Аляксандр Дзікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Дзікі
Нараджэнне 25 сакавіка 1928(1928-03-25)
в. Кузьмічы, Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка
Смерць 19 чэрвеня 1993(1993-06-19) (65 гадоў)
Полацк
Месца пахавання Полацк
Жонка Эмілія Дзікая

Аляксандр Дзікі (25 сакавіка 192819 ліпеня 1993) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра і адзін з заснавальнікаў пастаўскай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП).[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 25 сакавіка 1928 г. у в. Кузьмічы(Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка, цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну скончыў сямігадовую школу ў в. Слабада на Мядзельшчыне. Пасля прыходу савецкіх войскаў паступіў у пастаўскую педагагічную навучальню. Сама навучальня існавала яшчэ пры немцах, а пасля іх адыходу была моцна русіфікаваная новым савецкім кіраўніцтвам, што выклікала пратэст нацыянальна свядомага Аляксандра Дзікага і ён разам з іншымі навучэнцамі стварыў нелегальную беларускую арганізацыю «За Беларусь», якая пазней улілася да Саюза беларускіх патрыётаў. Належаў да пастаўскай групы арганізацыі.

У лютым 1947 года савецкая ўлада пачала арышты СБП: у давер да пастаўскай групы ўвайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваў сябе за антысаветчыка і падштурхоўваў да тэрарызму, акрамя таго канспірацыя арганізацыі была слабай. Аляксандр Дзікі быў арыштаваны ў ноч на 7 лютага 1947 г. разам з першай групай пастаўскіх падпольшчыкаў. Першыя тры дні ўтрымліваўся у турме ў Паставах, дзе яго катавалі і выбівалі прызнанні, а потым быў перавезены ў Мінск, дзе допыты доўжыліся чатыры месяцы. У чэрвені 1947 Аляксандр Дзікі атрымаў 10 гадоў лагераў і 5 гадоў пазбаўлення праў.

У жніўні 1947 г. пераведзены ў лагер «Краснае ўрочышча», які знаходзіўся на паўднёва-ўсходняй ускраіне Мінску, дзе вязні працавалі на будаўніцтве Мінскага аўтазаводу. У лагеры знаходзіўся ў адной брыгадзе з Львом Бялевічам, сябрам глыбоцкай групы Саюза беларускіх патрыётаў. Вясной 1948 г. абодва сябра, як і тысячы іншых, вывезеныя з Беларусі на поўнач Комі АССР. Там у адным канцлагеры апынулася пяць сяброў СБП, а таксама шмат сябраў іншай патрыятычнай арганізацыі — слонімскай «Чайкі». У лагеры беларускія патрыёты падтрымлівалі адзін другога і трымаліся разам, аднак праз дрэннае харчаванне і цяжкую працу ў вугальнай шахце ў канцы 1951 г. Аляксандр Дзікі захварэў на сухоты і быў адпраўлены на лекаванне ў лагерны сангарадок. Пасля выздараўлення накіраваны на шахту «Заходняя».

Вызваліўся ў лістападзе 1954 г., але праз тое, што вярнуцца на радзіму не мог і быў абмежаваны ў правах, працаваў усё на той жа шахце «Заходняя» механікам, а потым начальнікам участка. Неаднаразова начальства яго, як палітвязня, прабавала звольніць з працы, але не знаходзіла замену здольнаму працаўніку. Жаніўся на Эміліі Дзікай, нарадзіліся дзеці.

Адразу пасля выхаду на пенсію разам з сям'ёй вярнуўся ў Беларусь і пасяліўся Полацку, дзе, як і ў іншых мясцінах Віцебшчыны, ўжо жылі былыя сябры Саюза беларускіх патрыётаў з тых хто перажыў канцлагеры і вярнуўся.

На пачатку ліпеня 1992 г. захварэў на невылечную хваробу, за месяц да смерці папрасіў, каб на яго будучым надмагіллі напісалі словы: «Хай сняцца сны аб Беларусі...». Памёр 19 ліпеня 1993 г. Пахаваны ў Полацку.

Зноскі

  1. http://slounik.org/154783.html Біяграфія Аляксандра Дзікага

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 19, 165-168, 171, 173, 174, 183-185, 251, 252, 340.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]