Янка Купала

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Янка Купала
Іван Дамінікавіч Луцэвіч
Kupala Janka.jpg
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні:

Іван Дамінікавіч Луцэвіч

Псеўданімы:

Янка Купала, адзін з «парнаснікаў», Вайдэльота, Здарэнец, Левы, Марка Бяздольны, Ня-Гутнік, Стары Мінчук, Янук з-пад Мінска, Янук Купала

Дата нараджэння:

7 ліпеня 1882(1882-07-07)

Месца нараджэння:

Вязынка, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя

Дата смерці:

28 чэрвеня 1942(1942-06-28) (59 гадоў)

Месца смерці:

Масква, РСФСР, СССР

Пахаванне:

Вайсковыя могілкі

Грамадзянства:

ССРБ, СССРFlag of Russia.svg Расійская імперыя (да канца яе існавання)

Бацька:

Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч[d]

Маці:

Бянігна Іванаўна Валасевіч[d]

Жонка:

Уладзіслава Францаўна Луцэвіч

Альма-матар:

Маскоўскі гарадскі народны ўніверсітэт імя А. Л. Шаняўскага[d]
Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута[d]

Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці:

празаік, паэт, драматург

Гады творчасці:

19031940

Мова твораў:

беларуская[1]

Прэміі:

Сталінская прэмія

Узнагароды:

Ордэн Леніна

Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Я́нка Купа́ла, сапр. Іва́н Даміні́кавіч Луцэ́віч (25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882, фальв. Вязынка былой Радашковіцкай воласці (цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць) — 28 чэрвеня 1942, Масква; Псеўданімы і крыптанімы: Адзін з «парнаснікаў»; Вайдэльота; Здарэнец; Левы; Марка Бяздольны; Ня-Гутнік; Стары Мінчук; Янук з-пад Мінска; Янук Купала; К.; І. К.; Я. К.; К-а; Л.; І. Л.; Л. І.) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН БССР (1928), АН УССР (1929).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба Луцэвічаў у в. Вязынка. Дом-музей Янкі Купалы

Іван Луцэвіч нарадзіўся ў фальварку Вязынка Вілейскага павета ў сям'і арандатара Дамініка Ануфрыевіча Луцэвіча і яго жонкі Бянігны Валасевіч, якія належалі да саслоўя мяшчан (прыпісаны да мяшчан Мінска) і былі каталікамі. Сам Іван Луцэвіч у часы Расійскай імперыі таксама быў каталіком і адносіўся да катэгорыі мяшчан (прыпісаны да мяшчан Мінска), а ў савецкія часы заяўляў, што належыць да сацыяльнай катэгорыі «служачыя». Дамінік Луцэвіч належаў да роду збяднелай шляхты, якая не змагла ў часы Расійскай імперыі дакументальна даказаць сваё шляхецкае паходжанне і зацвердзіць свой род у статусе расійскага дваранства. Старэйшы продак па бацьку ўпамінаецца ў дакументах XVII ст. Маці паэта паходзіла з рубяжэвіцкай шляхты.

Магіла Бянігны Луцэвіч

Скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча (1898). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, потым хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у маёнтку Беліца памешчыка Караля Свяцкага ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні (1904), практыкантам і памочнікам вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Мінскам, на бровары ў Яхімоўшчыне на Маладзечаншчыне, у маёнтку Дольны Сноў Наваградскага павета (1905—1908), супрацоўнікам «Нашай нівы» і адначасова бібліятэкарам бібліятэкі «Веды» Б. Даніловіча (Вільня, 1908—1909). У пачатку снежня 1909 з рэкамендацыйным лістом У. Самойлы да Б. Эпімах-Шыпілы пераехаў у Пецярбург, дзе вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева (1909—1913), працаваў у Публічнай бібліятэцы, удзельнічаў у рабоце навукова-літаратурнага гуртка беларускіх студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. 3 кастрычніка 1913 зноў у Вільні: сакратар «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—1915).

