Перайсці да зместу

Іван Канстанцінавіч Дарашкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Канстанцінавіч Дарашкевіч
Янук Дарашкевіч у час службы ў царскім войску ў гады Першай сусветнай вайны. Фота 1915 г. З фондаў БДАМЛМ
Янук Дарашкевіч у час службы ў царскім войску ў гады Першай сусветнай вайны. Фота 1915 г. З фондаў БДАМЛМ
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 15 (27) студзеня 1890
Месца нараджэння
Дата смерці 24 лютага 1943(1943-02-24) (53 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Мова твораў беларуская
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Іван Канстанцінавіч Дарашкевіч (15 (27) студзеня 1890[1], в. Мялешкі, цяпер Падляскае ваяводства, Польшча — 24 лютага 1943, в. Фяцішчава, Болхаўскі раён, Арлоўская вобласць, РСФСР) — беларускі паэт.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 15 (27) студзеня 1890[1] года ў вёсцы Меляшкі, недалёка ад мястэчка Грудак Гродзенскай губерні ў мнагадзетнай сялянскай сям'і. Бацькі Івана мелі 8 гектараў зямлі і 7 дзяцей, сярод якіх Іван быў старэйшы. Пачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы, потым вучыўся ў Гарадку, дзе пасябраваў з аднагодкам і будучым паэтам Сцяпанам Пяцельскім[2].

Скончыў у 1909 годзе Свіслацкую настаўніцкую семінарыю[3]. Настаўнічаў на Гродзеншчыне[3], у тым ліку ў вёсках Сямёнаўка і Кулі[2]. Працуючы ў Кулях, ён пакахаў мясцовую прыгажуню Кацярыну, якая да ўсяго іншага мела добры голас і ведала шмат народных песень, якія вельмі любіў слухаць і запісваў Іван. У 1913 годзе ён ажаніўся з 18-гадовай Кацярынай Маркаўнай Буцько і неўзабаве, відавочна, восенню 1913 г. па невядомай прычыне пераехалі ў Літву ў в. Даўкшы каля Панявежыса, дзе малады настаўнік амаль год працаваў у мясцовай школе[2].

У час Першай сусветнай вайны восенню 1914 года Дарашкевіч быў мабілізаваны ў царскую армію і накіраваны ў школу прапаршчыкаў. Прыхільна спаткаў рэвалюцыю 1917 г., служыў у Чырвонай Арміі[4]. Непасрэдна пасля грамадзянскай вайны вярнуўся ён разам са сваёй сям'ёй, жонкай Кацярынай і дзвюма дочкамі, Нінай і Людмілай, у Мялешкі. Польскія ўлады настаўніцкай працы Івану не давалі. Праз некалькі гадоў ён з сям'ёй выехаў у Савецкі Саюз[2].

Большую частку жыцця пражыў Іван Дарашкевіч у Варонежы. У вольны час пісаў вершы, але ўжо толькі для сябе, перакладаў Адама Міцкевіча. Быў заўзятым паляўнічым і рыбаловам, цікавіўся радыётэхнікай, захапляўся разьбой[2].

У час Вялікай Айчыннай вайны з Варонежа пайшоў на фронт. Загінуў у баі ў ноч з 23 на 24 лютага 1943 г. каля вёскі Фяцішчава Болхаўскага раёна Арлоўскай вобласці. Дом, у якім жылі Дарашкевічы ў Варонежы, быў разбураны ў час вайны, загінуў увесь рукапісны архіў паэта[2]. Пахаваны ў брацкай магіле за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Крыўцова Болхаўскага раёна[1][5].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

3 1909 пад псеўд. Янук Д. і Каршун друкаваў у газеце «Наша ніва» вершы і допісы[3] на тэму вясковага жыцця[2].

У 1914 г. паэт сабраў рукапіс сваіх вершаў пад назвай «Абразкі» і даслаў у «Нашу ніву», маючы намер выдаць зборнік асобнай кніжкай. У вершаванай прадмове да кнігі ён пісаў: «У што гарачым сэрцам верыў, чым жыў, чым далей буду жыць, тут запісаў я на паперы...»[2] Але ён не выйшаў у свет з прычыны пачатку вайны[2].

Доўгі час творы паэта прыпісваліся ягонаму сябру М. Арлу (С. Пяцельскаму)[2]. Яго творчасць развівалася ў рэчышчы беларускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай паэзіі, прасякнута суперажываннем чалавечаму гору, болем за лёс абяздоленых, патрыятычнымі матывамі («Доля», «Стогн», «Псалм CXXXVI»). Інтымнай лірыцы паэта ўласцівы рамантычны парыў, глыбіня пачуццяў («Як засвецяць у небе зоры»), часам элегічнасць («Шкада разбітых мар»)[3]. У 2014 г. Сяргей Чыгрын уклаў і выдаў у Мінску зборнік паэтычнай спадчыны паэта “Маркотныя зоры”[4].

Працуючы народным настаўнікам у Сямёнаўцы і Кулях, запісваў беларускія народныя песні, якія, па ўсім відаць, ён вельмі любіў і запісы іх разам з нотамі дасылаў у Пецярбург вядомаму беларускаму фалькларысту Антону Грыневічу. Можна меркаваць, што некаторыя з іх маглі быць перададзены А.Грыневічу «Нашай нівай»[2].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]