Шматгадовая травяністая расліна з верацёнападобным галінастым коранем і прамастойным пустым баразнаватым сцяблом вышынёй 40-100 см. Лісце перыстае, цёмна-зялёнае. Суквецце — складаны парасонік з 9-15 прамянёў; абгортка і абгортачкі адсутнічаюць. Пялёсткі белыя або ружаватыя. Плод — прадаўгавата-яйкападобны віслаплоднік.
Сярэднееўрапейскі від. Пашырэнне: Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Еўропа, паўночна-заходнія і заходнія раёны Усходняй Еўропы, Каўказ, Міжземнамор'е, Балканы. Знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы пашырэння. Расце ў разрэджаных лясах, на ўзлесках, палянах, у хмызняку па берагах рэк. Аддае перавагу дубравам. Расце невялікімі, часам буйнымі групамі або асобнымі экземплярамі.