Вярхоўнае камандаванне вермахта
Вярхоўнае камандаванне вермахта | |
---|---|
Oberkommando der Wehrmacht | |
Гады існавання | 4 лютага 1938 — 8 мая 1945 |
Краіна | Трэці рэйх |
Падпарадкаванне | Адольф Гітлер |
Тып | Генеральны штаб |
Складаецца з | |
Частка | Вермахт |
Дыслакацыя | Вюнсдорф |
Мянушка | OKW |
Войны | Другая сусветная вайна |
Удзел у | |
Вядомыя камандзіры | Вільгельм Кейтэль |
ОКВ (ад ням.: Oberkommando der Wehrmacht, ням.: OKW) — Вярхоўнае галоўнакамандаванне Вермахта, цэнтральны элемент кіраўнічай структуры ўзброеных сіл Германіі ў 1938—1945 гадах.
Вярхоўнае камандаванне вермахта было створана 4 лютага 1938 года пасля ліквідацыі ваеннага міністэрства (ням.: Reichskriegsministerium). Яго стварэнне было абумоўлена жаданнем фюрара Трэцяга рэйха Адольфа Гітлера (на вернасць якому асабовы склад узброеных сіл абавязаны быў прымаць прысягу) атрымаць паўнату ўлады над прыняццем ваенных рашэнняў. Начальнікам штаба ОКВ быў прызначаны генерал артылерыі Вільгельм Кейтэль, які, нягледзячы на шматлікія рознагалоссі з Гітлерам, займаў гэту пасаду на працягу ўсяго перыяду існавання ОКВ (да мая 1945 года).
Структура
[правіць | правіць зыходнік]Фармальна ОКВ ажыццяўляў кіраўніцтва і каардынацыю дзейнасці вярхоўных камандаванняў асобных відаў узброеных сіл:
- ОКХ — (ням.: Oberkommando des Heeres) Вярхоўнае камандаванне сухапутнымі войскамі;
- ОКЛ — (ням.: Oberkommando der Luftwaffe) Вярхоўнае камандаванне люфтвафэ (ваенна-паветранымі сіламі);
- ОКМ — (ням.: Oberkommando der Marine) Вярхоўнае камандаванне крыгсмарынэ (ваенна-марскім флотам).
Аднак на практыцы ОКВ меў абмежаваны ўплыў на камандаванне асобных відаў узброеных сіл, што стала відавочным у снежні 1941 года, калі пасля няўдалага наступу на Маскву Вальтэр фон Браўхіч быў зняты з пасады кіраўніка ОКХ, і гэту пасаду заняў непасрэдна Адольф Гітлер, фюрар і вярхоўны галоўнакамандуючы ўзброеных сіл Трэцяга рэйха.
Апарат ОКВ уключаў чатыры дэпартаменты:
- Штаб аператыўнага кіраўніцтва (ням.: Wehrmacht-Führungsamt) (Альфрэд Ёдль);
- Упраўленне разведкі і контрразведкі (ням.: Amt Ausland/Abwehr) (Вільгельм Канарыс);
- Служба эканомікі абароны і ўзбраення (ням.: Wirtschafts und Rüstungsamt) (Г. Томас);
- Дэпартамент агульных пытанняў (юрыдычныя і адміністрацыйныя аддзелы) (ням.: Amtsgruppe Allgemeine Wehrmachtangelegenheiten) (Райнеке).
Паўнамоцтвы і дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Фармальным прызначэннем ОКВ было выкананне функцый Генеральнага штаба па каардынацыі дзеянняў сухапутных войскаў, авіяцыі і флоту, аднак на практыцы Вярхоўнае камандаванне вермахта было асабістым штабам Гітлера, афармляючы яго ваенныя планы ў загады пэўным падраздзяленням і не маючы непасрэднага ўплыву на гэтыя падраздзяленні. З развіццём вайны ОКВ пачало атрымліваць большы кантроль над войскамі, перш за ўсё на Заходнім фронце. З 1942 года назіралася геаграфічнае размежаванне паўнамоцтваў ОКВ і ўзначаленага непасрэдна Гітлерам ОКГ — у той час як дзейнасць апошняга ўсё больш была сканцэнтравана на Усходнім фронце, ОКВ атрымліваў усё больш паўнамоцтваў па кіраўніцтве ваеннымі дзеяннямі на Заходнім фронце, у Афрыцы, а пазней і ў Італіі.
Асуджэнне дзейнасці ОКВ
[правіць | правіць зыходнік]Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны дзейнасць ОКВ і асобных яго кіраўнікоў была прадметам разгляду падчас Нюрнбергскага працэсу. Па выніках працэсу абвінавачванні ў злачыннасці дзейнасці ОКВ былі адхілены. Разам з тым, глава ОКВ Вільгельм Кейтэль і начальнік штаба аператыўнага кіраўніцтва Альфрэд Ёдль былі прызнаны ваеннымі злачынцамі, прысуджаны да смяротнага пакарання і павешаны.