Берасцейская вежа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Берасцейская вежа — сярэднявечнае фартыфікацыйнае збудаванне ў Брэсце.

Існавала ў ХІІІ — 1-й пал. ХІХ ст. ў Брэсце (Берасці). Пабудавана ў 1270—1280-я гады ўладзімір-валынскім князем Уладзімірам Васількавічам, які ў той часам сярод іншага валодаў і Берасцем. Уладзімір абнавіў драўляную фартыфікацыю Берасцейскага дзяцінца і дадаткова ўмацаваў яго каменнай вежай-«стаўпом», верагодна, прамавугольнага плану, памерамі 5,9х6,3 метры і вышынёй, паводле летапісу, роўнай Камянецкай вежы, пабудаванай ім жа раней. Згадваецца Іпацьеўскім летапісам як «столп высотою яко Каменецкнй». Адносілася да тыпу манументальных абарончых вежаў, прызначаных для адбіцця атак з выкарыстаннем камнямётных машын. Пазней уваходзіла ў абарончую сістэму Берасцейскага замка. Паводле даследаванняў архітэктара І. Лаўроўскай, берасцейская вежа-данжон месцілася асобна па-за межамі замка (верагодна, побач з бернардзінскім касцёлам)[1]. Была складзена з брусковай цэглы на вапнавай рошчыне. Верагодна, выява Берасцейскай вежы змешчана на гарадскім гербе 1554 года. Разам з вежай Уладзімір заклаў і першую мураваную царкву Берасця. Вежа прастаяла да 1831 года, калі яе разабралі пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці.

Аналагічныя вежы, гэтак званага «валынскага тыпу», існавалі таксама ў Гродне, Тураве, Наваградку, Чартарыйску і інш.

Зноскі

  1. Брэст // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — 528 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0373-X.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]