічбавым праграмным кіраваннем. Было распрацавана сістэмнае і прыкладное праграмнае забеспячэнне па аўтаматызацыі канструявання помпаў, гідраўлічных турбін і аснасткі для халоднай ліставой штампоўкі[2].

Аўтар 3 манаграфій, а таксама кніг і брашур, выдадзеных у тым ліку ў сааўтарстве, вялікай колькасці навуковых публікацый. Аўтар больш за 20 патэнтаў на вынаходствы, зарэгістраваных у Беларусі, Расіі, ЗША і іншых краінах[2].

Падрыхтаваў 11 кандыдатаў навук[4].

Зноскі

  1. а б БелЭн 2002.
  2. а б в г д е ё ж з Стародетко Евгений Александрович // Выдающиеся математики Беларуси (руск.)
  3. Электронны каталог РНТБ (руск.)
  4. а б в г Известные земляки (руск.) // Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя. І. Х. Каладзеева

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]