Ваенны бунт у Гвінеі-Бісау (2010)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ваенны бунт у Гвінеі-Бісау
Дата 1 красавіка 2010
Месца г. Бісау
Вынік арышт Гомеша і Індута
Праціўнікі
ПАІГК Узброеныя сілы Гвінеі-Бісау
Камандуючыя
Карлуш Жуніёр Гомеш,
Замора Індута
Антоніа Інджаі,
Буба На Чута

1 красавіка 2010 года ў Гвінея-Бісау адбыўся бунт. Мяцежнікі з ліку вайскоўцаў змясцілі пад дамашні арышт прэм’ер-міністра Карлуша Гомеша, а таксама затрымалі начальніка штаба арміі Замору Індуту. Прыхільнікі Гомеша і ПАІГК адрэагавалі на дзеянні арміі дэманстрацыяй у сталіцы Бісау[1].

Падзеі 1 красавіка[правіць | правіць зыходнік]

Раніцай 1 красавіка 2010 года салдаты аблажылі офіс прэм’ер-міністра Карлуша Гомеша. Неўзабаве палітык быў затрыманы і пераведзены ў ваенны лагер, хоць пазней яго даставілі дадому, дзе трымалі пад аховай. Замора Індута, начальнік штаба арміі, таксама быў затрыманы і ўтрымліваўся ў вайсковай часці. Адмірал Буба На Чута, які схаваўся на тэрыторыі комплексу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Бісау за 95 дзён да гэтага з-за абвінавачванняў у змове з мэтай дзяржаўнага перавароту, змог пакінуць свой прытулак і далучыцца да мяцежнікаў[1].

Неўзабаве пасля арышту Гомеша сотні яго прыхільнікаў правялі дэманстрацыю ў знак пратэсту супраць дзеянняў вайскоўцаў. На прэс-канферэнцыі намеснік начальніка штаба арміі Антоніа Інджаі папярэдзіў пратэстоўцаў, што заб’е прэм’ер-міністра, калі яны не спыняць акцыі[1][2]. Ён таксама ахарактарызаваў палітыка як «злачынца», якога варта аддаць суду[2]. Між тым На Чута выказаў пагарду да дэманстрантаў, адзначыўшы, што яны не аказалі яму ніякай падтрымкі, пакуль ён хаваўся ў ААН[1]. Пасля пратэстоўцы разышліся, відавочна, прыслухаўшыся да папярэджанняў[2].

Нягледзячы на свае першапачатковыя ваяўнічыя заявы, Інджаі пазней у той жа дзень прыняў менш канфрантацыйны тон, назваўшы падзеі «чыста ваеннай праблемай» і заявіўшы, што яны «не датычацца грамадзянскага ўрада». Як падкрэсліў вайсковец, «ваенныя інстытуты застаюцца і будуць заставацца ў падпарадкаванні ў палітычнай улады». Прэзідэнт Малам Бакай Санья ахарактарызаваў падзеі аналагічным чынам[2].

Наступныя падзеі[правіць | правіць зыходнік]

Да 2 красавіка сітуацыя стабілізавалася. Урад правёў сход і асудзіў арышт Гомеша. Пасля вайскоўцы адвезлі прэм’ер-міністра на сустрэчу з прэзідэнтам; па выніку сустрэчы Гомеш адмовіўся сыходзіць у адстаўку[3].

3 красавіка дэлегацыя на чале з саветнікам прэзідэнта Марыа Кабралам наведала Індуту, які заставаўся пад вартай у казарме. Са слоў чыноўніка, з палонным «абыходзіліся добра, і ён у парадку»[4].

У канцы красавіка прэм’ер-міністр Гомеш пакінуў Гвінею-Бісау і адправіўся ў Партугалію, дзе заставаўся на працягу некалькіх месяцаў; яго доўгае знаходжанне за мяжой было афіцыйна растлумачана станам здароўя. Урэшце 16 чэрвеня палітык усё ж вярнуўся на радзіму. Па вяртанні ён пакляўся, што яго ўрад застанецца ва ўладзе. Гомеш таксама сустрэўся з Інджаем. Апошні заявіў, што яны змогуць супрацоўнічаць, бо «цяпер усё ўладжана»[5].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]