Ан-2
| Ан-2 | |
|---|---|
| Ан-2 | |
| Тып | лёгкі шматмэтавы самалёт |
| Распрацоўшчык | Алег Антонаў |
| Вытворца | ДКБ А.К.Антонава |
| Галоўны канструктар | Алег Канстанцінавіч Антонаў і Антонаў[d] |
| Першы палёт | 31 жніўня 1947 |
| Пачатак эксплуатацыі | 1947 |
| Статус | у вытворчасці (Кітай) |
| Эксплуатанты |
Аэрафлот ВПС СССР ВПС КНДР Шматлікія іншыя |
| Гады вытворчасці |
1947—1971 (СССР) 1957 — наш час (Кітай) 1960 — 2002 (Польшча) |
| Адзінак выраблена | 17 тыс. |
| Кошт адзінкі | каля 75 тыс. дол.[1] (па даных на 2009) |
| Варыянты | Ан-2М, Ан-2СХ, Ан-3, Ан-4, Ан-6 |
Ан-2 (па кадыфікацыі НАТА: Colt — «Жарабя», разм. — «Кукурузнік») — савецкі лёгкі транспартны самалёт, поршневы аднарухавіковы біплан з расчалачным крылом. Самы вялікі ў свеце аднаматорны біплан за ўсю гісторыю авіяцыі (да з’яўлення самалёта Ан-3).
Абсталяваны рухавіком АШ-62ІР Швяцова магутнасцю 1000 к. с. і вінтом АВ-2. Намінальная палётная вага самалёта — 5250 кг.
Гісторыя стварэння
[правіць | правіць зыходнік]Спроба рэалізацыі ідэі лёгкага самалёта для сельскагаспадарчых патрэбаў была прадпрынята яшчэ ў 1937 годзе, калі першы палёт здзейсніў біплан СХ-1 (ён жа ЛІГ-10) канструкцыі Анатоля Бедунковіча.
СХ-1 расшыфроўвалася як «самалёт сельскагаспадарчы, першая мадэль» (руск.: самолет сельскохозяйственный), машына першапачаткова меркавалася да выкарыстання ў якасці апыляльніка палёў.
Але СХ-1 у серыйную вытворчасць не пайшоў, па адной версіі, з-за таго, што многія сельскагаспадарчыя работы, якія павінен быў рабіць СХ-1, можна было зрабіць больш танным біпланам У-2.[2]
Прыкладна ў той жа час група Алега Антонава, вядучага інжынера ВКБ ім. Аляксандра Якаўлева, прапануе стварыць самалёт, які б стаў далейшым развіццём ідэй СХ-1, пад індэксам «самалёт № 4». Аднак вайна адклала перспектыву выпуску новага сельскагаспадарчага біплана.
У 1944 годзе тагачасны кіраўнік Украінскай ССР Мікіта Хрушчоў загаварыў аб тым, што гаспадарка рэспублікі, якая аднаўляецца пасля разбурэнняў вайны, мае патрэбу ў спецыялізаваных самалётах. Успомнілі пра «Самалёт № 4», які патрэбна было перапраектаваць з чыста сельскагаспадарчага ў шматмэтавы.
6 сакавіка 1946 года ў Новасібірску на Новасібірскім авіяцыйным заводзе імя Чкалава было створана ВКБ-153 па грамадзянскіх і транспартных самалётах. Яго галоўным канструктарам стаў Алег Канстанцінавіч Антонаў. Першым заданнем ВКБ і стаў сельскагаспадарчы самалёт СХА-1, пазней пераназваны ў Ан-2.
Вельмі хутка Міністэрства авіяпрамысловасці СССР выпусціла загад, у якім фармуляваліся патрабаванні да новай машыны.
31 жніўня 1947 года лётчык-выпрабавальнік П. Валодзін на аэрадроме Яльцоўка (Новасібірск) упершыню падняў у неба першы прататып Ан-2. Самалёт выканаў два вялікія кругі на вышыні 1200 метраў і пасля 30 хвілін палёту здзейсніў пасадку.
Паступленне ў эксплуатацыю
[правіць | правіць зыходнік]
У снежні 1947 у НДІ ВПС пачаліся дзяржаўныя выпрабаванні, якія працягваліся да сакавіка 1948 года.
23 жніўня 1948 года самалёт пад пазначэннем Ан-2 быў прыняты на ўзбраенне ВПС і для патрэб грамадзянскай авіяцыі. Серыйная вытворчасць была арганізавана на заводзе № 473 у Кіеве.
