Бронзавы век на Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Бронзавы век — другі перыяд у гісторыі чалавецтва (пасля каменнага веку). На тэрыторыі Беларусі пачаўся ў пачатку 2-га тысячагоддзя да н. э. і працягваўся да канца VIII ст. да н. э.

Характарызаваўся з'яўленнем вырабаў з металу — медзі і бронзы. Аднак аддаленасць тэрыторыі Беларусі ад старажытных цэнтраў здабычы медзі і вытворчасці бронзы была прычынай таго, што тут захоўвалася і выкарыстанне каменных прылад працы, хоць апрацаваны яны былі значна лепш: шырока выкарыстоўваліся шліфаванне, свідраванне, пілаванне. У бронзавым веку адбыўся першы вялікі падзел грамадскай працы на земляробства і жывёлагадоўлю.

Перыядызацыя[правіць | правіць зыходнік]

Бронзавы век падзяляюць на 3 перыяды:

  • ранні (2000 — 1600 г. да н. э.),
  • сярэдні (1500 — 1200 г. да н. э.),
  • позні (з 1100 г. да н .э.).

Характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

З пачатку бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі рассяляліся плямёны індаеўрапейцаў. Яны змешваліся з ранейшым насельніцтвам, у выніку чаго сфарміраваліся новыя індаеўрапейскія плямёны — балты. Асноўным тыпам паселішчаў былі неўмацаваныя селішчы, але ў бронзавым веку пачалося і ўзвядзенне ўмацаваных гарадзішчаў.

Асноўную ролю ў гаспадарчым і грамадскім жыцці роду і племя паступова пачалі адыгрываць мужчыны. Складваўся патрыярхальна-родавы лад — позняя родавая абшчына, для якой характэрна вялікая патрыярхальная сям'я, альбо бацькоўскі род (патрыярхат). Пераход да патрыярхату адбываўся ў працэсе значнага развіцця прадукцыйных сіл і павышэння прадукцыйнасці працы ва ўсіх формах гаспадаркі: земляробстве, жывёлагадоўлі, паляванні і рыбалоўстве.

У гаспадарцы людзей склаліся заняткі вытворчага тыпу: земляробства, якое прайшло 3 ступені развіцця (матыжнае, падсечна-агнявое і ворыўнае), і жывёлагадоўля. Вырошчвалі пшаніцу, ячмень, проса. Выкарыстоўвалі такія земляробчыя прылады працы, як матыка, барана-сукаватка, рала, крамянёвыя сярпы. Драўлянае рала перыяду бронзавага веку знойдзена ля в. Капланавічы (Красназвёздаўскі сельсавет, Клецкі раён, Мінская вобласць). Жывёлагадоўля ўключала ў сябе развядзенне буйных (каровы) і дробных (авечкі, козы) рагатых жывёл, а таксама бортніцтва. Узнікаюць рамёствы — ткацтва, ганчарства, здабыча і апрацоўка каменя на абмен. Крэмнездабыўныя шахты часоў бронзавага веку выяўлены ля г. п. Краснасельскі (Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць).

Да прысвойваючага тыпу заняткаў, як і ў каменным веку, адносіліся паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства.

Пачалося выкарыстанне глінянага посуду з плоскім дном, а таксама мэблі: лаваў, сталоў.

Развіццё вытворчасці абумовіла рост абмену і ўзнікненне прыватнай уласнасці. У сваім далейшым развіцці патрыярхат прывёў да маёмаснай дыферэнцыяцыі, замены родавай абшчыны сельскай, узнікнення патрыярхальнага рабства і зараджэння падзелу грамадства на класы.

У мастацтве бронзавага веку характэрна арнаментаванне глінянага посуду, выраб ювелірных ўпрыгажэнняў. У рэлігійных вераваннях пашырыліся касмаганічныя культы, культ продкаў. На месцах пахаванняў людзей пачалі насыпаць курганы.

Археалагічныя культуры бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У раннім бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі існавала некалькі варыянтаў археалагічных культур шнуравой керамікі. На паўднёвай яе тэрыторыі жылі плямёны культуры шнуравой керамікі Палесся, якія карысталіся сякерамі-клінамі, свідраванымі матыкамі і серпападобнымі нажамі. Тэрыторыю сучасных Гомельскай і Магілёўскай абласцей насялялі плямёны сярэднедняпроўскай культуры (выяўлены стаянкі ля населеных пунктаў Струмень, Лучын, Сябровічы), што карысталіся гаршкамі з круглаватымі бакамі і высокай яйкападобнай шыйкай, нябожчыкаў хавалі на курганных і бескурганных могільніках з пахавальным абрадам трупапалажэння і трупаспалення. У Панямонні паявіліся плямёны прыбалтыйскай культуры (знойдзены толькі рэшткі паселішчаў і адзінкавыя пахаванні).

У сярэднім бронзавым веку на паўднёвай тэрыторыі Беларусі пашыраліся плямёны тшцінецкай культуры, якія аздаблялі посуд наразным арнаментам, нябожчыкаў хавалі ў бескурганных і курганных могільніках. Усходнія помнікі гэтай культуры часта вылучаюць у самастойную сосніцкую культуру. Свой посуд (высокія пласкадонныя гаршкі) яны нярэдка арнаментавалі па ўсёй паверхні. Іх пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных могільніках. Значны ўплыў на мясцовае насельніцтва аказалі плямёны катакомбнай культуры, культуры шматвалікавай керамікі (на паўднёвым усходзе Беларусі) і лужыцкай культуры (на паўднёвым захадзе Палесся). Большасць даследчыкаў звязваюць носьбітаў тшцінецкай, сосніцкай, лужыцкай і прыбалтыйскай культур з продкамі балтаў і славян.

Позні бронзавы век на тэрыторыі Беларусі вывучаны недастаткова. Вядома, што на поўначы мясцовыя плямёны выраблялі гладкасценную, у Цэнтральнай Беларусі і Панямонні — штрыхаваную кераміку.

Пасля завяршэння бронзавага веку пачаўся жалезны век.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]