Інвентары

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Інвентар)
Jump to navigation Jump to search
Сядзібны дом маёнтка Кавалеўшчына каля Стоўбцаў. Малюнак з інвентара пачатку XVIII стагоддзя.[1]

Інвентары ў Беларусі і Літве (ад лац. inventarium ― вопіс) ― вопісы шляхецкіх уладанняў XVIXVIII стагоддзяў. Найважнейшая крыніца па гісторыі маёмасных і аграрных адносін у Еўропе. Падзяляюцца на поўныя і кароткія.

Поўныя інвентары[правіць | правіць зыходнік]

Звычайна складаліся з трох частак. Першая частка змяшчала звесткі пра ўсе сядзібныя пабудовы, іх планіроўцы; далей ішлі звесткі пра маёмасць, даходы і крыніцы даходаў.

Другая частка змяшчала звесткі пра воласці з пазначэннем вуліц гарадоў, мястэчак і вёсак, якія ўваходзілі ў шляхецкае ўладанне. Падаваліся звесткі па кожным двары, па прысядзібных участках, колькасці ворыўнай зямлі, колькасці сенажацяў. У XVI — першай палове XVII стагоддзяў інвентары валасцей вяліся па валоках, а дзе не дзейнічала «Устава на валокі» ― па службах. У аснове «Уставы на валокі» ляжаў абмер зямлі на стандартныя зямельныя ўчасткі ― валокі, якія станавіліся адзінкай абкладання павіннасцямі (служба ― зямельны ўчастак, які знаходзіўся ва ўладанні двух і болей дымоў). Пры кожнай валоцы пазначаліся пайменна ўсе сяляне, якія карысталіся яе доляй. У другой палове XVII—XVIII стагоддзяў праводзілася павалочна-падворныя інвентары, дзе ўжо ўлічваліся і сялянскія двары ― дымы[2].

У трэцяй частцы пералічваліся ўсе віды шляхецкіх павіннасцей, падаткі, іх памер і тэрміны выплат, умовы земле- і лесакарыстання.

У апошняй чвэрці XVIII стагоддзя інвентары ўжо давалі апісанне кожнага двара, падзелаў і ўгоддзяў; уносіліся сямейнікі гаспадара з пазначэннем узросту, часам ― батракі, пералічвалася скаціна.

Кароткія інвентары[правіць | правіць зыходнік]

Кароткія інвентары былі двух відаў. Першыя змяшчалі інфармацыю пра шляхецкую гаспадарку ці пра воласць.

Другія — берчакі ― пералічвалі сялянскую гаспадарку з пазнакай падзелу і чыншу (натуральнага і грашовага).

Кароткія інвентары праводзіліся па загадзе буйных шляхецкіх землеўладальнікаў для вызначэння ўзаемаадносін з іншымі землеўладальнікамі і насельніцтвам.

Зноскі

  1. Города, местечки и замки Великого княжества Литовского: энциклопедия / ред.совет: Т. В. Белова (пред.), Саламаха В. П. (глав.ред.) [и др.]. — Мн.: БелЭн, 2009. — С. 32. — 312 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0432-7.
  2. Козловский П. Г. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в. ― Мн., 1974.(руск.)