Вуліца Энгельса (Брэст)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вуліца Энгельса
Брэст
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Рэгіён Брэсцкая вобласць
Горад Брэст
Ранейшыя назвы Ваяводская, сквер Э. Ажэшка, Блюмэнштрасэ
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вуліца Энгельса — вуліца ў цэнтральнай частцы Брэста. Працягласць каля 500 м — ад плошчы Леніна да вуліцы Наганава Названа ў гонар Фрыдрыха Энгельса. Гістарычныя назвы — Ваяводская і сквер Э. Ажэшка (1921—1939), вуліца імя Энгельса (1939—1941), Блюмэнштрасэ (ням. — Кветкавая, 1941—1944), з 1944 г. — зноў Энгельса. Забудоўвалася ў 1920-х гг., у пасляваенны перыяд рэканструявалася і добраўпарадкоўвалася.

У забудове вуліцы пераважаюць 1-павярховыя дамы-асабнякі. На левым боку пабудаваны 9-павярховы жылы дом. Да гэтага боку вуліцы прымыкае абласны грамадскі культурны цэнтр. На правым боку — будынак Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта (вул. Энгельса, 3), сквер.

На доме № 12 — мемарыяльная дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза Мікалая Цімафеевіча Сушанава — удзельніка Арлоўска-Курскай бітвы, фарсіравання Дняпра, кавалера ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і некалькіх медалёў. У 1943—1944 гг. ён ваяваў у тыле ворага ў складзе Брэсцкага партызанскага злучэння і камандаваў дыверсійнай ротай.

З усходу перспектыву вуліцы замыкае помнік Леніну, з захаду — СШ № 9. На вуліцы Энгельса таксама размяшчаюцца ТАА «Буг-1 Лізінг», КУМПП «Брэсцкая гарадская ЖКГ».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Брест : Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1987. — 408 с.