Мазыр
Горад
Мазыр
| ||||||||||||||||||||||||||||
Мазы́р[3] (афіц. транс.: Mazyr) — горад раённага падпарадкавання (да жніўня 2007 г. — абласнога падпарадкавання) у Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мазырскага раёна, порт на р. Прыпяць. За 133 км на паўднёвы ўсход ад Гомеля, 7 км ад чыгуначнай станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч (Украіна). Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Гомелем, Бабруйскам, Оўручам (Украіна). Найбуйнейшы порт у Беларусі. Аэрапорт. Насельніцтва 111 801 чалавек (2017)[1].
Назва[правіць | правіць зыходнік]
На думку географа В. Жучкевіча найбольш імаверна, што тапонім «Мазыр» мае этнанімічнае паходжанне і ўтварыўся ад імя народнасці мазур.
Варыянты напісання назвы ў гістарычных крыніцах: Мозър, Мозыр, Мозырь[4].
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Клімат[правіць | правіць зыходнік]
Клімат Мазыр | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | |
Абсалютны максімум, °C | 10,2 | 15,5 | 21,6 | 29,5 | 33,2 | 37,7 | 36,2 | 36,4 | 34,9 | 26,6 | 19,1 | 12,3 | |
Сярэдні максімум, °C | −2,3 | −0,7 | 5,2 | 13,7 | 20,4 | 23,1 | 25,2 | 24,4 | 18,4 | 11,8 | 4,0 | −0,4 | |
Сярэдняя тэмпература, °C | −5,1 | −4,2 | 0,9 | 8,5 | 14,5 | 17,6 | 19,6 | 18,6 | 13,5 | 7,4 | 1,3 | −3,1 | |
Сярэдні мінімум, °C | −7,9 | −7,6 | −3,4 | 3,2 | 8,6 | 12,0 | 14,0 | 12,8 | 8,5 | 3,0 | −1,4 | −5,9 | |
Абсалютны мінімум, °C | −33,8 | −30,4 | −28,7 | −9,7 | −2,8 | 0,4 | 0,7 | 1,2 | −3,6 | −9,7 | −20,6 | −34 | |
Норма ападкаў, мм | 35,3 | 35,8 | 45,4 | 45,8 | 61,2 | 74,4 | 94,1 | 67,2 | 62,4 | 47,9 | 44,8 | 42,1 | |
Крыніца: Мазыр Надвор'е і клімат |
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]
Мяркуецца, што паселішча, ад якога бярэ свой пачатак сучасны Мазыр, узнікла ў VIII ст. ва ўрочышчы Кімбараўка, дзе існавала ўмацаванае гарадзішча[5]. У XI—XII стст. умацаваны горад перанеслі на Замкавую гару[6].
Першы пісьмовы ўпамін пра Мазыр датуецца 1155 годам, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час Мазыр знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, князі і епіскапы якога называліся тураўскімі і мазырскімі. У 1240—1241 горад пацярпеў ад татарскіх набегаў.
З сяр. XIV ст. Мазыр далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV—XVIII стст. тут існаваў драўляны замак.
У 1471 Мазыр увайшоў у склад Кіеўскага ваяводства. У XVI ст. горад стаў цэнтрам гродавага староства, з правядзеннем адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) — сталіцай павету.
У пач. XVI ст. Мазыр складаўся з трох частак — цэнтральнай з астрогам, неўмацаванага пасаду і Рынку. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім у 1534—1537 усходнія захопнікі зруйнавалі Мазыр[7]. На 1552 у месце існавалі цэрквы Спаса, Міколы, Прачыстай Багародзіцы[7].
У Рэчы Паспалітай[правіць | правіць зыходнік]
Па Люблінскай уніі (1569) і пераходу Кіеўскага ваяводства да Каралеўства Польскага з ініцыятывы мясцовай шляхты Мазырскі павет далучыўся да Менскага ваяводства.