Першыя серыйныя самалёты Ан-2 паступілі ў распараджэнне Міністэрства геалогіі СССР. Пасля імі сталі камплектаваць лётныя атрады грамадзянскага паветранага флоту. З чэрвеня 1950 года Ан-2 пачаў паступаць у МУС і авіяцыю памежных войск, з чэрвеня 1951 года — у ДТСААФ (першыя пяць самалётаў атрымаў Цэнтральны аэраклуб ім. Чкалава ў Маскве).[3]
У 1952 годзе першыя самалёты атрымалі штабныя эскадрыллі ВПС і ВМФ. У лютым 1959 года Ан-2 сталі ўжываць для лётнай і парашутнай падрыхтоўкі курсантаў.
Эксплуатацыя
[правіць | правіць зыходнік]
У СССР самалёт вельмі шырока эксплуатаваўся на мясцовых паветраных лініях для перавозкі пасажыраў і грузаў (часта на лініях, якія злучалі абласныя цэнтры з раённымі, а таксама з сёламі і пасёлкамі), выканання розных народнагаспадарчых (напрыклад, калі трэба было аператыўна перавезці невялікі груз і некалькі чалавек), у прыватнасці, авіяцыйных хімічных работ. Прымяняўся таксама ў ДТСААФ, для дэсантавання парашутыстаў-аматараў.
Далейшая эксплуатацыя і замена
[правіць | правіць зыходнік]З-за састарэння канструкцыі, імкнення да павышэння бяспекі і эканамічнасці, на пачатак 1990-х гадоў у Расіі ўзнікла патрэба знайсці замену для Ан-2. Аднак знайсці добрую замену аказалася вельмі цяжка. Так на авіясалоне МАКС-1997 дэманстраваўся лёгкі шматмэтавы самалёт Т-101 «Грак» (руск.: Грач), аднак з-за шэрагу праблем было пабудавана толькі некалькі адзінак.

Да 1998 года быў адроджаны мелкасерыйны выпуск самалётаў Ан-3, які прадстаўляў сабой перароблены пад турбавінтавы рухавік і дапрацаваны Ан-2. Але ў 2012 годзе выпуск Ан-3 быў спынены.
У 2017 годзе на авіясалоне МАКС-2017 быў прадстаўлены самалёт ЛМС-9. Аднак па стане на 2019 Міністэрства прамысловасці Расіі адмовілася ад вытворчасці вуглепластыкавага ЛМС-9 з-за вялікай колькасці камплектуючых не расійскай вытворчасці.[4]
У 2019 годзе стала вядома, што быў распачаты праект самалёта ЛМС-901 «Байкал». Ён быў прадстаўлены на авіясалоне МАКС-2021. Першы палёт адбыўся ў 2022 годзе (аднак для масавай вытворчасці патрабавалася замяніць рухавік General Electric H80-100 расійскім аналагам[5]). У лютым 2025 года з’явілася інфармацыя, што ў самалёта выяўленыя канструктыўныя праблемы, на ліквідацыю якіх можа спатрэбіцца некалькі гадоў.
Помнікі ці экспанаты
[правіць | правіць зыходнік]Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]- Лінія Сталіна (гісторыка-культурны комплекс) — Ан-2Т серыйны № 160-08[6] (1961 года пабудовы)
- Музей авіяцыйнай тэхнікі (Мінск) — Ан-2Т серыйны № 160-54[6] (1975 года пабудовы, завод PZL-Mielec)
- Нацыянальны аэрапорт Мінск — Ан-2Р серыйны № 214-16[6] (1985 года пабудовы, завод PZL-Mielec)
Зноскі
- ↑ Мадэрнізацыя Ан-2
- ↑ Ан-2. «Везделет» Олега Антонова, победивший время. histrf.ru. Праверана 19 ліпеня 2025.
- ↑ Самолет Ан-2 — небесный долгожитель — АО "Шахтинский авиационно-ремонтный завод ДОСААФ" (руск.). Праверана 21 ліпеня 2025.
- ↑ Первый полет "Везделета": как писалась история Ан-2 // АвиаПорт.Новости. www.aviaport.ru. Праверана 21 ліпеня 2025.
- ↑ Шибанов, Борис. «Всех поувольнять»: что завело в тупик работу над самолетом «Байкал» (руск.). Главные новости в России и мире - RTVI (14 мая 2025). Праверана 21 ліпеня 2025.
- ↑ а б в russianplanes.net. russianplanes.net.
- ↑ В Речице в Парке Победы установили экспонат самолета Ан-2 (репортаж) - Prime News (руск.). primenews.by (5 мая 2025). Праверана 19 ліпеня 2025.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ан-2- Сайт пра самалёт Ан-2, лётныя інструкцыі, чарцяжы самалёта Ан-2
- Спіс страчаных самалётаў Ан-2 (з 1958 года) Архівавана 2 чэрвеня 2013.
- Фотаальбом пра выпрабаванні Ан-2В на пластыкавых паплаўках Архівавана 15 жніўня 2014.
- Ан-2 Архівавана 18 жніўня 2011. на сайце «Сэрвіс і Тэхналогіі»