Выгода (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Выгода — археалагічныя помнікі: стаянкі каля х. Выгада (Мастоўскі раён, Гродзенская вобласць). Выявіў і даследаваў у 1966 і 1978 гадах М. М. Чарняўскі.

На паўночным усходзе і ўсходзе ад вёскі сустракаюцца рэшткі іншых паселішчаў са знаходкамі рэчаў эпохі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў.

Стаянка—1[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,3 км на поўнач ад вёскі, на выступе левабярэжнай надпоймавай тэрасы р. Зальвянка (цяпер тут жывёлагадоўчы комплекс). Знойдзены мезалітычныя крамянёвыя матэрыялы, абломкі танкасценных штрыхаваных гаршкоў бронзавага веку. На поўдні ад стаянкі выяўлена крэменеапрацоўчая майстэрня з вялікай колькасцю нуклеусаў.

Стаянка—2[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,5 км на паўночным усходзе ад вёскі, на паўднёва-заходнім краі пясчанага ўзвышэння левабярэжнай поймы р. Зальвянка. Плошча 1000 м². Культурны пласт каля 0,4 м. Даследавана 40 м². Знойдзены аднапляцовачныя нуклеусы, крамянёвыя скрабкі на пласцінках і адшчэпах, цяслападобныя вырабы, скоблі і іншыя прылады працы, а таксама кераміка нёманскай культуры неаліту, тшцінецкай культуры бронзавага веку. Выяўлены печ-каменка і невялікі ляпны гаршчок VIIVIII стст.

Стаянка—3[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,25 км на паўночны ўсход ад стаянкі—1, на заходнім беразе старыцы Зальвянкі. Плошча каля 600 м². Выяўлены знаходкі часоў неаліту і бронзавага веку.

Стаянка—4[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі. Плошча каля 200 м². Раскапана 40 м². Выяўлены крамянёвыя скрабкі на адшчэпах, нажы, праколкі, вузкаабушковыя сякеры, нуклеусы, кераміка бронзавага веку, абломкі ляпных гаршкоў жалезнага веку.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Археологическая карта Белоруссии / Белорусское добровольное общество охраны памятников истории и культуры, Сектор археологии Ин-та истории АН БССР. Вып. 2: Памятники железного века и эпохи феодализма / Г. В. Штыхов; под редакцией Ф. В. Борисевича. — Мн.: Полымя, 1971. — 274, [2] c. — С. 13.
  • Чарняўскі, М. М. Выгода / М. М. Чарняўскі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 198—199. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Чарняўскі, М. М. Выгода / М. М. Чарняўскі // Археалогія і нумізматыка Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 143—144. — ISBN 5-85700-077-7.