На 1571 — 550 будынкаў, дзейнічалі 5 цэркваў, працавалі шпіталь і 44 крамы, на 1576 — 293 мяшчанскія двары[7].
28 студзеня 1577 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбургскае права і герб «у блакітным полі чорны аднагаловы арол з срэбным шыльдам на грудзях, на шыльдзе — чырвоная літара S»[8]. Вытрымка з адпаведнага вялікакняжацкага прывілея:
![]() |
Надаем тому гораду нашему печать гарадскую, то есть Орел з Сем в нем вырисованым... которую ўрад гарадский на судах и иншых справах и потребах гарадских печатовать и того герба ўжывать мают вечные часы | ![]() |
![]() |
![]() | |
Гістарычны герб Мазыра: з прывілея XVII ст. (злева) і сучасная рэканструкцыя (справа)
|
У 1609 Мазыр пацярпеў ад вялізнага пажару. Аднак ужо ў 1613 коштам ахвяраванняў завяршылася аднаўленне ўмацаванняў і горад быў «…абнесена высокім валам з 7 вежамі, або фортамі». У 1616 староста Б. Стравінскі заснаваў тут касцёл. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 маскоўскія войскі на чале з Валконскім захапілі і спустошылі мясціну[9].
У 1-й пал. XVIII ст. у Мазыры збудавалі базыльянскі манастыр, каля горада — Кімбараўскія цыстэрыянскія кляштары. З 1752 пачаў дзейнічаць кляштар марыявітак. У 1723—1773 пры Фарным касцёле існавала місія езуітаў[10]. У 1726 адкрылася езуіцкая школа (у 1773 яе пераўтварылі на свецкую вучэльню[10]). У 1750 казакі спустошылі кляштар цыстэрыянак ва ўрочышчы Кімбараўка.
На 1724 у Мазыры існавалі Кіеўская, Оўруцкая, Свідоўская, Нагорная, Гончая і іншыя вуліцы. У месце было два замкі — Верхні (Стары), які размяшчаўся на Замкавай гары, і Ніжні. У падножжа Замкавай гары быў Рынак, на паўночным захадзе ад яго знаходзіліся гарадская ратуша, пякарня і стайня. Гандаль вёўся ў 56 крамах, якія атачалі пляц. Тамака ж быў шпіталь. Паводле гарадскага плану (1769), — Пятніцкая, Слуцкая, Кіеўская, Жытомірская вуліцы і Рынак; у месце было 211 двароў, 6 цэркваў і касцёлаў, ратуша, 2 майстэрні для абпалу цэглы.
У Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мазыр апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павету Мінскай губерні. У 1796 царскія ўлады даравалі гораду новы расійскі герб. На 1825 тут было 530 драўляных і 3 мураваныя будынкі, дзейнічалі 2 кляштары, працавалі 22 крамы і 27 корчмаў. У 1834 у Мазыры адкрылася шляхецкае вучылішча, ператвораная ў 1859 у прагімназію, потым — у гімназію. На 1862 — 491 будынак, дзейнічалі 4 цэрквы, касцёл і 2 іўдзейскія малітоўныя дамы, працавала 71 крама; штогод з 6 да 27 студзеня і з 6 да 28 жніўня праводзіліся кірмашы. Месцічы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні (1863—1864).
