Навіцыят

Навіцыя́т (ад лац.: noviciatus, novitiatus «новы, неспрактыкаваны», з novus «новы») — у Каталіцкай царкве перыяд паслушніцтва (г. зн. выпрабавання) навіцыяў, якія ўступілі ў манаскі ордэн.
Мінімальная працягласць навіцыяту ў лацінскім абрадзе складае 12 месяцаў, абавязкі заключаюцца ў выкананні агульных ордэнскіх правіл і спецыяльнай духоўнай працы над сабой у манастыры пад кіраўніцтвам спецыяльнага «настаўніка навіцыяў». Праходжанне навіцыяту — абавязковая ўмова для прынясення манаскіх зарокаў. Навіцый носіць асаблівае адзенне ордэна, якое адрозніваецца ад свецкага, выконвае статут ордэна і падпарадкоўваецца яго начальству, але ў любы момант можа пакінуць манастыр і вярнуцца да свецкага жыцця, хоць такі ўчынак можа стаць прычынай адмовы ў прыняцці ў навіцыят у будучыні.
Кананічнае права рэгулюе агульныя ўмовы прыняцця, праходжання і завяршэння навіцыяту, але больш дробныя асаблівасці жыцця навіцыяў спецыфічныя для кожнага манаскага інстытута. Навіцый павінен быць каталіком, не маладзейшым за 17 гадоў, свабодным ад сувязі шлюбу і якіх-небудзь зарокаў. Па заканчэнні ўсталяванага тэрміну праходжання навіцыяту настаяцель абшчыны прымае рашэнне пра далейшы лёс паслушніка — ён можа быць дапушчаны да прынясення зарокаў, выгнаны з абшчыны, або яму можа быць падоўжаны тэрмін навіцыяту.
У выпадку станоўчага рашэння ў адрас навіцыя ідзе прафесія — урачыстае прыняцце ў ордэн. Навіцый становіцца паўнапраўным манахам пасля пастрыжэння.
Ва ўсходнекаталіцкіх цэрквах тэрмін навіцыяту, як правіла, складае сама менш тры гады.
Навіцыятам называецца таксама памяшканне ў манастыры, прызначанае для навіцыяў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Новициат // Католическая энциклопедия. Т. 3. — М.: Изд. францисканцев, 2007. (руск.)