Перайсці да зместу

Перапіс насельніцтва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Перапіс насельніцтва — працэс збору, абагульнення, ацэнкі, аналізу і публікацыі дэмаграфічных, эканамічных і сацыяльных дадзеных аб насельніцтве, якое пражывае на адпаведны момант часу ў краіне альбо на яе выразна абмежаванай частцы.

У складзе Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе,калі нашая краіна ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Па даных гэтага перапісу насельніцтва Беларусі ў сучасных яе межах склала 6,38 млн. чал.

У складзе СССР

[правіць | правіць зыходнік]

У 1926 годзе, ужо пасля двух узбуйненняў БССР 1924 і 1926 гадоў, прайшоў усесаюзны перапіс насельніцтва. У БССР, пражывала 4,983 млн. чал. З іх:

  • беларусаў - 4 017 301 чал.
  • гарадское насельніцтва склала 847 830 чал.
  • мужчын - 2 439 801 чал.

Перапіс, што прайшоў у 1937 годзе зафіксаваў страты насельніцтва пасля праведзеных рэпрэсій, даныя аб пісьменнасці і рэлігійнай прыналежнасці казалі аб няўдачах у палітыцы правядзення ліквідацыі непісьменнасці і антырэлігійнай прапаганды. Таму рэзультаты гэтага перапісу былі прызнаныя шкодніцкімі, а іх арганізатараў рэпрэсіравалі.

У пачатку 1939 года, яшчэ да ўз'яднання БССР з Заходняй Беларуссю, прайшоў наступны перапіс: насельніцтва БССР па стане на 17 студзеня склала 5,57 млн. чал.(з іх беларусаў - 5,27 млн. чал.) Пасля ўз'яднання на Беларусі пражывала ўжо каля 11 млн. чал.

У 1949 годзе перапіс, даныя якога маглі паказаць наколькі пацярпела Беларусь ад вайны, не быў праведзены. І новы перапіс у СССР прайшоў толькі ў 1959 годзе. У нашай краіне па стане на 15 студзеня пражывала 8,054 млн. чал. (з іх беларусаў - 7,91 млн. чал.)

Пасля 1959 года перапісы насельніцтва ў СССР сталі праводзіцца перыядычна, кожныя 10 год. Вось іх даныя па Беларусі:

  • 1970 г. - 9,002 млн. чал. (з іх беларусаў - 7,3 млн. чал.)
  • 1979 г. - 9,560 млн. чал.

Даныя па нацыянальнасцях пры правядзенні перапісу 1979 г.

нацыянальнасць тыс. чал. (%)

  1. беларусы — 7 568,0 (79,4)
  2. рускія — 1 134,1 (11,9)
  3. палякі — 403,2 (4,2)
  4. украінцы — 231,0 (2,4)
  5. яўрэі — 135,4 (1,4)
  6. татары — 10,9 (0,1)
  7. цыгане — 8,4 (0,1)
  8. літоўцы — 7,0 (0,1)
  9. малдаване — 2,9 (0,03)
  10. армяне — 2,8 (0,03)
  • 1989 г. - 10,20 млн. чал. (з іх беларусаў - 10,003 млн. чал.)

У 1991 годзе колькасць насельніцтва Беларусі склала 10,3 млн. чал. У 1993 годзе ўпершыню для пасляваеннай Беларусі смяротнасць перавысіла нараджальнасць, пачалася дэпапуляцыя.

У Рэспубліцы Беларусь

[правіць | правіць зыходнік]

Першы перапіс насельніцтва ў незалежнай Беларусі адбыўся ў 1999 годзе: у Беларусі жыве 10,2 млн. чал.

Перапіс насельніцтва Беларусі ў 2009 г.

[правіць | правіць зыходнік]

Апошні перапіс праводзіўся з 14 па 24 кастрычніка 2009 года. Паводле даных перапісу 2009 г. на Беларусі жыве 9, 504 млн. чал. Беларусаў з іх - 7,957 млн. чал. (83,7 % ад агульнай колькасці).

Акрамя таго, 66 чалавек прыналежаць да літвінаў, 13 - да палешукоў (з роднай беларускай мовай), і адзін - да палешчукоў (з роднай беларускай мовай).[1].

Перапіс насельніцтва Беларусі ў 2019 годзе

[правіць | правіць зыходнік]

З 4 па 30 кастрычніка 2019 года ў Беларусі прайшоў чарговы перапіс насельніцтва.

Зноскі

  • Геаграфія Беларусі: навуч. дапаможнік для 10-га кл./ М. М. Брылеўскі, Г. С. Смалякоў, Н. Ц. Яльчык. — Мн.: Нар. асвета, 2007. — 373с.
  • Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі:са старажытных часоў да нашых дзён/Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.:БелЭн, 2002. — 464с.
  • Беларуская ССР. Кароткая Энцыклапедыя. У 5-ці т. Т.4/І. П. Шамякін і інш. — Мн.: «Бел. Сав. Энцыклапедыя», 1981. — 712 с.