На 1878 у Мазыры дзейнічалі 3 царквы (у тым ліку мураваная, гвалтоўна пераробленая царскімі ўладамі з бернардзінскага касцёла), касцёл і сінагога. У 1879 тут заснавалі тэлеграфную станцыю, а ў 1885 — запалкавую фабрыку «Маланка» («Молния»). Пракладка Палескіх чыгунак у 1880-я гг. паспрыяла далейшаму эканамічнаму развіццю Мазыра. Паводле вынікаў перапісу (1897) у месце было 628 двароў, дзейнічалі 4 царквы, 2 капліцы, сінагога, 4 іўдзейскія малітоўныя дамы, працавалі бальніца, прагімназія, 1-класная прыходская і прыватная жаночая 2-класная вучылішча, паштова-тэлеграфная кантора, бровар, майстэрня апрацоўкі скураў, 3 крупадзёркі, маслабойня, 170 крамаў, 13 заезных двароў, 8 корчмаў, 3 вінныя крамы. На 1904 — 1210 жылых дамоў, у тым ліку 102 мураваныя, 50 газавых ліхтароў, водаправод, 2 друкарні, аптэка, 2 бібліятэкі, лясніцтва. У верасні 1913 тут адбылася I сельскагаспадарчая і прамысловая выстаўка. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Мазыры было 1210 жылых будынкаў, 3 фабрыкі, 16 майстэрняў, 5 навучальных устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня і 2 кнігарні. У лютым 1918 горад занялі нямецкія войскі.
- Даўнія графічныя выявы Мазыра
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар бернардзінцаў, з піктаграфічнай карты XVIII ст.
Касцёл і кляштар бернардзінцаў, 1865
Касцёл і кляштар бернардзінцаў, 1865
Касцёл бернардзінцаў, абмеры другой пал. XIX ст.
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар цыстэрыянак, 1865
Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мазыр абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасці з пастановай I з'езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павета («падраёна») Гомельскага раёна[11]. З 5 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 горад знаходзіўся пад польскай уладай. У 1924 Мазыр стаў цэнтрам раёна БССР (у 1926—1927 гг. горад у Слабадскім раёне). У 1924—1930 і 1935—1938 горад быў адміністрацыйным цэнтрам акругі. 27 верасня 1938 Мазыр атрымаў афіцыйны статус горада абласнога падпарадкавання. У 1938—1954 ён быў цэнтрам Палескай вобласці. У Другую сусветную вайну з 22 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Акупанты стварылі ў Мазыры лагер смерці, знішчылі 4,7 тыс. жыхароў. Дзейнічала патрыятычнае падполле.
У 1948 аднавіў працу Мазырскі краязнаўчы музей. У 1953 адбыўся ўвод у эксплуатацыю рамонтава-экскаватарнага, у 1963 — кабельнага завода. У 1958 пачаўся рух на мосце праз раку Прыпяць. У 1975 адбыўся пуск першай чаргі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. У 1988 пачаўся рэгулярны трамвайны рух.
- Места на старых здымках
Вуліца Пятніцкая, 1918
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

- XVI стагоддзе: 1552 — 1,5 тыс. чал.[7]; 1571 — каля 2 тыс. чал.[12]; 1576 — 2 тыс. чал.[7]
- XVIII стагоддзе: 1724 — 1,5 тыс. чал.[10]; 1795 — каля 2 тыс. чал.
- XIX стагоддзе: 1825 — каля 3 тыс. чал.; 1850 — каля 6,5 тыс. чал.; 1866 — 5 899 чал.[13]; 1878 — 7 834 чал. (3 902 муж. і 3 932 жан.), у тым ліку 5 457 праваслаўных, 23 стараверы, 446 каталікоў, 10 евангелістаў і 1 898 іўдзеяў[14]; 1897 — 8 067 чал.[6]
- XX стагоддзе: 1907 — 9 976 чал.[15]; 1908 — 10 395 чал.[16]; каля 1910 — 12 251 чал. (6 338 муж. і 5 883 жан.), з іх паводле веры: праваслаўных 4 118, раскольнікаў 68, каталікоў 619, пратэстантаў 22, іўдзеяў 7 276, іншых 148; паводле саслоўя: шляхты 248, духоўнага саслоўя 45, ганаровых грамадзян і купцоў 315, мяшчан 9 886, ваенных 732, сялян 885, іншых 140[17]; 1927 — 14,3 тыс. чал.; 1939 — 17,5 тыс. чал.; 1970 — 48,0 тыс. чал.; 1973 — 58 тыс. чал.[18]; 1991 — 103 тыс. чал.; 1997 — 108 тыс. чал.[5]; 1998 — 109,2 тыс. чал.[19]; 1999 — 111,8 тыс. чал.[20]
- XXI стагоддзе: 2004 — 111,5 тыс. чал.; 2006 — 111,6 тыс. чал.; 2008 — 112,0 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 — 112,2 тыс. чал.[21]; 2009 — 108 792 чал. (перапіс).[22]; 2016 — 112 003 чал.[23]; 2017 — 111 801 чал.[1]
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
У 1912-14 гг. у Целепуках, прыгарадзе Мазыра працаваў Мазырскі фанерна-дрэваапрацоўчы завод. Вырабляў дошкі, фанеру і інш. У 1910—1913 гг. меў 2 паравыя рухавікі (150 к.с.), працавала да 200 рабочых; выраблена прадукцыі на 565,4 тыс. руб.