Вокладка першага зборніку вершаў «Жалейка», 1908 г.

З набліжэннем фронту 8.8.1915 эвакуіраваўся з Вільні, жыў у Арле, у верасні 1915 выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. Са студзеня 1916 на вайсковай службе: некалькі месяцаў служыў у Мінску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін, потым у Полацку, Смаленску. 3 1916 жанаты з Уладзіславай Луцэвіч. У ліпені 1918 атрымаў пасаду агента па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці. Разам з М. Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1919, пасля абвяшчэння БССР, пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопіс «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920-22). У час 1920-22 цяжка хварэў, аднак, акрыяўшы, зноў вярнуўся да актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці. 3 пачатку 1921 намеснік загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, уваходзіў у склад Акададэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, член навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядала прадстаўленыя да друку творы (пазней яна называлася камісіяй і Я. Купала быў яе старшынёй); адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), БДУ (1921), Інбелкульта (з 1922 яго правадзейны член), літаратурнага аб'яднання «Полымя». Янка Купала ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).

Неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям. У 1921 на паэта быў накладзены хатні арышт і канфіскаваны рукапісы. У 1930 былі раскулачаны маці і сястра паэта. Летам 1930 у друку з'явіўся артыкул Л. Бэндэ «Шлях паэта», у якім Янка Купала абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». Купалу выклікалі на допыты ў ДПУ; яму інкрымінавалася лідарства ў «Саюзе вызвалення Беларусі». 20.11.1930 пасля «гутарак» у ДПУ ён зрабіў спробу самагубства, але быў выратаваны. У снежні 1930 быў вымушаны апублікаваць у «Звяздзе» «пакаянны» ліст, у якім паэт вымушаны быў прызнавацца ў «памылках» і «шкодных поглядах», абяцаў парваць з «кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам» і «аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву». У 1930-я гады творы Купалы падвергліся значнай цэнзурнай праўцы, у т.л. творы са зборнікаў «Жалейка» і «Гусляр». У 1937 над паэтам чарговы раз навісла пагроза арышту — яго імя апынулася ў спісе мяркуемых ахвяр. Арышту ўдалося пазбегнуць.

Купала быў у гушчы літаратурнага і грамадскага жыцця: ён удзельнічаў у розных камітэтах па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур (У. Караленка, М. Лермантаў), быў дэлегатам тагачасных урачыстых літаратурных форумаў і з'ездаў, удзельнічаў у рабоце І з'езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на І з'езд ССП СССР, у склад новага бюро секцыі паэзіі ССП БССР (1937), прэзідыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. У 1939 ён удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927-29, член ЦВК БССР у 1929-31, 1935-38. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1940.

Магіла Янкі Купалы

Вялікая Айчынная вайна заспела яго ў Каўнасе. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941 з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў у Маскву. 3 лістапада 1941 ён жыў у пас. Пячышчы каля Казані. 3 самага пачатку вайны Я. Купала актыўна ўключыўся ў барацьбу. Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР (у Казані), дзе выступіў з дакладам «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя». Яго палымяны верш «Беларускім партызанам», публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў газетах «Правда», «Известия», «Красная звезда» і інш.

18 чэрвеня 1942 Я. Купала прыехаў у Маскву і праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква» пры нявысветленых абставінах — упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха. Існуе тры версіі — няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.

У ліпені 1962 урна з прахам Янкі Купалы перавезена ў Мінск і перапахавана на Вайсковых могілках.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) за зборнік «Ад сэрца».

