Бягомльскае патрыятычнае падполле

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бягомльскае патрыятычнае падполле
Гады існавання 1941 — 1942
Краіна  Беларуская ССР
Падпарадкаванне Беларускі штаб партызанскага руху
Тып падполле
Функцыя барацьба з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі
Колькасць каля 20 чал. (1941)
Дыслакацыя БССР: Бягомль, Нябышына
Войны Вялікая Айчынная вайна

Бягомльскае патрыятычнае падполле — савецкае падполле для барацьбы з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў Бягомлі. Дзейнічала з ліпеня 1941 да верасня 1942 года.

Мела 2 групы, каля 20 падпольшчыкаў. Група ў Бягомлі, якую ўзначальваў Я. А. Шаўцоў, была створана ў жніўні 1941 годзе па заданні сакратара Бягомльскага РК КП(б)Б С. С. Манковіча, пакінутага ў тыле ворага для падпольнай работы. Група ў в. Нябышына ўзнікла ў ліпені 1941 года, яе арганізатар і кіраўнік А. Ф. Фрол.

Падпольшчыкі былі звязаны з партызанскімі групамі і атрадамі, збіралі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, звесткі аб праціўніку, харчы, цёплую вопратку, бланкі дакументаў; вялі работу па выкрыцці лжывай фашысцкай прапаганды; на канспіратыўных кватэрах мелі радыёпрыёмнікі, запісвалі зводкі Саўінфармбюро і распаўсюджвалі іх сярод насельніцтва. У канцы мая 1942 года нямецкія акупацыйныя ўлады раскрылі падпольную групу ў Бягомлі. У чэрвені 1942 года пасля катаванняў многія з іх пакараны смерцю. У верасні 1942 года палавіна нябышынскіх падпольшчыкаў пайшла ў партызаны, і група спыніла дзейнасць. Астатнія падпольшчыкі былі сувязнымі партызанскай брыгады «Жалязняк» да вызвалення раёна.

У 1979 годзе ў Бягомлі, у памяць пра падпольшчыкаў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]