Нараджэнне Хрыстова (абраз з Латыгава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Латыгаўскі майстар
Абраз Нараджэнне Хрыстова. 1746
Матэрыял дошка, яечная тэмпера
Памеры 82 × 64×2-3 см
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск
(інв. ДБЖ-61)

Абраз Нараджэнне Хрыстова — абраз з царквы вёскі Латыгава, напісаны ў 1746 годзе Латыгаўскім майстрам. Адлюстроўвае развіццё беларускай школы жывапісу ў XVIII ст. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі[1].

У XVIII ст. абраз становіцца ўвасабленнем эстэтычных уяўленняў грамадства, таму ў гэты час ён пераўтварыўся ў сродак і форму барацьбы за незалежнасць, захаванне нацыянальнай культуры. Іканапіс гэтага часу выявіў арыентацыю на народныя густы, зварот да традыцый папярэдніх эпох, своеасаблівую фалькларызацыю. Парушэнню кананічнасці абразоў садзейнічалі пошукі рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці, увядзенне ў абраз бытавых дэталяў, з'яў паўсядзённага жыцця. Гэта прывяло да своеасаблівай прымітывізацыі вобразаў, характэрнай і для абраза Нараджэнне Хрыстова з Латыгава, напісанага ў гэты час[2].

Гравюра «Нараджэнне Хрыстова» з куцеінскага «Трэфалагіёна» (1647)

Верагодна, што для напісання абраза Латыгаўскі майстар карыстаўся ў якасці пратографу гравюру «Нараджэнне Хрыстова» з куцеінскага «Трэфалагіёна» (1647), размясціўшы кампазіцыю люстэркава. У абразе выкарыстаны этнаграфічныя элементы, так, напрыклад, структура страхі хаты аналагічная саламяным страхам сялянскіх хат і гаспадарчых пабудоў[3]. Верагодна, мастак маляваў тое, што бачыў у сваёй мясцовасці. Цікава, што ў гэтым выпадку ажыццяўлялася не проста перайманне кампазіцыі з гравюры (што было вельмі распаўсюджана ў той час), але таксама і ўвядзенне «аўтарскіх» дэталяў і элементаў[4].

У 1898 г. абраз быў вывезены з царквы вёскі Латыгава ў Віцебскае сховішча старажытнасцей. Экспанаваўся на 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўцы 1926 года і трапіў у яе «Каталёг старажытнага мастацтва» пад рэдакцыяй М. Шчакаціхіна. У 1975 годзе абраз рэстаўравалі расійскія майстры[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Правую палову абраза займаюць фігуры Маці Божай і Святога Іосіфа, прадстаўленыя ў поўны рост і ў буйным маштабе на фоне хлява з саламянай страхой. Перад імі — спавіты немаўлятка Хрыстос з німбам у ззянні Спаса-Праабражэння. Злева ад яго стаяць тры каралі з падарункамі, а над імі, на цёмным воблаку, што нібыта робіць яго нябачным для ўсіх, арханёл Міхаіл, які асвятляе радасную падзею Віфлеемскай зоркай. Выява арханёла Міхаіла ў гэтым сюжэце з'яўляецца некананічным аўтарскім прыёмам, але пры гэтым ёй адведзена амаль чвэрць кампазіцыі[5].

Вогненна-чырвоныя плашчы на Маці Божай і арханёле Міхаіле арнаментаваны залатымі шасціканцовымі зоркамі, якія сімвалізуюць гармонію Сусвету, што адносіць іх да вышэйшай нябеснай іерархіі. Крыху наіўная трактоўка сюжэта з ролевай акцэнтацыяй, выяўленай у рознамаштабнасці персанажаў, вельмі даходліва даводзіць да простага верніка глыбокую семантыку сакральнай падзеі[5].

Зноскі

  1. а б Арцём КУМЕЛЬСКІХ. Магія сакральнай даўніны Архівавана 10 верасня 2016.
  2. Выяўленчае мастацтва Беларусі ХVІІІ стагоддзя
  3. Іканапіс Беларусі XV—XVIII стагоддзяў / Аўтар тэксту і складальнік Н. Ф. Высоцкая. Мінск, 2001.
  4. Галіна Флікоп. Іконаграфічныя матэрыялы ВКЛ XVI—XVIII стагоддзяў — захавальнікі звестак пра народную культуру беларусаў
  5. а б Тамара ГАБРУСЬ. Створаныя разам з Небам. Вобраз анёла ў сакральным мастацтве