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Паэзія[правіць | правіць зыходнік]

Рукапіс верша «Жняя» (1911)

Першыя творы Купалы — некалькі польскамоўных сентыментальных вершаў, надрукаваныя ў 19031904 у часопісе «Ziarno» («Зерне») пад псеўданімам К-а. Першы верш на беларускай мове — «Мая доля» датуецца 15.7.1904. Беларускамоўны дэбют у друку — публікацыя 15.5.1905 у газеце «Северо-Западный край» верша «Мужык». Дэбют у беларускамоўным друку — верш «Касцу» («Наша ніва», 11.5.1907), летам 1907 у «Нашай ніве» з'яўляюцца і іншыя творы Я. Купалы. Раннім вершам Я. Купалы ўласціва падабенства да фальклору і беларускай паэзіі 19 ст. На працягу 19061907 Я. Купала напісаў паэмы «Зімою», «Нікому», «Адплата каханнем», 18.12.1908 у «Нашай ніве» апублікавана паэма «У Піліпаўку», у тым жа годзе скончана праца над паэмамі «Адвечная песня» і «За што?». Тэматыка твораў — прыгнечанае і бяспраўнае жыццё беларускага селяніна, краса роднага края, прыгажосць стваральнай працы чалавека. Ужо ў ранніх творах Купалы акрэсліваецца ідэя свабоды — нацыянальнага, сацыяльнага і духоўнага разнявольвання чалавека — як вызначальная ідэя ўсёй яго творчасці.

Партрэт Я. Купалы. А. М. Бразер. Каля 1926
Зборнік вершаў «Жалейка» (1908)

У 1908 пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» выпусціла першы зборнік паэта «Жалейка», якую двойчы канфіскоўвалі. Другі зборнік вершаў «Гусляр» (1910) выдадзены лацінкай у Пецярбургу А. Грыневічам. У адрозненне ад «Жалейкі» з яе элегічнасцю, плачам над адвечнай нядоляй селяніна ў «Гусляры» выразна выяўляецца рамантычнае светаадчуванне аўтара, акрэсліваецца філасофская, экспрэсіўная плынь яго лірыкі, паўстае рамантычны вобраз паэта як «сына міра», як прарока, які спазнаў таямніцы свету і жадае данесці іх да людзей. Менавіта ў гэтым зборніку найбольш выразна адбілася рамантычнае раздваенне душы лірычнага героя, у якой суіснуюць адчуванні далучанасці да Сусвету, пачуццё абранасці і высокай наканаванасці чалавека, а з другога боку — бяссілле і адчай пры сутыкненні з рэчаіснасцю.

Зборнік «Шляхам жыцця» (1913)

Творча плённым, узлётным для Я. Купалы быў перыяд 1910—13, калі ён выдаў трэці паэтычны зборнік «Шляхам жыцця» (1913). Зборнік быў фактычна вяршынным дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры, а яго аўтар стаў бясспрэчным яе лідарам. У вершах гэтага выдання выразна выявіўся патрыятызм і глыбінны гістарызм паэта, найбольш яскрава ўвасобілася ідэя свабоды і абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Паэт імкнуўся абудзіць у чытача пачуцце гордасці і ўдзячнасці да продкаў, якія былі здольныя захоўваць сваю дзяржаўнасць і незалежнасць, бараніць зямлю ад ворагаў, развіваць адметную культуру («Над Нёманам», «На куццю», «На дзяды» і інш.). Многія з твораў, дзе развіваліся такія матывы, у пазнейшы час былі забаронены, не ўключыліся ў збор твораў і не перадрукоўваліся да канца 1980-х г. Нацыянальны характар творчасці Купалы праяўляўся і ў вершах рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, у якіх паэт апяваў набліжэнне светлых перамен у жыцці, услаўляў будучыню, прадвесцем якой для яго быў створаны паэтычным уяўленнем вобраз Маладой Беларусі, абуджанай да гістарычнага самасцвярджэння. У вобразе Прарока (Званара, Гусляра), які прымаў аблічча Падарожнага, Незнаёмага, паэт прадракаў Вялікі Сход, дзе будзе вырашаны нацыянальны лёс гарадоў і сацыяльны лёс працоўных. У паэмах «Курган» (нап. 1910), «Бандароўна» (нап. 1913), «Магіла льва» (нап. 1913), драматычнай паэме «Сон на кургане» (нап. 1910), паэме-ідыліі «Яна і я» (нап. 1913) ён зарэкамендаваў сябе буйнейншым прадстаўніком нацыянальнага рамантызму. У сімвалічных вобразах і карцінах Янка Купала стварыў шырокае палатно нацыянальнага быцця ў яго сацыяльна-гістарычным зрэзе. У 1914—15 з'явіліся цыкл яго вершаў «Песні вайны», шэдэўры любоўнай лірыкі.

