Суквецце

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
A sunflower.jpg
Суквецце сланечніка — кошык

Суквецце (inflorescentia) — частка сістэмы парасткаў пакрытанасенных раслін, якая нясе кветкі.

Парасткі, якія нясуць кветкі, разнастайна відазмененыя. Суквецці звычайна больш-менш выразна адмежаваныя ад вегетатыўнай часткі расліны. Закладваюцца суквецці ўнутры кветкавых або змешаных пупышак.

Цэнтральны парастак суквецця называецца кветаносам. Акрамя кветак, на кветаносе могуць развівацца прыкветныя лісты. Кветкі размяшчаюцца на кветаносе ў пэўным парадку. Яны прымацоўваюцца да кветаноса пры дапамозе кветаножак або сваёй асновай (сядзячыя кветкі).

Суквецці, у якіх на кветаносе размяшчаюцца кветкі, называюцца простымі. Да простых суквеццяў належаць гронка, колас, пачатак, шчыток, парасонік, галоўка, кошык. Розныя тыпы простых суквеццяў выдзяляюць з улікам будовы кветаноса, спосабу прымацавання кветак і даўжыні кветаножак.

Простая гронка ўяўляе сабой суквецце, у якім кветкі прымацаваны да агульнага добра развітага кветаноса з дапамогай кветаножак (чаромха, ландыш, стрэлкі, лубін і інш.). Просты колас — суквецце, у якім на доўгім кветаносе размяшчаюцца сядзячыя кветкі (трыпутнік, пальчатакарэннік). Просты парасонік — суквецце, у якім кветаножкі ўсіх кветак выходзяць з верхавіны кветаноса і маюць аднолькавую даўжыню (вішня, прымула). Пачатак — у адрозненне ад простага коласа мае вельмі моцна патоўшчаны кветанос (капытнік, аер). Просты шчыток складаецца з кветак, размешчаных амаль у адной плоскасці. Але ў адрозненне ад парасоніка ў шчытку кожная кветка мае розныя па даўжыні кветаножкі. У цэнтральных кветак яны значна карацейшыя, чым у бакавых (груша, багун). Галоўка займае прамежкавае становішча паміж суквеццямі просты колас і простая гронка. Кветкі ў галоўцы могуць быць сядзячымі (як у коласе) або прымацоўваюцца пры дапамозе кароткіх кветаножак (як у гронцы). Аднак у адрозненне ад гронкі і коласа кветанос у галоўкі пакарочаны (канюшына). Кошык мае агульнае кветаложа, на якім размяшчаюцца сядзячыя кветкі. Звонку кошык акружаны лісцікамі абгорткі — верхавінкавымі лістамі своеасаблівай будовы. У кошык сабраны кветкі ў дзьмухаўца, нівяніку, сланечніку, астры.

У складаных суквеццях да агульнага кветаноса прымацоўваюцца простыя суквецці. Складаная гронка ўтвараецца з простых гронак. Складаная гронка злакаў, у якой бакавыя галінкі (простыя суквецці) панікаюць, называецца мяцёлкай. Складаны колас утвораны простымі каласкамі, складаны парасонік — простымі парасонікамі. Самую складаную будову маюць складаныя шчыткі. У рабіны складаныя шчыткі ўтвараюцца з простых шчыткоў, а ў крываўніку простыя шчыткі ўтвораны суквеццямі-кошыкамі.

У простых суквеццях можа быць ад адной кветкі (у простым каласку злаку мятліцы, у кошыку мардоўніку) да некалькіх соцень (у кошыку сланечніку) і нават некалькіх тысяч (у некаторых пальмаў).

Утварэнне суквеццяў мае вялікае біялагічнае значэнне. Біялагічны сэнс ўзнікнення суквеццяў — у нарастальнай верагоднасці апылення кветак як анемафільных (гэта значыць ветрапыляльных), так і энтамафільных (гэта значыць насякомаапыляльных) раслін. Кожная асобная кветка раскрываецца і цвіце непрацяглы час. Калі надвор’е ў момант цвіцення неспрыяльнае, апыленне можа не адбыцца. Без апылення не адбудзецца і апладненне, а значыць, не завяжуцца насенне і плады. У суквецці ж кветкі распускаюцца не адначасова, што забяспечвае надзейнае апыленне і апладненне.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 259. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]