Перайсці да зместу

Байсангур Беноеўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Байсангур Беноеўскі
чач.: Бенойн БойсгӀар
Дата нараджэння 1794[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 1861[1]
Месца смерці
Званне наіб[d]
Бітвы/войны
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Байсангу́р (Байсунгур) Бено́еўскі (чач.: Бенойн БойсгӀар[2]; 1794, Беной, Чачня — 1861, Хасавюрт, Дагестан) — чачэнскі ваенны XIX стагоддзя, наіб імама Шаміля. Актыўны ўдзельнік Каўказскай вайны 1817—1864. Нацыянальны герой чачэнскага народа.

Сын селяніна Эды. Пра жыццё да 1830-х вядома вельмі мала. Калі Газі-Мухамад быў абвешчаны імамам, адразу ж далучыўся да яго руху. Увесну 1832 пад Гудэрмесам ў конным баі разбіў ўшчэнт грэбенскі казачы полк, захапіў дзве трафейныя гарматы.

Пад сцягамі Шаміля

[правіць | правіць зыходнік]

У 1839 даў прысягу вернасці імаму Шамілю. Пасля гэтага быў прызначаны наібам Беноя. Мазунам (намеснікам наіба) стаў брат Байсангура Салтамурад.

У 1842 на чале аддзела горцаў удзельнічаў у Ічкерынскай бітве пад агульным камандаваннем Шуайба Цэнтароеўскага. Быў паранены, надалей узнагароджаны Шамілём медалём за адвагу.

У 1845, удзельнічаючы ў Даргінскай бітве, атрымаў цяжкае раненне і пазбавіўся рукі.

У 1847 царскія войскі атачылі аул Гергебіль у горным Дагестане. Аднавокі і аднарукі Байсангур са сваім аддзелам бэнойцаў абараняў участак абароны ў раёне садоў. Падчас аднаго з штурмаў гарматным ядром яму адарвала нагу. У насталым змярканні беспрытомнага Байсангура падабралі царскія жаўнеры. Палоннага Байсангура пад вялікім канвоем адправілі з Дагестана ў крэпасць Грозную. Па дарозе на калону напалі мюрыды на чале з Салтамурадам і вызвалілі наіба.

Яшчэ да канца не акрыяўшы ад ранаў, прыняў удзел у абароне аула Салты. Аднаногага, аднавокага і аднарукага Байсангура падчас баёў рамянямі прывязвалі да каня.

У 1857—1859 царскія войскі распачалі шырокамаштабны наступ у Чачні і Дагестане. Пабітыя наібы Шаміля адзін за адным здаліся на літасць пераможцаў. Толькі некалькі наібаў, сярод якіх быў і Байсангур, засталіся вернымі Шамілю.

Паўстанне 1860—1861

[правіць | правіць зыходнік]

Праз год пасля паланення Шаміля, Байсангур і былыя наібы Шаміля Ума Дуеў і Атабі Атаеў узнялі новае паўстанне ў Чачні. У чэрвені 1860 аддзел Байсангура і Салтамурада нанёс паразу войскам царскага генерал-маёра Мусы Кундухава ў баі каля мястэчка Пхачу. Пасля гэтай бітвы Беной на 8 месяцаў аднавіў сваю незалежнасць ад Расіі.

Пасля паразы асноўных сіл паўстанцаў, Байсангур з некалькімі набліжанымі хаваўся ў наваколлях сяла Беной. У адным з баёў пад Байсангурам быў забіты конь і ён патрапіў у палон.

Увесну 1861 Байсангур Беноеўскі быў адданы ваенна-палявому суду і павешаны. Іншыя ўдзельнікі паўстання, у тым ліку сыны Байсангура Алхазур і Тахір, былі сасланыя ў Сібір.

Зноскі

  1. а б Bajsangur Benoevskij // MAK
  2. Ш. А. ГАПУРОВ, А. В. БАКАШОВ. Вестник Академии наук Чеченской Республики. 2010, №1 (12). Архівавана 13 студзеня 2016.