Барысаўскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Рэшткі турмы сярэдзіны ХІХ ст. на барысаўскім замчышчы
Рэшткі турмы

Барысаўскі замак (Барысаўская літоўская крэпасць[Крыніца?], Барысаўская крэпасць[Крыніца?], астрог[Крыніца?], гарадок[Крыніца?], крэпасць[Крыніца?]) — абарончае збудаванне XIII—XVIII ст. Размяшчалася па цяперашняй вуліцы Гогаля ў Барысаве.

Драўляна-земляны замак плошчай 2 га, пабудаваны ў канцы XII — пачатку XIII стагоддзяў на левым беразе Бярэзіны, у межах сучаснага Барысава, на востраве ўтвораным старымі рэчышчамі і такім чынам акружаны глыбокім вадзяным ровам. З часам плошча ўмацаванняў павялічана.

Архітэктура і стыль[правіць | правіць зыходнік]

Узводзіўся Барысаўскі замак у перыяд з канца XII да пачатку XIV стагоддзяў.

Замак размяшчаўся на востраве паміж старымі рэчышчамі Бярэзіны, якія ўтваралі натуральныя вадзяныя рвы, займаў плошчу 2 га і быў акружаны высокім земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі. У плане меў (2-я палова XVII ст.) авальную форму, паўднёвую сцяну з рэданам і перадзамкавае ўмацаванне на ўсходзе, аддзеленае ад замка ровам з вадой. У перадзамкавым ўмацаванні знаходзілася праваслаўная царква. Заходней крэпасці праходзіў мост праз Бярэзіну, пазначаны на плане сярэдзіны XVII стагоддзя.

Замак пакідаў у відавочцаў розныя ўражанні. Напрыклад, маскоўскі дзяк Трыфан Карабейнікаў у студзені 1593 года пісаў, што ён «драўляны, невялікі, побач сажалка, а цераз раку ў напрамку Мінска пабудаваны драўляны мост даўжынёй 200 сажняў». Пасол аўстрыйскага імператара Мікалай Воркач у жніўні 1593 года адзначыў, што каля Барысава стаіць «даволі вялікі замак, увесь пабудаваны з дрэва».

Паводле крыніц польскага гісторыка А. Гваньіні, у XVI ст. замак быў умацаваны вежамі і сценамі для ўзмоцненай абароны ў час артылерыйскіх абстрэлаў і штурме праціўніка.

Замак меў важнае стратэгічнае значэнне, бо кантраляваў суднаходны шлях з Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Вялікага Княства Літоўскага.

У выніку войнаў паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай Барысаўскі замак шмат разоў пераходзіў з рук у рукі, разбураўся, аднаўляўся і перабудоўваўся.

У Барысаўскім краязнаўчым музеі дэманструецца макет літоўскага замка: выспа, на земляным валу знаходзіцца драўляная сцяна з вежамі. Маецца ўязная брама. Сцяна ўтварае авал. Рэданаў (абломаў) няма.

На плане горада канца XVIII стагоддзя сцяна крэпасці не пазначана. Толькі будынкі ў самім замку.

У 1810 годзе расійскія інжынеры распрацавалі план перабудовы замка ў бастыённую крэпасць ў адпаведнасці з патрабаваннямі свайго часу, але ён не быў ажыццяўлёны, хоць некалькі разоў крэпасць з’яўлялася на генеральных планах Барысава, напрыклад, у 1810 годзе і апошнім разам у 1830-я гады. Пасля паўстання 1831 года валы замка зрытыя.

На карце Барысава 1817 года пазначаны ўмацаванні крэпасці. Паўночная сцяна мае пашкоджанні, паўдневая сцяна з рэданам.

На карце сярэдзіны 1860-х гадоў замкавыя сцены не пазначаныя.

У сярэдзіне XIX стагоддзя на месцы заняпалых замкавых пабудоў пабудавалі тыповы турэмны замак з чырвонай цэглы, абкружаны каменнай сцяной.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Замак пабудаваны ў канцы XII — пачатку XIII стагоддзяў пасля пераноса горада Барысава з першапачатковага месца (цяпер в. Стары Барысаў) на 4 км ніжэй па цячэнні Бярэзіны. Размяшчаўся фактычна на востраве ўтвораным рэчышчамі Бярэзіны.

У 1514 годзе Барысаў абложвалі войскі маскоўскіх ваяводаў, аднак узяць замак не здолелі. Спробы маскоўскіх ваяводаў захапіць замак паўтараліся неаднаразова. У час Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў у замку пастаянна знаходзіўся гарнізон салдат.