Цэнтр нафтаперапрацоўчай прамысловасці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Працуюць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (Мазырскі машынабудаўнічы завод, «Мазырсельмаш», «Беларускабель»), дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці (вытворчасць куханнай солі — ААТ «Мазырсоль»).
Гасцініцы гарадскога савета «Дынама», «Элада», гасцінічны комплекс «Прыпяць».
Транспарт[правіць | правіць зыходнік]
У Мазыры, акрамя аўтобусаў, працуе трамвайны транспарт. Даўжыня лініі — больш за 20 кіламетраў. Дзейнічае адзін маршрут[24]. У горадзе знаходзіцца чыгуначная станцыя Барбароў [25].
Культура[правіць | правіць зыходнік]
Дзейнічаюць кінатэатр «Мір», Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа, Мазырская філармонія, парк культуры «Перамога». У 1990 годзе адкрыўся Палац культуры МНПЗ. Жыхароў горада абслугоўваюць больш за 50 бібліятэк. У Мазыры ёсць краязнаўчы музей, музей прыкладнай творчасці, гарадская выстаўная зала.
Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]
У Мазыры працуюць будаўнічы тэхнікум, вучылішча — геалогіі, будаўнічая, медыцынская і музычная, 15 сярэдніх і 4 музычныя школы, 35 дашкольных устаноў. Установа вышэйшай адукацыі — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна.
Спорт[правіць | правіць зыходнік]
Асноўныя спартыўныя аб'екты: басейн, 3 стадыёны, гарналыжны комплекс, школа алімпійскага рэзерву Беларусі. Мясцовая футбольная каманда — ФК «Славія-Мазыр».
СМІ[правіць | правіць зыходнік]
У кабельнай сетцы Мазыра вяшчае мясцовы тэлеканал. Таксама горад мае ўласныя друкаваныя выданні — газеты «Жыццё Палесся» і «На свае вочы».
Забудова[правіць | правіць зыходнік]
Архітэктурна-планіровчную сістэму Мазыра абумовіў складаны рэльеф (рака Прыпяць, мноства яраў). Культурны і гістарычны цэнтр горада — плошча Леніна — геаграфічна знаходзіцца на ўскраіне, на беразе Прыпяці. Уздоўж ракі праходзіць вуліца Савецкая, перпендыкулярна да якой рэчышчам і схіламі яраў у глыб горада падымаюцца іншыя вуліцы.
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
Праз горад праходзяць турыстычныя маршруты: «Мазыр старадаўні», «Палескі край, яго традыцыі і побыт», «Мазыр даўні і сучасны», «Святыні Мазыршчыны»[26]. Працуе Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей культуры.
- Бровар (1885)
- Гістарычная забудова (кан. XIX — пач. XX стст., фрагменты)
- Замчышча (XV—XVIII стст.)
- Свята-Міхайлаўская сабор і манастырскі жылы корпус (1760—1775, былы касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар бернардзінцаў)
- Свята-Мікалаеўская царква
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар цыстэрцыянцаў (1711)
- Касцёл Святога Міхаіла і манастыр цыстэрыянак (1743—1745)
- Могілкі іўдзейскія
- Сядзіба Кяневічаў (пач. XIX ст., пазней мужчынская гімназія)
Страчаная спадчына
- Замак (XVI ст.)
