Столін
Горад
Столін
| ||||||||||||||||||||
Сто́лін[2] (афіц. транс.: Stolin) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Столінскага раёна, на р. Гарынь. За 245 км на усход ад Брэста, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна). Аўтадарогі на Пінск і Давыд-Гарадок. Насельніцтва 13 269 чал. (2017)[1].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Упершыню згадваецца ў XII — XIII ст. сярод гарадоў «погаринских» (на р. Гарынь)[Крыніца?].
Вядомы з XVI ст. як мястэчка ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Прыватнае ўладанне з драўляным замкам, належала Саламярецкім, Вішнявецкім, Солтанам, Скірмунтам, Стахоўскім. З XVII ст. горад. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 года у верасні 1655 года Столін быў спалены казакамі І. Залатарэнкі. Пры вызваленні войскамі ВКЛ Пагарыння на подступах да Століна адбылася вялікая няўдалая для іх бітва. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у заняпад. У 1792—1793 гадах цэнтр Запінскага павета Берасцейскага ваяводства.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. у складзе Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пінскага павета Мінскай губерні. У 1816 тут адкрытая першая ў Беларусі школа ўзаемнага навучання, у якой вывучалі асновы аграноміі. У 1897 годзе у Століне 250 двароў, дзейнічала пачатковае вучылішча, бровар, смалакурня. З лютага 1918 да студзеня 1919 года акупіраван нямецкімі войскамі. 25 снежня 1918 года ў Століне прайшоў з'езд старшынь валасных рэўкомаў і камандзіраў партызанскіх фарміраванняў.
З 1921 года — у складзе Польшчы. У 1919—1939 цэнтр гміны Пінскага (да 7 лістапада 1920 года), Лунінецкага паветаў (да 1922 года), а ў 1923—1939 гадах цэнтр Столінскага павета Палескага ваяводства. У 1931—1939 гадах у Століне дзейнічала рота сапёраў Корпуса аховы памежжа «Столін». У выніку польскага паходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года і ўз'яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР, Столін увайшоў у склад Беларускай ССР. З 15 студзеня 1940 года цэнтр Столінскага раёна Пінскай, а з 1954 года Брэсцкай абласцей.
З 12 ліпеня 1941 да 7 ліпеня 1944 гадоў Столін пад нямецкай акупацыяй, з 1 верасня 1941 года цэнтр Столінскай акругі генеральнай акругі «Валынь—Падолле» рэйхскамісарыята «Украіна». У студзені 1944 года савецкія партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» і атрады злучэння С. А. Каўпака разграмілі Столінскі гарнізон немцаў.
У 1954 годзе, па ініцыятыве і на базе збораў краязнаўца Б. В. Міралюбава, быў створаны і адкрыты Столінскі краязнаўчы музей.
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
- XIX стагоддзе: 1897 — 3,3 тыс. чал.[3];
- XX стагоддзе: 1921 — 4763 чал.[3]; 1939 — 8 тыс. чал.[3]; 1959 — 5,8 тыс. чал.[3]; 1970 — 7,1 тыс. чал.[3];
- XXI стагоддзе: 2000 — 12,2 тыс. чал.[3]; 2006 — 12,5 тыс. чал.; 2008 — 12,5 тыс. чал.; 2016 — 12 951 чал.[4]; 2017 — 12 269 чал.[1]
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
У горадзе працуюць вытворчыя філіялы ААТ «Савушкін прадукт», ААТ «Берасцейскі пекар» Столінскі хлебазавод, філіял Столінскага райпо «Столінзагатпрамторг» і тыпаграфія[5]. Працуе шэраг прыватных вытворчых прадпрыемстваў і аб'ектаў гандлю (апошнія ствараюць 75 працоўных месцаў). Дзейнічае мясцовы фонд «Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва»[6]. Гасцей горада прымае гасцініца «Гарынь». Транспартнымі перавозкамі займаецца філіял ААТ «Брэстаблаўтатранс» аўтапарк №12 г. Століна. Працуе аўтавакзал.
Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]
У Століне знаходзіцца адна гімназія, дзве сярэднія школы, тры яслі-сада, школа мастацтваў, дом дзіцячай творчасці.
Прафесійна-тэхнічная адукацыя:
- Столінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці.
Сярэдне-спецыяльная адукацыя:
Культура[правіць | правіць зыходнік]
Культура горада прадстаўлена домам культуры, Столінскім краязнаўчым музеем, мастацкай галерэяй і двума бібліятэкамі (дзіцячай і дарослай).
Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]
У Століне жывуць прадстаўнікі розных плыняў хрысціянства: праваслаўныя (маюць Свята-Ушэсцеўскую царкву), евангельскія хрысціяне-баптысты (маюць малітоўны дом непадалёк ад радзівілаўскага парка), каталікі (страцілі касцёл за савецкім часам)[7]. Вялізная іўдзейская суполка горада была амаль цалкам знішчана нямецкімі акупантамі ў 1942 годзе ва ўрочышчы Стасіна. Нешматлікімі яўрэямі Століна ў 1999 годзе была зарэгістравана яўрэйская абшчына. Пазней былі ўтвораны арганізацыі Столінскае яўрэйскае культурна-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «МОСТ» і абшчына прагрэсіўнага іўдаізма «Яхад»[8].
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння — піхты каўказскія
- Свята-Ушэсцеўская царква 1938 г.
- Сінагога (1792)
- парк «Манькавічы» — твор садова-паркавага мастацтва, абвешчаны батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння (на паўночна-ўсходняй ускраіне горада)
- Помнік Уладзіміру Ільічу Леніну (1980, скульптары С. Селіханаў, В. Паляйчук, архітэктар Ю. Казакоў).
Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл Раства Багародзіцы (1811)
- Царква Прачыстай Багародзіцы (1823)
Галерэя[правіць | правіць зыходнік]
- Краявіды Століна
Брукаванка-трылінка каля Століна
Гарады-пабрацімы[правіць | правіць зыходнік]
Скапін, з 2014
Ікшкілэ, з 2013
Жывец
Здалбуніў
Хомберг (Эфцэ)
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ 1,0 1,1 1,2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 Столін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8. — С. 424—425.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Столінскі райвыканкам: прамысловасць
- ↑ Столінскі райвыканкам: прадпрымальніцтва
- ↑ Столінскі райвыканкам: рэлігія
- ↑ Столинское еврейское общество МОСТ: Еврейский Столин
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Столін
Геаграфічныя звесткі па тэме Столін на OpenStreetMap
- г. Столін на Radzima.org
- м. Столін на Глобус Беларусі