На працягу трох наступных гадоў Купала, перажываючы разам з народам цяжкі перыяд нацыянальнай гісторыі, паэтычных твораў не пісаў, зноў пачаў тварыць у канцы 1918. Яго вершы той пары «Званы», «Буралом», «Спадчына», «Рунь», «Першы снег», «Паязжане» і інш. — гэта роздум пра гістарычныя шляхі Бацькаўшчыны, прасякнуты ўласцівай паэту філасофскай глыбінёй. Гэтыя творы ўвайшлі ў чацвёртую паэтычную кнігу «Спадчына» (1922). Да зборніка негатыўна паставілася тагачасная крытыка, якая чакала ад паэта ўслаўлення рэвалюцыі і прынесеных ёю перамен. Янка Купала заставаўся песняром Бацькаўшчыны, палітычнае становішча якой у гэты перыяд было вельмі складаным. Мастацкі позірк паэта імкнуўся вылучыць сутнасць падзей, іх суаднесенасць з каштоўнасцю кожнага асобнага чалавека. Ён бачыў і адчуваў, як у рэвалюцыйнай віхуры нішчацца і руйнуюцца лёсы, як родныя людзі становяцца па розныя бакі барыкад, як пошукі выйсця абарочваюцца бездарожжам. Таму ў яго лірыцы па-ранейшаму гучалі драматычныя і трагічныя ноты.

У савецкі час таксама выйшлі кнігі паэзіі «Безназоўнае» (1925), «Апавяданні вершам» (у 2 кнігах, 1926), паэмы «Магіла льва» (1927), «Над ракою Арэсай» (1933), «Курган» (1987), зборнікі «Адцвітанне» (1930), «Песня будаўніцтву» (1936), «Беларусі ардэнаноснай» (1937), «Ад сэрца» (1940), «Беларускім партызанам» (вершы і артыкулы, Масква, 1942), кнігі выбраных вершаў, паэм, Зборы твораў у 6-ці (1925—1932), 3-х (1928—1932), 6-ці (1951—1954, 1961—1963), 7-мі (1972—1976) тамах. Многія вершы пакладзены на музыку. Для дзяцей неаднаразова выдаваліся вершы «Хлопчык і лётчык», «Алеся» і інш.

Янка Купала — класік беларускай літаратуры, традыцыі пісьменніка ўплывалі на беларускіх паэтаў розных пакаленняў. Паэт і педагог Рыгор Рэлес адзначаў яго ўплыў на яўрэйскіх пісьменнікаў, якія працавалі ў Беларусі ў міжваенны перыяд (асабліва на Ізі Харыка і Майсея Кульбака)[2]. У 1980-х гг. стаў вядомы яго верш "Жыды". Асаблівае значэнне спадчына Янкі Купалы набыла ў канцы 1980-х г., калі былі надрукаваны раней забароненыя яго творы (паэмы «Калека», «На Куццю» і інш.).