- Касцёл і кляштар марыявітак (XVIII ст.)
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Фарны, 1616)
- Сінагога
- Царква Праабражэння Гасподняга (XVI ст.)
- Царква Святога Мікалая (XVI ст.)
- Царква Святой Параскевы Пятніцы (XVIII ст.)
- Царква Святой Тройцы (1888)
- Краявіды Мазыра
Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]
- Святлана Міхайлаўна Басуматрава (1946—2016) — паэтэса.
- Аляксандр Абрамавіч Брэгман (1895—1919) — рэвалюцыянер.
- Мікалай Мікітавіч Пушкар (1919—1939) — мастак, скульптар-кераміст, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР, член Беларускага саюза мастакоў.
- Яўген Уладзіміравіч Дворак (нар. 1950) — беларускі архітэктар.
- Эдуард Міхайлавіч Дзечка (нар. 1936) — вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання і металаапрацоўкі, доктар тэхнічных навук.
- Сяргей Іванавіч Дубавец (нар. 1959) — беларускі журналіст, літаратар, крытык і выдавец.
- Якаў Эмануілавіч Кенігсберг (1939—2013) — вучоны-імунолаг, доктар біялагічных навук.
- Міхаіл Аляксеевіч Марціновіч (нар. 1979) — беларускі футбаліст.
- Давыд Барысавіч Мельцэр (нар. 1925) — беларускі гісторык-славіст.
- Міхаіл Васілевіч Радзевіч (1838—1919) — беларускі і расійскі публіцыст, крытык, педагог, этнограф.
- Ксенія Міхайлаўна Сітнік (нар. 1995) — беларуская спявачка.
- Сямён Іванавіч Трызна (1890—1968) — вучоны ў галіне селекцыі раслін, доктар сельскагаспадарчых навук.
- Міхаіл Якаўлевіч Фінберг (нар. 1947) — дырыжор.
- Аляксандр Нічыпаравіч Шыманоўскі (1850—1918) — этнограф.
- Ларыса Аляксандраўна Ярмоліна (1900—1984) — актрыса, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР.
Гарады-пабрацімы[правіць | правіць зыходнік]
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ 1,0 1,1 1,2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ В Мозыре и Мозырском районе меняется зональный телефонный код и вводится шестизначная нумерация(руск.)
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 239.
- ↑ 5,0 5,1 Аўсяная М., Насевіч В., Пазднякоў В. Мазыр //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 36.
- ↑ 6,0 6,1 Аўсяная М., Насевіч В., Пазднякоў В. Мазыр //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 37.
- ↑ 7,0 7,1 7,2 7,3 7,4 Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 258. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ↑ История, Мозырский районный исполнительный комитет
- ↑ 10,0 10,1 10,2 Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 259. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. С. 81.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. С. 82.
- ↑ Jelski A. Mozyrz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 754.
- ↑ Шаблон:Крыніцы/Даведнік па Літве і Беларусі
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. С. 83.
- ↑ Мазыр // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- ↑ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. С. 512.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. С. 80.
- ↑ У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек, «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
- ↑ Перепись населения — 2009. Гомельская область(руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Мозырь. Городской транспорт. Трамвай, Mozyr.tut.by
- ↑ Барбароў на сайце Дзяржаўнага цэнтра картографа-геадэзічных матэрыялаў і даных Рэспублікі Беларусь
- ↑ к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 258—259. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Харэўскі С. Маршруты па Беларусі: мазырскае барока // «Наша Ніва», 24 красавіка 2009 г.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мазыр
Геаграфічныя звесткі па тэме Мазыр на OpenStreetMap
- г. Мазыр на Radzima.org
- Мазыр — парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі на Catholic.by
- Фота Мазыра(руск.)