Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Афіша Першай беларускай трупы

Ігнат Цярэнцьевіч БУЙНІЦКІ (10 (22) жніўня 1861, в. Палівачы Празароцкай вол., цяпер Глыбоцкі р-н — 9 (22) верасня 1917) — беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра, удзельнік літаратурнага жыцця.

Нарадзіўся ў сям'і дробнага шляхціца. Скончыў Рыжскае землямернае вучылішча, вучыўся ў прыватнай драматычнай студыі ў Вільні. Працаваў у родных мясцінах каморнікам. У 1907 г. у сваёй сядзібе ў Палівачах (каля Празарокаў) заснаваў самадзейны тэатр, дзе спачатку прымалі ўдзел яго сваякі. Тэатр даваў канцэрты і спектаклі ў Палівачах, Празароках і навакольных вёсках. Вывучаў беларускія песні, танцы, народнае адзенне.

У Вільні 12 лютага 1910 г. тэатр Буйніцкага прыняў удзел у прадстаўленні, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Першая беларуская вечарынка ў Вільні». Выступленне танцавальнай трупы Буйніцкага мела на гэтай вечарыне каласальны поспех. Разам з новымі драматычнымі акцёрамі і спевакамі трупа стала прафесійнай і атрымала назву «Першая беларуская трупа» або «Тэатр Ігната Буйніцкага». У 1910—1913 г. тэатр гастраляваў па Беларусі (Мінск, Слуцк, Полацк), двойчы выступаў у Пецярбургу (1911, 1912), а таксама ў Варшаве (1913).

І. Буйніцкі падтрымліваў свой тэатр уласнымі сродкамі. У рэпертуары тэатра былі песні, танцы, невялікія сцэнкі, пастаноўкі п'есаў «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» Маркі Крапіўніцкага, «Хам» і «У зімовы вечар» паводле Элізы Ажэшкі, «Міхалка» братоў Далецкіх, «Сватанне» Антона Чэхава, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, Янкі Купалы, Альберта Паўловіча і інш. У большасці гэта былі пастаноўкі І. Буйніцкага, таксама ён іграў у ролях: Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Ігнась («Модны шляхцюк» Каганца), Аляксей («У зімовы вечар» Ажэшкі). І. Буйніцкі меў сяброўскія і творчыя кантакты з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Элізай Ажэшкай, Змітраком Бядулем, Цёткай (якая сама ўдзельнічала ў спектаклях трупы як актрыса). Яшчэ пры жыцці яго называлі бацькам беларускага тэатру. Ігнат Буйніцкі ўпершыню вывеў «мужыцкі» танец на сцэну, як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычарпальныя магчымасці і прыгажосць беларускіх народных танцаў. Як драматычны акцёр выступаў пераважна ў характарных ролях, умела выяўляў гумар і тонкую іронію.

Тэатру ўвесь час даводзілася пераадольваць прыдзіркі цэнзуры і ўсялякія перашкоды мясцовых уладаў, якія бачылі ў дзейнасці трупы пагрозу вялікадзяржаўнай палітыцы царызму. З-за матэрыяльных цяжкасцяў і ўціску царскіх уладаў у 1913 г. дзейнасць трупы была спыненая.

У 1914 г. Буйніцкі паспрабаваў стварыць новую трупу, аднак 1-я сусветная вайна перашкодзіла здзейсніць гэтую задуму. У пачатку 1917 г. Буйніцкі з'явіўся ініцыятарам арганізацыі прафесійнага тэатра ў Мінску — Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. У час 1-й сусветнай вайны быў на вайсковай службе ў Маладзечне. Памёр на сцэне ў час рэпетыцыі, займаючыся салдацкай мастацкай самадзейнасцю. Быў пахаваны на мясцовых могілках, перазахаваны ў Празароках на цэнтральнай плошчы. Сядзіба Ігната Буйніцкага, якая знаходзілася за чыгуначным пераездам Палівачы, не захавалася.

У в. Празарокі ў будынку сярэдняй школы створаны музей заснавальніка беларускага тэатра (адкрыты ў 1982 г.), дзе прадстаўленыя афішы спектакляў, здымкі трупы, лісты Зоські Верас і Зыгмунта Абрамовіча, успаміны празароцкіх старажылаў. У скверы — магіла Ігната Буйніцкага і помнік яму (устаноўлены ў 1975 г.; скульптар І. Міско).

Літаратура

  • Няфёд У. І. Беларускі тэатр. Нарысы гісторыі. — Мн., 1959. С. 84-105.