Ада Бірк

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Ада Бірк
Ado Birk
Ада Бірк
3-ці прэм'ер-міністр Эстоніі
28 ліпеня — 30 ліпеня 1920
Папярэднік: Яан Тынісан
Пераемнік: Яан Тынісан
 
Адукацыя: Санкт-Пецярбургская духоўная акадэмія[d]
Дзейнасць: палітык, дыпламат, адвакат
Веравызнанне: праваслаўе
Нараджэнне: 14 лістапада 1883(1883-11-14)
Ліфляндская губерня,
Расійская імперыя цяпер Вільяндзімаа,
Эстонія
Смерць: 2 лютага 1942(1942-02-02) (58 гадоў)
Сосьва, Свярдлоўская вобласць

Ада Бірк (эст. Ado Birk, 14 лістапада 1883 — 2 лютага 1942, Сосьва) — эстонскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат.

Скончыў Рыжскае духоўнае вучылішча (1899), Рыжскую духоўную семінарыю (1905), вучыўся ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, вывучаў права ў Тартускім (1907—1908) Санкт-Пецярбургскім (1908—1911) і Лейпцыгскім (1911) універсітэтах.

Быў адным з заснавальнікаў Эстонскага саюза сялянства і Эстонскай радыкальна-дэмакратычнай партыі, затым членам Эстонскай народнай партыі. У 1917—1919 — член Эстонскага земскага савета, у 1917 быў яго часовым сакратаром. У 1918 прадстаўляў Эстонію ў Хельсінкі. У 1918—1919 — старшыня Эстонскага земскага савета і Генеральнага камітэта па выбарах ва Устаноўчы сход. У 1919—1920 — намеснік старшыні Устаноўчага сходу. У лістападзе 1919 — ліпені 1920 г., жніўні — кастрычніку 1920 — міністр замежных спраў. 28 ліпеня — 30 ліпеня 1920 (на працягу трох дзён) быў прэм'ер-міністрам. Член Рыйгікогу першага склікання. У 1922—1926 — пасол Эстоніі ў Маскве.

Бірк знаходзіўся ў канфліктных адносінах з міністрам замежных спраў Антсам Пійпам. У 1926 быў звольнены ў адстаўку. У ліпені 1926 савецкая газета «Известия» апублікавала два дакументы, падпісаныя Біркам. У адным з іх ўтрымлівалася рэзкая крытыка знешняй палітыкі ўрада Эстоніі (у тым ліку збліжэння з Польшчай, накіраванага, паводле яго слоў, супраць СССР) і просьба пра адстаўку. У другім заяўлялася, што з-за нейкіх абвінавачванняў у яго адрас, у Эстоніі, ён вымушаны падоўжыць сваё знаходжанне ў СССР у якасці прыватнай асобы.

У 1927 Бірк нечакана з'явіўся ў місіі Нарвегіі ў Маскве, дзе папрасіў прытулку. Высветлілася, што ў чэрвені 1926 ён быў запрошаны ў Народны камісарыят замежных спраў, дзе супрацоўнік гэтага ведамства Лаганоўскі падвергнуў яго шантажу (абвінаваціўшы ў незаконных фінансавых аперацыях) і запатрабаваў стаць негалосным агентам савецкіх спецслужбаў. Бірк змог бегчы, але быў затрыманы пры спробе таемна выехаць у Фінляндыю. Пад ціскам ён быў вымушаны падпісаць два дакументы, апублікаваныя у «Известия». Пасля гэтага Бірк жыў пад кантролем ГПУ ў Варонежы і на Каўказе, а затым вернуты ў Маскву, дзе ўтрымліваўся пад вартай. Падчас дазволенай яму прагулкі на Вараб'ёвых гарах Бірк скарыстаўся прыступам астмы ў ахоўніка і зноў бег — на гэты раз у нарвежскую місію.

У сакавіку 1927 Бірку было дазволена выехаць у Эстонію. У тым жа годзе ён паўстаў перад Вярхоўным судом па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе, але быў апраўданы. Аднак палітычная і дыпламатычная кар'ера Бірка скончылася. 14 чэрвеня 1941 года арыштаваны органамі НКУС і адпраўлены ў лагер, дзе прысуджаны да расстрэлу. Сканаў да прывядзення прысуду ў выкананне.