Уладзіслаў Даўкша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 01:53, 30 лістапада 2018, аўтар KrBot (размовы | уклад) (+ {{ізаляваны артыкул}})
Уладзіслаў Аляксандр Даўкша
польск.: Władysław Aleksander Dauksza, літ.: Vladislovas Daukša
Дата нараджэння 24 ліпеня 1677
Месца нараджэння Ваўкавыскі павет
Дата смерці 18 красавіка 1747
Месца смерці Вільня
Грамадзянства Вялікае княства Літоўскае
Род дзейнасці прафесар, пісьменнік
Навуковая сфера тэалогія, філасофія
Месца працы Віленская акадэмія, Нясвіжскі езуіцкі калегіум, Крожскі езуицкі калегіум, Мінскі езуіцкі калегіум, Варшаўскі езуіцкі калегіум
Навуковая ступень доктар тэалогіі, доктар кананічнага права
Навуковае званне прафесар
Альма-матар Полацкі езуіцкі калегіум, Віленкая акадэмія

Уладзіслаў Аляксандр Даўкша (польск.: Władysław Aleksander Dauksza, літ.: Vladislovas Daukša; 24 ліпеня 1677, Ваўкавыскі павет – 18 красавіка 1747, Вільня[1]) – буйны дзеяч каталіцкага касцёла і Ордэна езуітаў. Доктар тэалогіі (1719), доктар кананічнага права (1722), педагог.

Уступіў у Таварыства Ісуса 9 жніўня 1695 г. у Вільні. Пасля выпрабаванняў у навіцыяце вывучаў філасофію ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1697–1700). Выкладаў у паэтыку ў Нясвіжы і Драгічыне. Курс тэалогіі прайшоў у Віленскай акадэміі (1703–1707). У 1706 г. быў высвечаны на ксяндза[2].

Прафесар рыторыкі для экстэрнаў у Мінскім езуіцкім калегіуме (1707–1708) і Віленскай акадэміі (1708–1709, 1710–1711); прафесар рыторыкі для клірыкаў-езуітаў у настаўніцкай семінарыі пры калегіуме ў Крожах (1709–1710). Выкладаў філасофію ў Віленскай акадэміі (1711–1714), а потым схаластычную тэалогію (1714–1719) і кананічнае права (1714–1715) ў Варшаўскім калегіуме схаластычную тэалогію (1719–1721) і кананічнае права (1720–1720) у Віленскай акадэміі. У 1711 г. атрымаў у Віленскай акадэміі ступень магістра філасофіі і вольных навук, роўную доктарскай ступені, у 1719 г. – ступень доктара тэалогіі, а ў 1722 г. – доктара кананічнага права[2].

Займаў высокія пасады ў структурах Таварыства Ісуса: прэпозіта Дому прафесаў у Вільні (1722–1723, 1738–1741), правінцыяла Літоўскай правінцыі ордэна (1723–1727, 1735–1738), рэктара Віленскай акадэміі (1727–1731, 1741–1745) і Варшаўскага езуіцкага калегіума (1731–1735). У 1730–1731 гг. быў дэлегатам XVI генеральнай кангрэгацыі ў Рыме, на якой новым генералам Таварыства Ісуса быў абраны Франц Рэц[2].

На пасадзе правінцыяла прыкладаў шмат намаганняў для развіцця школьнай справы езуітаў (пераадоленне негатыўных наступстваў Паўночнай вайны[3], абмежаванне фізічных пакаранняў у школах, падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў у дакладных навуках, накіраванне маладых езуітаў на вучобу за мяжу і г.д. ) і умацавання маёмаснага становішча ордэна ў даручанай яму правінцыі. Упарадкаваў сялянскія павіннасці ў езуіцкіх маёнтках і змагаўся са злоўжываннямі іх адміністрацыі[3][2].

Апошняй пасадай было рэктарства ў калегіуме пры касцёле Св. Рафала ў Вільні (1735–1747)[2].

Аўтар працы «Трактат супраць кальвіністаў і лютэран» (Traktat przeciw kalwinistom i lutrom, Вільня, каля 1719), панегірыка у гонар жамойцкага епіскапа Яна Мікалая Згерскага (Circus flaminius sanguinis Illustri... Illustrissimi Domini Joannis Nicolai Zgorski, episcopi Samogitiae... in primo in Cathedram suam ascensu a Collegio Crosensi SJ, Вільня, 1711) і драматычнага твора ў пяці актах Convivia dolus ad geniales Bacchi mensas (Вільня, 1709)[3][2].

Зноскі

  1. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  2. а б в г д е Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny / A.Królikowska. – Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie –Wydawnictwo WAM, 2017. – s. 51.
  3. а б в Пазднякоў, В. Даўкша Уладзіслаў Аляксандр / В. Пазднякоў // Электронная энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае».

Літаратура