Беларуская ваза

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуская ваза — знакамітая гімнастычная кампазіцыя, якая з'яўляецца неад'емнай часткай многіх культурна-спартыўных мерапрыемстваў у Беларусі, у тым ліку парадаў на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Аўтарам жывой вазы з'яўляецца заслужаны трэнер БССР, заслужаны дзеяч фізічнай культуры Аляксандр Аляксеевіч Губачоў. «Ваза» дэманстравалася ў 28 краінах на чатырох кантынентах[1].

У 1937 годзе на Усесаюзным парадзе фізкультурнікаў Ігар Майсееў і супрацоўнік Беларускага тэхнікума фізкультуры Аляксандр Губачоў прадставілі кампазіцыю «Граніца на замку», якая мела велізарны поспех у публікі і кіраўніцтва[1].

У 1960 годзе Георгій Рабіль стварыў вазу ў Дэмакратычнай Рэспубліцы В'етнам, дзе ён знаходзіўся ў двухгадовай камандзіроўцы для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў. Канструкцыя для 6-мятровай вазы была выраблена з дрэва[2].

Для фінальнай часткі адкрыцця летніх Алімпійскіх гульнях ў Маскве А. А. Губачоў і Г. Рабіль прыдумалі два варыянты канструкцый — цыліндры, на кожным з якіх у 4 шэрагі сядзела 100 дзяўчын, а наверсе выступалі лепшыя акрабаты. У канцы нумара дзяўчынкі скідалі накладкі на майках на ліпучках, і цыліндры афарбоўваліся ў колеры алімпійскіх кольцаў. Таксама былі створаны 10 мятровыя «кубкі» як сімвал узнагароды за перамогі ў спорце[2].

Таксама Г. Рабіль ставіў «вазы» на гульнях Добрай волі, Міжземнаморскіх, Цэнтральна-Азіяцкіх, Афрыканскіх гульнях і іншых спартыўных форумах[2].

У 1982 годзе, у час святкавання 1500-годдзя Кіева, была прадэманстравана самая высокая (10 метраў) і самая цяжкая (4,5 тоны) жывая «ваза». Апошні раз у СССР «ваза» была паказана ў 1987 годзе[2].

Адраджэнне традыцыі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля працяглага перапынку традыцыя была адроджана ў 2007 годзе, калі ў Мінску ў Дзень Незалежнасці студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры пабудавалі 8-мятровую 5-павярховую «вазу». Сучасная канструкцыю для «вазы» створаная ў тым жа, 2007 годзе, на прадпрыемстве па вырабе атракцыёнаў па чарцяжах савецкіх часоў і важыць 3,5 тоны. Жывая «ваза» дэманстравалася ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, акрамя Віцебска[2].

Зноскі