Арматура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стальная стрыжнёвая арматура.

Армату́ра (ад лац.: armatura — узбраенне, амуніцыя) — дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый.

Арматура жалезабетонных канструкцый[правіць | правіць зыходнік]

Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца. Найбольш пашырана стальная стрыжнёвая арматура (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыяметр стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной З—8 мм. Для паляпшэння счаплення з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш.

Арматурныя работы[правіць | правіць зыходнік]

Арматурны каркас пліты перакрыцця перад заліўкай бетонам.

Выконваецца комплекс работ па вырабе, укладцы ў форму ці ўстаноўцы на месца бетанавання (мантаж) арматурных элементаў жалезабетонных канструкцый. Арматурныя работы ўключаюць нарыхтоўку арматурных стрыжняў, выраб арматурных сетак ці каркасаў, іх зборку і ўстаноўку ў форму ці апалубку. Стрыжні робяць з арматурнай сталі на спецыяльных станках, сеткі і каркасы — на станках з гібачнай бэлькай. Плоскія сеткі і каркасы шырынёй да 1 м вырабляюць кантактнай зваркай на зварачных машынах і аўтаматызаваных паточных лініях, прасторавыя каркасы збіраюць у асноўным на гарызантальных і вертыкальных кандуктарах-маніпулятарах. Арматуру для папярэдне напружаных канструкцый да ўкладкі ў форму расцягваюць гідраўлічнымі дамкратамі ці падаўжаюць награваннем да 300—450 °C. Арматуру для маналітных канструкцый (напрыклад, плацін) зварваюць з сетак, каркасаў і іншых элементаў, устаўляюць у формы або апалубку кранамі, маніпулятарамі і да т.п.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]