Брацкая магіла (Печышчы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Брацкая магіла
52°35′15″ пн. ш. 29°38′01″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Печышчы
Будаўніцтва 19431944 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000770шыфр 313Д000770
Map

Брацкая магіла — вайсковае пахаванне ў в. Печышчы, Светлагорскі раён.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

10 лістапада 1943 года пачалася Гомельска-Рэчыцкая наступальная аперацыя. На прыканцы лістапада савецкія войскі выйшлі на паўночны захад ад Парыч, пакінуўшы ў тылу вялікую групіроўку ворага ў раёне Азарычы-Калінкавічы-Мозыр. Быў створанф так званы «Парыцкі выступ». Далейшае наступленне на Бабруйск было спынена. Неабходна было ліквідаваць варожую групіроўку ў тылу. Большасць войск 65-й арміі камандаванне сцягнула на Калінкавіцкім напрамку, у выніку чаго правы фланг арміі, гэта значыць «Парыцкі выступ», аказаўся значна аслабленым. Гэта і было выкарыстана нямецкім камандаваннем, якое сцягнула супраць савецкіх войск часткі 4-й, 12-ю танкавыя дывізіі, 134-ю, 253-ю, 292-ю пяхотныя дывізіі, іншыя часткі. 18-19 снежня з Афрыкі была дастаўлена 16-я танкавая дывізія, машыны якой не паспелі перафарбаваць і яны былі жоўтымі, колеру пустэльні.

20 снежня 1943 года нямецкія войскі з боку Парыч, Азарыч і чыгуначнага маста ля Шацілак, нанеслі ўдары па савецкім войскам, якія знаходзіліся ў «Парыцкім выступе». Спешна пераброшаныя з-пад Калінкавіч 44-я гвардзейская і 172-я стралковая, з рэзерва фронта 73-я стралковая дывізіі не паспелі заняць устойлівай абароны і адыходзілі пад ударамі нямецкіх танкаў і пяхоты.

23 снежня немцы ўвайшлі ў Печышчы. Разрозненыя часткі 73-й стралковай дывізіі адыходзілі за р. Жардзянку. Баі ў Печышчах працягваліся і 24 снежня — выходзілі з акружэння групы байцоў і камандзіраў 37-й і 38-й гвардзейскіх стралковых дывізій, 115-й стралковай брыгады. У гэты час на лініі Жэрдзь-Шацілкі заняла абарону 44-я гвардзейская стралковая дывізія палкоўніка М. В. Каркішкі, якая сумесна з артылерыстамі 4-га артылерыйскага корпусу прарыва генерал-маёра М. В. Ігнатава спынілі ворага, знішчыўшы вялікую колькасць нямецкіх танкаў і пяхоты.

Насельніцтва Печышч, якое жыло ва ўсходняй частцы вёскі, паспела іх пакінуць з савецкімі войскамі і зімавала ў лясах ля вёсак Хутар і Яланы.

У канцы снежня абарону на р. Жардзянцы, змяніўшы 44-ю дывізію, заняла 170-я Рэчыцкая стралковая дывізія палкоўніка С. Р. Цыплёнкава, якая ўваходзіла ў састаў 48-й арміі. Часткі дывізій, якія праводзілі разведку, неаднаразова турбавалі засеўшых у Печышчах немцаў з 613-га палка.

У студзені 1944 года на пазіцыі на р. Жардзянку была перакінута 194-я Рэчыцкая стралковая дывізія палкоўніка П. П. Апякіна. Перад её была пастаўлена задача ва ўзаемедзеянні са 102-й Дальневасточнай стралковай дывізіяй генерал-маёра А. М. Андрэева прарваць варожую абарону на ўчастку Печышчы-Медведаў і весці наступленне ў кірунку вёскі Язвін. 16 студзеня пасля 35-хвіліннай падрыхтоўкі 470-ы і 954-ы стралковыя палкі 194-й дывізіі пайшлі ў атаку, аднак, страціўшы значную частку сіл пад шквальным агнём гітлераўцаў, залеглі. Выведзены ў бой 616-ы стралковы полк таксама залёг, не дасягнуўшы заданага рубяжу. З вялікімі стратамі 194-я і 102-я дывізіі павольна рухаліся наперад.

19 студзеня Печышчы і Медведаў былі вызвалены. У баю за Печышчы асабліва смела дзейнічалі байцы 1-га стралковага батальёна 470-га палка.

З боку в. Расава фашысты яшчэ неаднаразова спрабавалі авалодаць Печышчамі. У канцы студзеня-пачаіку лютага 1944 года ў раёне Печышч адбівала атакі нямецкіх войск 73-я Навазыбкаўская Чырвонасцяжная стралковая дывізія генерал-маёра І. І. Ястрабава. У лютым, калі была вызвалена вёска Расава, баявыя дзеянні каля вёскі Печышчы скончыліся.

Сёння ў цэнтры вёскі каля клуба пахаваны 1097 воінаў і партызан, якія загінулі ў 1943—1944 гадах у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1958 годзе адбылося перазахаванне з аздіночных пахаванняў, на брацкай магіле пастаўлены помнік — скульптура воіна. У 1988 годзе праведзена рэканструкцыя, усталяваны новы помнік — «Смуткуючая маці»[1].

Зноскі

  1. Брацкая магіла аг. Печышчы(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 жніўня 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.