Басея

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Басея — гістарычная воласць, адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка Смаленскага княства (11-14 ст.) і Вялікага княства Літоўскага (14-15 ст.), пазней маёнтак.

Воласць з’явілася ў 1-й палове 11 ст. пры складанні тэрыторыі Смаленскага княства і абкладанні данінай мясцовага насельніцтва смаленскімі князямі, сынамі вял.кн. кіеўскага Уладзіміра Манамаха. Мела натуральныя межы па водападзелах, ахоплівала басейн ракі Басі, цэнтр не вядомы. Цяпер на стыку Горацкага і Шклоўскага раёнаў.

Упершыню згадваецца каля 1136 года ў грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, які браў з Басяі 15 грыўнаў даніны i з яе вызначыў дзесяціну на карысць смаленскага епіскапа.

Да 16 ст. цалкам належала князям Друцкім, напэўна, як наданне кагосьці з вялікіх князёў літоўскіх. У 1-й палове 16 ст. палова Басеі належала кн. Васілю Юр’евічу Друцкаму-Талачынскаму, другая — кн. Сямёну Ямантавічу-Падбярэзскаму. У палове кн. Сямёна ў 1522 годзе згадваюцца сёлы Казловічы i Хамінічы, a ў 1542 — Пагост, Навасёлкі, Кішчыцы, Беразоў i Гарадзішча. Сваю палову кн. Сямён завяшчаў А. Гаштольду, але той памёр раней. Тым часам фальваркаў у Басеі яшчэ не было, толькі даўнія сяляне-даннікаў.

У 1540 годзе палову кн. Сямёна Ямантавіча-Падбярэзскага спадкавала яго сястра Ульяна, а па ёй сыны Рыгор i Іван Яцкавічы. Неўзабаве Рыгор Яцкавіч прадаў сваю і братаву частку Басяі вял. кн. Жыгімонту Старому. У 1547 годзе Іван Яцкавіч спрабаваў адсудзіць сваю долю, але яна засталася за гаспадаром. Пазней Падбярэзская палова Басяі была нададзена вял.кн. камусьці.

Палову кн. Васіля Друцкага-Талачынскага, пасля яго смерці ў 1546 годзе, спадкавала яго удава кн. Марыя Багданаўна з Заслаўскіх, якая ў 1550 годзе узяла шлюб з ваяводам наваградскім І. Гарнастаем. Сёстры Друцкага-Талачынскага — Людміла (жонка Юрыя Храптовіча) i Настасся (жонка Рамана Гарасімовіча), мелі права выкупу родавых маёнткаў ў І. Гарнастая, але праз брак сродкаў выкупілі толькі частку. аднак з-за нястачы сродкаў зрабілі гэта толькі часткова. Пасля шэрагу судовых працэсаў частка гэтай паловы Басяі засталася ў пасынка кн. Марыі Багданаўны — Гаўрылы Гарнастая i яго братоў, частка — у нашчадкаў кн. Настассі з Друцкіх-Талачынскіх, яе дачкі ад першага шлюбу кн. Багданы Канстанцінаўны з Друцкіх-Канопляў i яе мужа І. І. Сапегі. Гаўрыла Гарнастай са сваёй часткі «даннікаў у Басеі за Дняпром» па Попіс 1567 года ставіў 1 «каня». Пасля смерці Гаўрылы Гарнастая ў 1588 годзе гэты маёнтак перайшоў яго сыну Гераніму. Доля кн. Багданы пасля яе смерці ў 1584 годзе дасталася пры падзеле спадчыны старэйшаму сыну — Л. І. Сапегу, які ў 1590 годзе выкупіў у Г. Г. Гарнастая яго долю.

Колішняя палова Талачынскага, кансалідаваная Л. І. Сапегам, пад 1624 годам згадваецца як маёнтак «Басея з Якаўлевічамі», з якога ішоў чынш памерам 1345 коп грошаў, у тастаменце 1633 года гэты ж маёнтак згадваецца як «Сяльцо з Якаўлевічамі». Колішняя палова Падбярэзскага аказалася ў Шклоўскім графстве, яго інвентар за 1643 згадвае Басейскую воласць, у 1650 годзе яна ўжо была падзелена на Кішчыцкае, Серцыслаўскае, Сасноўскае і Казловіцкае войтаўствы.

У 1656 годзе палова Л. І. Сапегі ад яго сына перайшла да Нарушэвічаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]