У сярэдзіне XVII ст. замак ужо быў ўмацаваннем з 5 бастыёнаў, захавалася яго замалёўка кн. Багуславам Радзівілам. Моцна пацярпеў у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. У 1654 годзе да замка накіравалі маскоўскага ваяводу Ю. Барацінскага з 700 салдатамі і драгунамі, яго задачай было заняць горад з замкам і разбіць атрад шляхціца К. Паклонскага, які ўцёк з Магілёва пасля здрады цару. У выніку атрад Паклонскага пацярпеў паражэнне і вымушаны быў адступіць да Менска. Узяць замак маскоўскі ваявода не здолеў, гарнізон адбіў неаднаразовыя штурмы і нанёс маскоўцам значны ўрон. Тады на Барысаў была накіравана група войскаў акольнічага ваяводы Б. М. Хітраво. Пасля працяглага бою 19 чэрвеня 1655 года замак быў узяты і спалены. Рэшта гарнізона адступіла на правы бераг Бярэзіны і спаліла за сабой мост.

Неўзабаве маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч загадаў адбудаваць замак, для хуткага аднаўлення замка былі сагнаны сяляне з бліжэйшых вёсак. Вайна зацягнулася, і замак сталі ўмацоўваць грунтоўна. У 1657 годзе В. Шарамецеў дакладваў цару, што «замак зроблены чатырма сценамі, а паміж сценамі засыпаны пяском». Для падачы вады зрабілі патаемны ход да Бярэзіны, выкапалі калодзеж, узвялі жылыя і гаспадарчыя пабудовы, галоўным чынам збожжавыя свірны.

У 1658 годзе замак двойчы пераходзіў з рук у рукі, і ад гэтага моцна пацярпеў, а ў наступным годзе маскоўскія войскі нанова адбудавалі замак. На вале пастаўлены сасновыя зрубы з падвоенымі сценамі вышэйшымі за 3,5 аршыны і байніцамі з шырокім сектарам абстрэлу.

Барысаўскі замак выконваў і іншую функцыю. У той час ён быў складам і перавалачнай базай для трафейнай зброі і прадуктаў: запасаў сухароў, соладу, круп, гароху, мукі, жыта, аўса, пшаніцы, бабоў і іншага, таксама там захоўваўся запас пораху, ядраў і куль. Толькі ў канцы 1660 года з замка адправілі ў Смаленск і Маскву 73 гарматы, 252 пуды пораху, 290 пудоў свінцу і мушкетных куль. Адсюль жа вывозілі партыі кваліфікаваных рамеснікаў з літоўскіх гарадоў, фуры з даспехамі, латамі, халоднай зброяй. У час аблогі гарнізон замка мог карыстацца ўсімі звезенымі туды прыпасамі і правіянтам, што і было зроблена ў 1661 годзе.

У чэрвені 1661 года Барысаўскі замак пастаянна знаходзіўся ў аблозе. Нешматлікі маскоўскі гарнізон не мог трымаць абарону па ўсім перыметры замка, таму ў неўзабаве ўмацаванні на дзве трэці былі спалены. Дзякуючы запасам зброі і хлеба замак цэлы год вытрымліваў аблогу вялікалітоўскіх войскаў С. Чарнецкага, В. Валовіча, А. Русецкага і пяхотнага палка П. Сапегі. 9 ліпеня 1662 года знясілены гарнізон пакінуў замак і адступіў на ўсход.

У канцы XVII стагоддзя Барысаўскі замак прывялі ў парадак, і яго ўмацаванні знаходзіліся ў добрым стане да канца XVIII стагоддзя.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

У 1920 годзе ў час Польска-савецкай вайны лінія фронту доўгі час праходзіла па Бярэзіне, і будынак турмы моцна пацярпеў ад абстрэлаў. Турма дзейнічала да 1950-х гадоў, потым закрытая, а будынкі разбіралі на цэглу і на цяперашні час засталіся толькі іх рэшткі. Паўночны роў амаль цалкам засыпаны пры будаўніцтве пешаходнага моста і жылога дома. Да цяперашняга часу захавалася толькі частка турмы, частка агароджы з цэглы і рвы, запоўненыя вадой.

У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай «Замкі Беларусі» ў 2013—2017 гадах будуць праведзены добраўпарадкаванне тэрыторыі, распрацоўка праекта зон адпачынку.

Апроч рэштак Барысаўскага замка ў Барысаве ёсць рэшткі Барысаўскіх умацаванняў расійскага часу (тэт-дэ-пон і батарэі), пабудаваных у 1812—1813 гады.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]