Ветраны млын (Мольча)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Ветраны млын
52°37′12″ пн. ш. 29°32′05″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата заснавання 1883
Map

Ветраны млын — драўляны ветраны млын у в. Мольча Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Узор сельскай прамысловай архітэктуры 19 ст. Выкарыстоўваўся для памолу мукі і малацьбы круп. З’яўляецца прадстаўніком ветраных млыноў шатровага (галандскага) тыпу з 2 жорнавымі паставамі (на жорнах можна разгледзець таўро Паўлінскага завода штучных жорнаў: 1848, 1878).

Дакладная дата будаўніцтва млына невядома, хаця ў спіс помнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей ён уключаны з даціроўкай 19 ст. У 1924 годзе млын набыў сялянін Савелій Мікалаевіч Фамінок 1898 года нараджэння ў Рэчыцы (90 км ад вёскі Ляды). У той час вёска ўваходзіла ў склад Рэчыцкага павета Гомельскай губерні. Таксама вядома, што млын быў набыты не новым, а ўжо некаторы час эксплуатаваўся. Пасля таго, як млын набылі, ён быў перавезены і ўсталяваны на хутары, прыкладна за два кіламетры ад вёскі Ляды, дзе жыла сям’я С. М. Фамінка і яго брата, і дзе меліся ўсе неабходныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Памер зямельнага надзела, якім валодалі хутаране, 40 га. Усю працу на млыне выконваў сам С. М. Фамінок, брат зрэдку дапамагаў яму.

У 1930 годзе ў перыяд калектывізацыі млын, жылы дом і ўсе гаспадарчыя пабудовы забраў калгас. Дакументаў на перадачу млына калгасу няма, і ў далейшым гэта збудаванне на ўліку ў калгасе не было. Сам С. М. Фамінок быў сасланы ў Салавецкія лагеры, вярнуўся ў 1935 годзе. Яго жонка з дзецьмі былі адпраўлены ў Сібір, вярнуліся ў 1934 годзе. У 1937 годзе Савелій Фамінок зноў быў арыштаваны і ў 1938 годзе расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959 годзе.

У 1938 годзе калгаснікі разабралі млын, перавезлі яго ў вёску Ляды і ўсталявалі на ўскраіне. Збудаванне было арыентавана загрузачным уваходам да вёскі, а галоўным уваходам у процілеглы бок — на ўсход. Да яго вяла пад’яздная дарога. Хутар быў пакінуты, зараз здзірванеў.

Летам 1941 года ў час баявых дзеянняў згарэла прыкладна палова вёскі, але млын застаўся некранутым. У 1960-я гады млын быў пераведзены на электрычную цягу. Мясцовы калгас карыстаўся ім для памолу мукі да 1999 года.

У 2005 годзе перавезены на хутар Міколін Востраў, дзе быў сабраны ў 2009 годзе. Знаходзіцца ў рабочым стане.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны корпус, васьмігранны ў плане, стаіць на драўляным зрубе з бокам 3,5 м. Млын мае два ўваходы. Асноўны ўваход (для выгрузкі мукі) усталяваны на ўзроўні верхняга вянца асновы. Да яго падыходзіў дашчаты ганак з трох ступеней. Другі ўваход (для загрузкі зерня) зроблены з процілеглага боку на ўзроўні ніжняга вянца асновы.

Унутраная прастора млына падзяляецца на 4 узроўні: узровень уваходу — зямля; узровень жорнаў; узровень гарызантальнага кола, якое перадае рух на верхнія жорны; узровень гарызантальнага кола, якое завяршае корпус млына.

Верхняя частка млына, якая паварочваецца пры дапамозе двух кансолей, васьмігранная. У ёй знаходзіцца гарызантальны вал з вертыкальным колам, якое прыводзіць у рух восевы вертыкальны слуп у корпусе млына. Накрыты млын гранёным скатным дахам. Агульная вышыня пабудовы ад узроўня зямлі да канька даху — 16 м.

Фундамент зроблены з дубовых калод (мясцовая назва — штандарты). Васьмігранны ў плане корпус стаіць на зрубе з 4-х вянцоў, рубленых у чысты кут. Вянцы зруба дастаткова груба абцясаны па бакавых кантах бярвення. Асноўны матэрыял канструкцыі збудавання (зруб, бэлькі, элементы каркаса і даху), а таксама абшыўкі — сасна. Канструктыўныя элементы корпуса (кутнія брусы, раскосы, бэлькі, гарызантальныя сувязі) і даху (кроквы, зацяжкі) — брусы рознага сячэння. Механізм млына зроблены таксама з сасны з выкарыстаннем метала, а ў элементах колаў — цвёрдых парод дрэва (граб, дуб, клён). Жорны выраблены з цэльных камянёў. Абшыты млын бярозавымі дошкамі.

Унутраныя лесвіцы зроблены з дошак. Дзверы дашчатыя, двухстворкавыя, адчыняюцца вонкі. Кожнае палатно трымаецца на дзвюх металічных завесах і петлях. Дзверы маюць дыяганальныя запоры з паласы жалеза для таго, каб зачыняць іх на замок[1].

Зноскі

  1. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2022. Праверана 13 ліпеня 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]