Вежа валынскага тыпу
Вежа валынскага тыпу[1], валынская вежа, гатычная вежа[2] — тып абарончай вежы, распаўсюджаны ў абарончых комплексах на заходніх землях Русі (сучасная Беларусь і Валынь) з сярэдзіны 13 ст. да 15 ст. і нават да 17 ст.
Узнікненне такіх вежаў было выклікана тагачаснымі змяненнямі ў практыцы ваеннай справы на землях Русі — пераходам ад пасіўнай аблогі да актыўнай, з выкарыстаннем камнямётных машын (парокаў) вялікай магутнасці.
Такія вежы характарызаваліся высокай шмат'яруснай каменнай (ці каменна-цаглянай, рэдка драўлянай) будовай. Ставіліся ў складзе большых абарончых комплексаў (замкаў), або асобна, часам унутры дапаможных дрэва-земляных ўмацаванняў. Маглі мець жытло для абаронцаў, што ў пэўнай ступені прыпадабняла іх да вежаў-данжонаў і бергфрыдаў[3]
На беларускіх землях вядомыя такія збудаванні ў Каменцы (Камянецкая вежа — адзіная ацалелая вежа такога тыпу[4]), Берасці, Полацку, Горадне, Тураве, Наваградку і інш. З імі, у працах М. Ткачова, атаясамліваюцца драўляныя высокія вежы, якія ставіліся асобна ў некаторых замках 16 ст. і нават 17 ст. (Радашковіцкі замак, замак Сяняўскіх у Шклове, Мядзельскі замак, Мсціслаўскі замак і інш.).
Зноскі
- ↑ Тэрмін уведзены П. А. Рапапортам пасля вывучэння вежаў на тэрыторыі Валынскай зямлі. Згодна з: Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст. Мн., 1978.
- ↑ Тэрмін ужыты ў А. Краўцэвіча: Замкі Гедыміна пры заходняй мяжы Літвы // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац, 2002 — 421 с..
- ↑ Паводле думкі М. Ткачова. Нават частковае падабенства да данжонаў аспрэчваецца М. Макаравым і Кушнярэвічам на падставе неіснавання сталага жытла ў такіх вежах. Кушнярэвіч прапануе класіфікаваць іх як бергфрыды: Кушнярэвіч А. М. Гісторыка-архітэктурная тыпалогія мураванага дынастычнага абарончага дойлідства ВКЛ //Беларускі гістарычны часопіс № 12, 2005. С. 36.
- ↑ Ткачоў, Замкі…, 1-е выд., С.9.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ткачоў М. Замкі Беларусі. 1-е і 2-е выд.