Аляксандр Уладзіміравіч Рэйслер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Уладзіміравіч Рэйслер
Род дзейнасці інжынер, пісьменнік
Дата нараджэння 30 жніўня 1896(1896-08-30)
Месца нараджэння Вільня
Дата смерці 1937(1937)
Грамадзянства
Бацька Уладзімір Паўлавіч Рэйслер
Маці Юлія Сцяпанаўна Рэйслер
Жонка Марыя Фёдараўна Ваячак[d]
Дзеці Арэст
Месца працы «Чырвоная Зара[ru]»

Аляксандр Уладзіміравіч Рэйслер (30 жніўня 1896, Вільня1937) — інжынер, пісьменнік, удзельнік кружка «Бадлераўская акадэмія». Расстраляны ў 1937 годзе.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1896 годзе ў Вільні. Яго бацька, Уладзімір Паўлавіч Рэйслер, быў дваранінам, правадзейным стацкім саветнікам, начальнікам чыгункі (памёр у 1930 годзе). Маці, Юлія Сцяпанаўна Рэйслер, была хатняй гаспадыняй[1][2].

Атрымаў сярэднюю адукацыю. У пачатку 1920-х гадоў пражываў у Петраградзе-Ленінградзе, працаваў загадчыкам аддзела збыту тэлефоннага завода «Чырвоная Зара[ru]». На заводзе Рэйслер пазнаёміўся з Міхаілам Броннікавым[ru], які арганізаваў кружок пад назвай «Бадлераўская акадэмія». Удзельнікамі гэтага кружка з’яўляліся чатыры прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі: Міхаіл Дзмітрыевіч Броннікаў, Павел Пятровіч Азбелеў, Барыс Фёдаравіч Ласкееў і Аляксандр Уладзіміравіч Рэйслер. Збіраліся ў Броннікава ў доме № 25 па 10-й лініі Васільеўскага вострава. Мяркуецца, што ніхто з іх, апрача самога кіраўніка аб’яднання — Міхаіла Броннікава, не быў знаёмы з працай іншых кружкоў[3]. Пазней на допыце Міхаіл Броннікаў апісаў дзейнасць кружка наступным чынам: «З гэтых асоб пад сваім кіраўніцтвам я арганізаваў групу, якая носіць назву „Бадлераўская акадэмія“, па імені буржуазна-дваранскага паэта-упадачніка Бадлера… Усе названыя асобы пішуць вершы, якія як па форме, так і па змесце не могуць быць надрукаваны ў савецкіх умовах. Некаторы працэнт іх твораў прысвечаны палітычным пытанням, якія трактуюцца з антысавецкага пункту гледжання. Палітычныя і сацыяльныя ўстаноўкі іх творчасці варожыя сучаснасці»[3].

20 сакавіка 1932 года Аляксандр Рэйслер быў арыштаваны як «удзельнік фашысцкага гуртка „Бадлераўская акадэмія“ контррэвалюцыйнай арганізацыі фашысцкіх моладзевых гурткоў і антысавецкіх літаратурных салонаў»[1]. Абвінавачваўся таксама ў тым, што «вёў манархісцкую і паражэнскую антысавецкую агітацыю шляхам распаўсюджвання ўласных контррэвалюцыйных літаратурных твораў і вусных выступленняў»[1]. 17 чэрвеня 1932 года быў прыгавораны да 3 гадоў абмежавання пражывання ў 12 буйных гарадах. Аднак пасля вызвалення з турмы не выехаў з Ленінграда і застаўся працаваць на заводзе «Чырвоная Зара»[2].

У 1937 годзе тэрмінова пераехаў у горад Арол з-за выяўлення адміністрацыяй завода прысуду ад 1932 года. У Арле ўладкаваўся на працу дыспетчарам аднаго з заводаў. У тым жа годзе арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны[2].

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Рукапіс аповесці Рэйслера «Галодны вечар», канфіскаванай у яго пры арышце, захаваўся ў архіве ФСБ. Іншыя яго творы — аповесць «Чырвоны гром», апавяданне «У зімовую ноч» — страчаныя[3].

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

У 1919 годзе ажаніўся з Марыяй Фёдараўнай Ваячак (1900 — ?), дачкой украінскага кампазітара Фёдара Іванавіча Ваячака. 21 жніўня 1920 года ў іх нарадзіўся сын Арэст[2].

Сястра, Людміла Уладзіміраўна Рэйслер (? — 1985), з 1930 па 1936 год была жонкай савецкага пісьменніка, драматурга і кінасцэнарыста Юрыя Германа[ru]. У 1933 годзе ў іх нарадзіўся сын Міхаіл, які пазней стаў вядомым мастацтвазнаўцам і літаратарам.

Іншыя сёстры — Вольга, Юлія, Марыя — загінулі ў блакаду, брат Глеб загінуў на вайне, брат Юрый памёр у 1965 годзе ў Нью-Ёрку[3].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в ДВОРЯНЕ: КНИГА ПАМЯТИ | РЕЙСЛЕР Александр Владимирович (руск.). Сайт «Заклейменные властью». Праверана 5 сакавіка 2023.
  2. а б в г Рейслер Александр Владимирович (руск.). Сайт «Сахаровский центр». Праверана 5 сакавіка 2023.
  3. а б в г Рейслер Александр Владимирович «…В душе была ожесточенная ясность, надорванность и пустота…» (руск.). Сайт «ВикиЧтение». Праверана 5 сакавіка 2023.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Полина Вахтина, Наталья Громова, Татьяна Позднякова. Рейслер Александр Владимирович // Дело Бронникова. — Москва: АСТ, 2018. — С. 111—118. — 384 с. — (Литературные биографии). — ISBN 978-5-17-112559-2.
  • Михаил Герман. Воспоминание о ХХ веке: Книга первая: Давно прошедшее : Plus-que-parfait. — СПб.: Азбука, Азбука-Аттикус, 2018. — С. 30—34. — 560 с. — ISBN 978-5-389-10725-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]