Перайсці да зместу

Ава (гуарані)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ава
(avá)
Агульная колькасць 196 900 (2021)
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Амерыка
Мова гуарані
Рэлігія політэізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы астатнія гуарані, гуараю, н'яндэрэта, чанэ

Ава (саманазва: avá «людзі»), у мінулым вядомыя як чырыгуана (ісп.: Chiriguanos) — індзейскі народ у Паўднёвай Амерыцы. Жывуць пераважна ў Балівіі, таксама ў Аргенціне, Бразіліі і Парагвае. Агульная колькасць (2021 г.) — 196 900 чалавек[1][2].

Археолагі сцвярджаюць, што гуарані маглі сяліцца на ўсходніх перадгор’ях Анд не пазней за IV ст. н. э. Аднак першыя звесткі пра заходнюю плыню гуарані з’явіліся толькі ў XVI ст. у сувязі з іх кантактамі з дзяржавай інкаў. Апошнія далі ім назву чырыгуана (літаральна «дзікуны»). Двухгадовая вайна інкаў супраць чырыгуана скончылася беспаспяхова.

Пасля заваявання дзяржавы інкаў іспанцамі ўплыў чырыгуана на ўсходзе Анд і ў рэгіёне Гран-Чака значна павялічыўся. Магчыма, гэтаму садзейнічала далейшая міграцыя гуарані, якія прыходзілі ў якасці саюзнікаў разам з іспанскімі экспедыцыямі з Асунсьёна. Яны былі знаёмы з агнястрэльнай зброяй і еўрапейскай ваеннай тактыкай. Чырыгуана заваявалі і часткова асімілявалі аравакаў чанэ. Напады гуарані на паселішчы, падначаленыя іспанцамі, выклікалі ўзаемную варожасць. У 1574 г., 1584 г., 1727 г., 1750 г., 17931799 гг., 1800 г., 1805 г. іспанцы арганізоўвалі ваенныя дзеянні супраць чырыгуана, аднак не здолелі дасягнуць істотных вынікаў. Чырыгуана не мелі сваёй дзяржавы, іх ваенныя альянсы складаліся толькі на пэўны час, яны часта перамяшчаліся з месца на месца, так што не толькі ваенныя экспедыцыі ў Гран-Чака, але і спробы перамоў былі бясплённымі.

Заходнія гуарані не імкнуліся прыняць хрысціянства. У другой палове XVIII ст. францысканцы стварылі шэраг місій, куды прываблівалі чырыгуана і чанэ, але іх насельніцтва не набыло значных памераў, як раней у езуіцкіх місіях на паўднёвым усходзе. Супраць каталіцызму выступалі шаманы, якія арганізавалі шэраг паўстанняў. Да таго ж іспанамоўныя жывёлагадоўцы таксама падазрона адносіліся да дзейнасці місіянераў, паколькі разлічвалі захапіць індзейскія землі самастойна. Падчас вайны за незалежнасць Балівіі францысканцы былі выгнаны з краіны і аднавілі сваю дзейнасць толькі ў 1845 г.

Адносіны паміж заходнімі гуарані і ўрадам Балівіі заставаліся вельмі складанымі. Неўраджаі 1830-х гг. вымушалі чырыгуана рабіць напады на буйныя жывёлагадоўчыя гаспадаркі іспанамоўных крэолаў. Апошнія дамагліся перадачы часткі зямель індзейцаў у сваю ўласнасць і ў другой палове XIX ст. пры падтрымцы ўлад пачалі захоп тэрыторый. Балівійская армія задушыла паўстанні гуарані ў 18741877 гг. і 1892 г. Пасля гэтага назва «чырыгуана» перастала выкарыстоўвацца. У Балівіі карэннае гуаранійскае насельніцтва стала прынята называць «усходнебалівійскімі гуарані». У 1930-х гг. у краіне ўзнік рух за правы гуарані. Яго чальцы паступова ўпадабалі саманазву ава. Падчас Чакскай вайны частка нашчадкаў чырыгуана апынулася на тэрыторыі Парагвая. Акрамя таго, з другой паловы XIX ст. усходнебалівійскія гуарані пераязджалі на працу ў Аргенціну, дзе склалася их устойливая дыяспара.

Адначасова ў XX ст. саманазву ава прыняла група гуарані, што насяляла землі на ўсход ад Параны, і не была гістарычна звязанай з нашчадкамі чырыгуана з XVI ст. Яе прадстаўнікі размаўляюць на іншым дыялекце і жывуць у Парагваі, Бразіліі і Аргенціне. Гэта стварае пэўную блытаніну ў вызначэнні пры перапісах насельніцтва і нават у навуковых працах, але не замінае дзвюм групам гуарані кантактаваць паміж сабою. У нашы дні галоўнымі праблемамі ава застаюцца неабароненасць у дачыненні правоў на зямлю, а таксама беднасць.

Зноскі