Сям’я верасовых уключае хмызнякі і паўхмызнякі, іншы раз невялікія дрэвы; расліны большай часткай вечназялёныя. Лісты простыя, іншы раз лускаватыя, без прылісткаў, часта ксераморфнага вобліку. Кветкі правільныя, радзей некалькі зігаморфныя, двухполыя, звычайна з пяці-чатырохчленных кругоў. Вяночак спайнапялёсткавы, радзей свабоднапялёсткавы. Тычынак у два разы больш, чым пялёсткаў, ці столькі ж. Яны не зрастаюцца з пялёсткамі ці злучаны толькі з іх асновамі. Гінецэй з 4, радзей з 5 карпел, цэнакарпны, завязь верхняя ці ніжняя. Плады — каробачкі, касцянкі ці ягады.
Агульная колькасць родаў — больш за 120, колькасць відаў — больш за 4000. Расліны гэтага сямейства распаўсюджаныя па ўсім зямным шары (у тропіках — звычайна ў гарах), не сустракаючыся толькі ў стэпах і пустынях.
Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6