Перайсці да зместу

Беларускі нацыянальны камітэт (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускі нацыянальны камітэт
Дата заснавання 17 красавіка 1917
Дата роспуску лістапад 1918
Тып грамадская арганізацыя
  • І. І. Рэут (красавік—кастрычнік 1917)
  • М. С. Кахановіч (кастрычнік 1917—лістапад 1918)
Краіна

Белару́скі нацыяна́льны камітэ́т (БНК) у Магілёве (таксама вядомы як — Магілёўскі беларускі камітэт, Магілёўскі беларускі арганізацыйны камітэт, Магілёўская беларуская рада) — беларуская грамадска-палітычная, культурна-асветная арганізацыя ў 1917—1918 гадоў. Створаны 17 красавіка 1917 года.

Меў на мэце стварэнне дзяржаўна-прававых, культурна-асветных і эканамічных умоў для беларускага адраджэння, пашырэнне нацыянальнай свядомасці сярод беларускага насельніцтва. На пачатку дзейнасці выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, з 1918 года за дзяржаўную незалежнасць Беларусі.

Адозва і статуты Магілёўскага беларускага камітэта, 1917 года (7 старонак).

Заснавальнікі: выкладчыкі навучальных устаноў горада, работнікі суда, архіва, бібліятэк, чыгункі, земскіх і гарадскіх устаноў. Камітэт узначальваў І. І. Рэут, з кастрычніка 1917 г. — М. С. Кахановіч. У яго ўваходзілі Я. і Д. Аляхновічы, Дз. І. Даўгяла (намеснік старшыні), В. Я. Какошынскі, ксёндз Д. Лапошка, А. Ф. Пігулеўскі, А. М. Раждзественскі, І. А. Сербаў, М. А. Судзілоўскі, Шчансновіч і іншыя. Пры камітэце працавалі палітычная, арганізацыйная, фінансавая, школьная, культурна-асветная і этнаграфічная камісіі.

Членамі камітэта праводзіліся сходы і мерапрыемствы, ладзіліся гарадскія святы, прымаліся адозвы, ствараліся структуры БНК, рабіліся захады па заснаванню філіялаў у павятовых гарадах губерні.

Прадстаўнікі камітэту ўдзельнічалі ў рабоце з’ездаў беларускіх арганізацый і партый у Мінску ў ліпені 1917 годзе, Усебеларускім з’ездзе 1917 годзе. Разам з іншымі беларускімі арганізацыямі выставіў кандыдатуры ва Устаноўчы сход па Магілёўскай выбарчай акрузе. Спробы пераўтварыць камітэт у губернскі цэнтр беларускіх нацыянальных арганізацый не мелі поспеху. Спыніў дзейнасць у лістападзе 1918 годзе з прыходам у горад Чырвонай Арміі.