Бэл-Ланкастэрская сістэма

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бэл-Ланкастэрская сістэма (Сістэма ўзаемнага навучання) — форма вучэбнай працы, сутнасць якой складалася ў навучанні больш старэйшымі і дасведчанымі вучнямі вучняў малодшага ўзросту. Гэтая сістэма ўзнікла ў 1798 годзе ў Вялікабрытаніі. Яе распрацоўшчыкамі сталі незалежна адзін ад аднаго доктар Эндру Бэл і Джозеф Ланкастэр.

Апісанне метаду[правіць | правіць зыходнік]

Спачатку настаўнік займаўся са старэйшымі навучэнцамі, якія, атрымаўшы пэўныя веды, пачыналі навучаць ім, пад кіраўніцтвам настаўніка, больш малодшых навучэнцаў. Гэтыя старэйшыя і больш паспяваючыя навучэнцы называліся маніторамі. Замест кніг выкарыстоўвалі разнастайны дыдактычны матэрыял, пераважна друкаваныя і рукапісныя табліцы. Методыка выкладання вызначалася стандартызацыяй, навучанне заключалася ў механічным завучванні матэрыялу. У выніку вучні хутка засвойвалі навыкі чытання, пісьма і лічэння, але не атрымлівалі сістэмы ведаў.

Асноўныя перавагі сістэмы:

  • тлумачэнне матэрыялу малодшым школьнікам давалася на даступным ім узроўні, паколькі нівеліравалася розніца ва ўзросце і інтэлектуальным развіцці;
  • сістэма стымулявала манітораў да самаадукацыі.

Асноўныя недахопы сістэмы:

  • адсутнасць у вучняў неабходных педагагічных ведаў і ўменняў.

Прымяненне[правіць | правіць зыходнік]

Будынак былой школы ўзаемнага навучання ў Гомелі.

Належнага навучання дзяцей Бэл-Ланкастэрская сістэма не забяспечвала, таму шырокага распаўсюджвання як асноўная форма вучэбнай работы не атрымала. Разам з тым інтэнсіўна ўжывалася ў шэрагу краін (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і інш.) для навучання грамаце.

Першая ў Беларусі і Расійскай імперыі школа ўзаемнага навучання была адкрыта ў 1819 годзе ў Гомелі ў маёнтку графа М. П. Румянцава, куды для навучання і распрацоўкі праграмы з Англіі быў запрошаны педагог Дж. Герд. У ёй выкладалася чытанне, пісьмо, арыфметыка, вывучаліся рамёствы (кавальскае, экіпажнае, кравецкае), земляробства і жывёлагадоўля, існавала да 1825 г.

У першай чвэрці 19 ст. на Беларусі існавала 13 Ланкастэрскіх школ: у Гомелі, Мінску, Шчорсах (Навагрудскі павет), Кобрыне, Пружанах, Стоўбцах, Полацку, Століне і інш. Усе яны (за выключэннем Мінскай i Полацкай) утрымліваліся на сродкі буйных землеўладальнікаў, нярэдка былі гаспадарчым прыдаткам памешчыцкай гаспадаркі. У 1819 Віленскі ўніверсітэт арганізаваў падрыхтоўку настаўнікаў па ланкастэрскім метадзе навучання на ба­зе Гомельскай вучэльні ўзаемнага на­вучання, з 1821 — i Гродзенскай вучэльні. Пэўную ролю ў арганізацыі вучэльняў узаемнага навучання, распрацоўцы метадычных рэкамендацый i вучэбных табліц адыгралі “Таварыства для заснавання вучэльняў узаемнага навучання” ў Санкт-Пецярбургу (1819-1824) і “Камітэт для заснавання вучэльняў узаемнага навучання” пры Галоўным упраўленні вучэльняў (1819-1831). Урад, занепакоены ростам i дзейнасцю тайных таварыстваў i іх уплывам на Ланкастэрскія школы, узяў апошнія пад свой кантроль.

У 1820 Міністэрства народнай асветы патрабавала весці навучанне па табліцах, выдадзеных дэпартаментам народнай адукацыі; выкарыстанне іншых табліц i дапаможнікаў дапускалася толькі пасля іх праверкі. Паводле загада міністра асветы (1821) прыватныя вучэльні ўзаемнага навучання падпарадкоўваліся павятовым вучэльням, а потым — міністэрству. Падрыхтоўка настаўнікаў сканцэнтроўвалася ў Санкт-Пецярбургскім настаўніцкім інстытуце. У 1830-я г. рабіліся захады падрыхтоўкі настаўнікаў для Ланкастэрскіх школ Беларусі ў Магілёўскай і Віцебскай узорных вучэльнях, у 1834-1839 — у Віцебскай настаўніцкай семінарыі. Пас­ля ўвядзення “Статута гімназій, вучэльняў павятовых і прыходскіх” (1828) выкарыстанне ланкастэрскага метаду абмежавана прыходскімі вучэльнямі і падрыхтоўчымі класамі гімназій. Гэта перашкодзіла пашырэнню школ узаем­нага навучання. У Беларусі яны існавалi больш працяглы час, што было выклікана патрэбнасцю ў навучальных установах пасля скасавання каталіцкіх манаскіх ордэнаў, закрыцця і рэарганізацыі манастырскіх школ.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • С. В. Телешов. «Ланкатерская школа в России» // Педагогика, № 10, 2005, с. 73.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.. — Мн.: «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4. — С. 332. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Ланкастэрскія школы ў Беларусі Архівавана 25 лютага 2021.