Праваслаўная царква

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Праваслаўная царква — другая па колькасці членаў, пасля Каталіцкай, Хрысціянская царква ў свеце, якая налічвае каля 225 мільёнаў паслядоўнікаў[1]. Часам называецца таксама «Праваслаўнай царквой візантыйскай традыцыі» або «Усходняй праваслаўнай царквой».

Праваслаўная царква сцвярджае, што з’яўляецца адзінай святой саборнай і апостальскай Царквой, якая складае Цела Хрыстова, а Ісуса Хрыста прызнае сваім Кіраўніком[2].

Праваслаўная царква складаецца з 15 аўтакефальных памесных цэркваў.

Вучэнне Праваслаўнай царквы змяшчаецца ў Святым паданні, якое ўключае ў сябе, акрамя Святога Пісання, вызначэнні Сусветных і некаторых памесных сабораў, прынятыя ўсёй Царквой, каноны (зводы правілаў апосталаў, Сусветных і некаторых памесных сабораў), зацверджаныя Царквой літургічныя тэксты, творы Айцоў Царквы, жыціі святых, а таксама звычаі Царквы[3]. Пры гэтым Святое паданне, у разуменні святаайцоўскай літаратуры, «ёсць жыццё Святога Духа ў Царкве». Святое Пісанне для праваслаўных хрысціян з’яўляецца найважнейшай формай Святога падання[4].

Праваслаўе (калька з грэчаскага слова ὀρθοδοξία (артадоксія) — «правільнае меркаванне»), першапачаткова — тэрмін, які абазначаў супрацьлегласць гетэрадоксіі («памылка ерэтыкоў»). Узнік у II стагоддзі ў Сусветнай царкве для абазначэння адрознення яе вучэння ад поглядаў розных расколаў, ерасей і сект, якімі лічыліся іншыя хрысціянскія і псеўдахрысціянскія кірункі. У дактрынальных дакументах часта ўжываўся як сінонім тэрміна «кафалічны» (у лацінскай традыцыі — «каталіцкі»)(καθολικός). Трэба, аднак, адзначыць, што блытаць гэтыя тэрміны не варта: пад «кафалічнасцю» ў багаслоўі маецца на ўвазе палната і цэласнасць Царквы Хрыстовай, яе прасторавая, часавая і якасная ўніверсальнасць.

Гісторыя царквы да 1054 года з’яўляецца часткай гісторыі Сусветнай Праваслаўнай Царквы, ад якой, на погляд праваслаўных, у выніку шэрагу памылак і скажэнняў праваслаўнага вучэння (напрыклад: філіокве, дагмат аб беззаганным зачацці Багародзіцы, вучэнне пра Чысцец, дагмат аб непамыльнасці рымскага першасвятара ў пытаннях веры і маралі, дагмат аб першаснасці ў хрысціянскай царкве рымскага епіскапа (у лацінскай традыцыі — «біскупа») і г.д.) і Сімвала веры адкалолася Каталіцкая царква. Вучэнне апошняй назвалі «каталіцтвам» і разглядаюць як ерась там, дзе яно супярэчыць праваслаўнаму.

У 2019 годзе адбыўся разрыў адносін Рускай Праваслаўнай Царквы з Канстанцінопальскім патрыярхатам[5].

Зноскі