Драматургія[правіць | правіць зыходнік]

Драма «Раскіданае гняздо» (Вільня, 1919)

Янка Купала — прызнаны нацыянальны драматург. Аўтар драматычных паэм «Адвечная песня» (Пецярбург, 1910, пастаўлена ў 1921) і «Сон на кургане» (Пецярбург, 1912, пастаўлена ў 1928), п'есы «Паўлінка» (Пецярбург, 1913, пастаўлена Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні ў 1913, у 1952 па спектаклю тэатра імя Я. Купалы створаны аднайменны кінафільм, у 1973 — аперэта), драматычнай паэмы «На папасе» (1913, ставілася самадзейнасцю), драмы «Раскіданае гняздо» (Вільня, 1919, пастаўлена Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі ў Мінску ў 1917, аднайменны кінафільм — у 1982), сцэнічнага жарту «Прымакі» (1920, ставіўся самадзейнасцю ў 20-я гады, у тэатры пастаўлены ў 1936), п'есы «Тутэйшыя» (1924, пастаўлена БДТ-1 у 1926), драматычнага абразка «На Куццю» (Вільня, 1928).

Як і ў лірыцы, у персанажах сваёй драматургіі (Паўлінка і Якім Сарока, Сымон Зяблік, Алена Гарошка і Янка Здольнік) Купала ўвасобіў духоўныя памкненні чалавека, далучанага да перадавых ідэй свайго часу, яго высокія маральныя якасці, права кіравацца ў сваіх учынках уласным выбарам, жаданне знайсці справядлівасць. Ім створаны каларытныя, драматургічна насычаныя тыпажы камічнага і сатырычнага плана (Адольф Быкоўскі, Крыніцкія і Пустарэвічы ў «Паўлінцы», Мікіта Зносак у «Тутэйшых»).

Сатырычная камедыя «Тутэйшыя», у якой гучала ідэя нацыянальнай незалежнасці Беларусі, доўгі час была ў ліку забароненых твораў. Цэнтральным персанажам гэтага твора з'яўляецца сама Беларусь — як адзіная непадзельная каштоўнасць, якую імкнуцца падзяліць ці падпарадкаваць сабе кожныя новыя ўладары ў пераломны час. У 1989 выйшлі «Паэмы. Драматычныя творы», куды ўключана і трагікамедыя «Тутэйшыя».

Публіцыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Я. Купала таксама выступаў як публіцыст і літаратурны крытык. Ён стаяў ля вытокаў нацыянальнай публіцыстыкі і журналістыкі як самастойнай галіны літаратурнай дзейнасці. Яго дарэвалюцыйная публіцыстычныя творы заклікалі да паляпшэння сацыяльнага становішча шырокіх народных мас Беларусі («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», 1910; «3 гуты „Залессе“», 1911), закраналі праблемы нацыянальнай самасвядомасці («Святкаванне Купалы ў Вільні», 1912; «Вера і нацыянальнасць», «Ці маем мы права выракацца роднай мовы», абодва 1914, і інш.). У 1913 артыкулам «Чаму плача песня наша?» Янка Купала прыняў удзел у вядомай дыскусіі з В. Ластоўскім (Юркам Верашчакам), у ходзе якой фактычна выпрацоўваліся і сцвярджаліся эстэтычныя прынцыпы тагачаснай беларускай літаратуры. У публіцыстыцы перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны Купала пісаў аб шляхах беларускага народа да нацыянальнага самавызначэння, закранаў праблемы нацыянальнай палітыкі савецкай улады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як прадстаўнік нацыянальнай гуманістычна настроенай інтэлігенцыі ён прапаведаваў ідэал нацыянальнай рэвалюцыі, якая дазволіла б кожнаму народу стаць гаспадаром свайго лёсу, і супрацьпастаўляў яе рэвалюцыі сацыяльнай («Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», 1920). Погляды Янкі Купалы вызначаліся дэмакратызмам, адмаўленнем насілля, сцвярджэннем прыярытэту агульначалавечых духоўных каштоўнасцей над класавымі. У гады Вялікай Айчыннай вайны публіцыстычным словам ён заклікаў да змагання супраць фашызму.

У 1972 выйшла кніга «Публіцыстыка».

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Ў шкапу за шклом «Жалейка» з «Шляхам»,
А побач змораны «Гусьляр»…
На іх глядзіць з-пад акуляр
Поэта сумны з нейкім жахам.

