Іван Палікарпавіч Казарынаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Палікарпавіч Казарынаў
Дата нараджэння 1798
Дата смерці 28 жніўня 1852(1852-08-28)
Дзеці Міхаіл Іванавіч Казарынаў
Званне генерал-маёр
Узнагароды і званні
ордэн Святога Георгія IV ступені ордэн Святога Уладзіміра 3 ступені ордэн Святой Ганны 2 ступені ордэн Святога Станіслава 2 ступені Ордэн Жалезнай кароны Медаль «За ўціхамірванне Венгрыі і Трансільваніі»

Іван Палікарпавіч Казарынаў (руск.: Иван Поликарпович Казаринов; 1798 — 28 жніўня 1852) — ваенны дзеяч Расійскай імперыі, генерал-маёр (1852).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1798 г. у сям’і рускага праваслаўнага святара Івана Палікарпавіча Казарынава і належаў да святарскага саслоўя. Хрышчаны ў праваслаўе. Атрымаў адукацыю ў праваслаўнай духоўнай семінарыі ў г. Вятка, якую скончыў 1818 г. са званнем студэнта. Паступіў на вайсковую службу ў 1818 г. радавым (шараговым) — спачатку служыў у 1818—1836 гг. у 12-м Літоўскім лейб-гвардыі палку. У 1822 г. за выдатную службу быў пераведзены з унтэр-афіцэраў у прапаршчыкі. Пасля атрымання афіцэрскага звання атрымаў спадчыннае дваранства Расійскай імперыі.

У час Лістападаўскага паўстання (1830—1831) разам са сваім палком перабазіраваўся з Варшавы ў г. Высока-Літоўск (Высокае), адкуль паручнік Казарынаў па распараджэнні начальства быў прызначаны ў рэзерву гвардзейскага атрада, які фарміраваўся ў г. Нясвіж, а пасля ў складзе рэзервовых рот палка быў адпраўлены у Санкт-Пецярбург. У 1836 г., маючы чын капітана, Іван Казарынаў атрымаў званне падпалкоўніка і быў прызначаны на пасаду камандзіра (1836—1840) Мітаўскага ўнутранага гарнізоннага бальёна. У 1840—1845 гг. быў камандзірам Віленскага ўнутранага гарнізоннага бальёна. У 1843 г. атрымаў званне палкоўніка.

1 студзеня 1845 г. прызначаны на пасаду камандзіра (1845—1852) Чарнігаўскага пяхотнага палка. У лютым 1846 г. Чарнігаўскі полк увайшоў у склад Келецкага атрада, які паступіў пад камандаванне 8-й пяхотнай дывізіі генера-лейтэнанта Панюціна, каб падавіць паўстанне ў Кракаве і Галіцыі; у 1848 г. прымаў удзел у падаўленні Венгерскай рэвалюцыі. У 1852 г. атрымаў званне генерал-маёра. Памёр 28 жніўня 1852 г.

Узнагароды: ордэн Св. Станіслава 2-й ступені; ордэн Св. Ганны 2-й ступені; ордэн Св. Уладзіміра 3-й ступені; ордэн Св. Георгія 4-й ступені (за 25-гадовую выслугу); Аўстрыйскі ордэн жалезнай кароны 2-й ступені; срэбны медаль за задушэнне паўстання (мяцяжу) у Венгрыі (1849); знак адрознення за 25 год бездакорнай службы.

Быў двойчы жанаты. Ад першай жонкі Лізаветы Іванаўны меў аднаго сына — Міхаіла Іванавіча Казарынава (1835—1885). Ад другой жонкі — дачкі купца 1-й гільдыі г. Рыгі Ганны Аляксандраўны Лявонцьевай (нар. каля 1820 г.) меў тры сыны і дзве дачкі, праваслаўных: 1) Аляксандр (нар.13 мая 1843 г.); 2) Ганна (нар. 4 мая 1845 г.); 3) Мікалай (нар. 14 жніўня 1847 г.); 4) Марыя (нар. 27 верасня 1848 г.); 5) Уладзімір (нар. 9 красавіка 1852 г.). Вянчанне з другой жонкай адбылося 23 мая 1842 г. у Пятрапаўлаўскім саборы г. Рыгі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гербоўнік беларускай шляхты / Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Т. 8, ч. 1 : К (Каборды — Карэцкія) / [Я. С. Глінскі (кіраўнік), Д. Ч. Матвейчык, Ю. М. Снапкоўскі]. — Беларусь, 2022. — 926 с.