Аландскі крызіс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Аландскі крызіс (шведск.: Ålandsfrågan, фінск.: Ahvenanmaan kysymys) — канфлікт паміж урадам Фінляндыі і насельніцтвам Аландаў па пытанні дзяржаўнай прыналежнасці астравоў. Адна з першых спраў мірнага ўрэгулявання Лігі Нацый.

Пасля пераходу Фінляндыі са складу Швецыі ў склад Расійскай імперыі ў 1809 уплыў шведскай культуры пачаў слабець. У 1860-х сярод фінскай інтэлігенцыі паўстаў рух фенаманіі — пашырэння ўжывання фінскай мовы ў паўсядзённай гутарцы, які падтрымалі і імперскія ўлады. Гэта выклікала сур'ёзную занепакоенасць шведскай меншасці, якое складала большасць насельніцтва Аландскіх астравоў. Пасля абвяшчэння незалежнасці Фінляндыі ў 1917 яны накіравалі петыцыю шведскаму каралю Густаву V з просьбай аб далучэнні астравоў да Швецыі.

Шведскія ўлады, занятыя Першай сусветнай вайной і ўнутранымі праблемамі, спачатку не звярнулі ўвагі на аландскую петыцыю. Але пасля пачатку фінскай грамадзянскай вайны яны выслалі невялікую флатылію для эвакуацыі жадаючых з астравоў. Калі жадаючых не апынулася, камандзір флатыліі прыняў рашэнне застацца на Аландах у якасці міратворчых сіл для аховы шведскага насельніцтва, што выклікала трывогу фінскага кабінета міністраў.

Шведская паштовая марка 1922 года, прысвечаная шведскім тэрыторыям у Фінляндыі

Прэм'ер-міністр Швецыі Яльмар Брантынг прапанаваў вынесці пытанне аб прыналежнасці астравоў на міжнародны ўзровень і звярнуцца ў Лігу Нацый як самую аўтарытэтную наднацыянальную арганізацыю на той час. У 1920 Фінляндыя гарантавала шырокую палітычную і культурную аўтаномію астравам. Канвенцыя 1921 пацвердзіла іх нейтральны і дэмілітарызаваны статус. Ліга Нацый знайшла такія ўмовы здавальняючымі і палічыла патрабаванні аландцаў пра ахову шведскай культуры і мовы выкананымі, нягледзячы на іх пратэсты супраць такога вырашэння канфлікту.

Добразычлівая палітыка цэнтральнага ўрада да астраўлянінаў і неўмяшальніцтва ў справы аўтаномнай рэспублікі на працягу ўсяго XX стагоддзя прывялі да згасання сепаратысцкіх настрояў.