Прайшло-мінула колькі год -
Здалёк напеўныя руляды…
Ён твор зьмяніў на пераклады,
А Юрку нават на факстрот.

І толькі прыйдзе тое лета,
Як думкі шмыгаюць у сад.
Там лера дбайнага поэты
Бранчыць рыдлёўкай каля град.

Ц. Гартны. «Янку Купалу (эпіграма)».[3]

Купала пераклаў на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам), міжнародны пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал», польскі тэкст у п'есах В. Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія» і «Залёты», лібрэта оперы «Галька» С. Манюшкі, паэму А. Пушкіна «Медны коннік», шэраг вершаў і паэм Т. Шаўчэнкі, асобныя творы М. Някрасава, І. Крылова, А. Кальцова, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага, У. Бранеўскага, Е. Жулаўскага, П. Панча і інш.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Помнікі Янку Купалу пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Вязынцы, Ляўках, Араў-Парку ў Нью-Ёрку. У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Створаны мемарыяльныя запаведнікі «Вязынка», «Ляўкі», «Акопы». Яго імя прысвоена Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру ў Мінску, колішняму Інстытуту літаратуры АН Беларусі, Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, шэрагу бібліятэк, школ, вуліц у гарадах і пасёлках Беларусі. У 1959 устаноўлена Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы, з 1965 Дзяржаўная прэмія імя Янкі Купалы ў галіне літаратуры, мастацтва і выканаўчага майстэрства. Яго творчасць мае сусветнае прызнанне: у 1982 у Беларусі і па рашэнні ЮНЕСКА ва ўсім свеце ўрачыста святкавалася 100-годдзе з дня нараджэння народнага песняра. У 2012 плошча імя Янкі Купалы з'явілася ў ізраільскім горадзе Ашдодзе, у 2015 на гэтай плошчы быў устаноўлены памятны знак у гонар паэта[4].

Помнікі[правіць | правіць зыходнік]

У філатэліі[правіць | правіць зыходнік]

У фалерыстыцы[правіць | правіць зыходнік]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Зб. тв. Т. 1-6. Мн., 1925-32;
  • Зб. тв. Т. 1-6. Мн., 1952-54;
  • Спадчына. Нью-Ёрк; Мюнхен, 1955;
  • Зб. тв. Т. 1-6. Мн., 1961-63;
  • Зб. тв. Т. 1-7. Мн., 1972—1976;
  • Поўны зб. тв.: У 9 т. Т. 1-8. Мн., 1995—2002.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 http://data.bnf.fr/ark:/12148/cb11955702q
  2. http://belisrael.info/?p=5592
  3. ЛіМ. — 1932. — № 15 ад 5 жніўня. — С.4
  4. http://www.svaboda.org/content/article/27440498.html
  5. Л. Банькоў Значкі купалаўскія // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 252.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мн., 1981.
  • Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1986.
  • Сачанка, Б. «Сняцца сны аб Беларусі…»: Загадка смерці Янкі Купалы // ЛіМ. 1988. 19, 26 жн.
  • Сачанка, Б. «У сведкі запісы пакліча…» // ЛіМ. 1989. 20 студз.
  • Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. — Мн., 1993.
  • Купала Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995., Т. 3.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Купала, Янка. Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала. — Т. 9. Кн. 1. Пераклады; Эпісталярная спадчына; Дарчыя надпісы; Расейска-беларускі слоўнік; Калектыўнае; Службовыя і асабістыя дакументы; Дадатак. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. — 686 с.
  • Гніламёдаў, У. Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995.
  • Колас, Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Ярош М. Пясняр роднай зямлі :Жыццё і творчасць Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн., 2003.
  • Янка Купала і Якуб Колас у кантэксце славянскіх літаратур. — Мн., 2002.
  • Янка Купала і еўрапейскі літаратурны працэс. — Мн., 2003.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]