Віленская праўда
| «Віленская праўда» | |
|---|---|
| Нумар «Віленскай праўды» ад 12 кастрычніка 1939 | |
| Арыгінальная назва |
Віленская праўда |
| Тып | перыядычнае выданне[d] |
| Заснавана | 1939 |
| Спыненне публікацый | 1939 |
| Мова | беларуская |
«Віленская праўда» — штодзённая газета, орган Часовага ўпраўлення Віленскай акругі, створаная пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.
Планавалася як абласная газета Вільні і Віленскай вобласці БССР. Выходзіла на беларускай мове, № 1 выйшаў 22 верасня 1939 года. У першых нумарах «Віленскай праўды», як ва ўсёй беларускай савецкай прэсе тым часам, друкаваліся прапагандысцкія тэксты пра гістарычныя правы беларускага народа на Вільню і Віленшчыну. Адказным рэдактарам быў І. М. Афенгейм, у рэдакцыі працавалі Максім Танк, Вінцэнт Жук-Грышкевіч (стылістычны рэдактар), Макар Касцевіч (Макар Краўцоў), Любоў Асаевіч(?), Янка Багдановіч, з рэдакцыяй супрацоўнічалі Антон Луцкевіч, Францішак Грышкевіч, С. Бусел і іншыя. Рэдакцыя размяшчалася ў доме на Біскупскай вуліцы (Талат-Кялпшы, 3[заўв 1])[1].
У міжнародных навінах даволі рэгулярна без каментароў друкаваліся зводкі нямецкага ваеннага камандавання. У № 15 за 8 кастрычніка 1939 года таксама без каментароў надрукавана вялікая прамова Адольфа Гітлера ў Рэйхстагу. Галоўнай тэмай № 15 былі паведамленні пра агульнагарадскі мітынг, з якіх фактычна вынікала, што Віленшчына мае быць далучаная да БССР[2].
Аднак у сувязі з заключэннем 14 кастрычніка 1939 года «Дагавора аб перадачы Літоўскай рэспубліцы г. Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой» планаваны ў Вільні абласны цэнтр быў перанесены ў Вілейку. Апошні нумар «Віленскай праўды» выйшаў 25 кастрычніка 1939 года, рэдакцыйнае абсталяванне перавезлі з Вільні ў Вілейку — газету перайменавалі на «Вілейскую праўду» — орган Часовага ўпраўлення Вілейскай вобласці (хоць Вілейская вобласць была створана толькі 4 снежня 1939)[2], першы нумар якой выйшаў 15 лістапада 1939 года, нумарацыя захавалася ад «Віленскай праўды». У пачатку 1940 года «Вілейская праўда» перайменаваная ў «Сялянскую газету»[3].
Нумары 1-4, 7-15, 19, 23 «Віленскай праўды» захоўваюцца ў Аддзеле старой перыёдыкі Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (Вільнюс)[4].
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ У гэтым жа будынку з 1940 (пасля стварэння ЛітССР) да чэрвеня 1941 (нямецкай акупацыі) размяшчаліся рэдакцыі двух беларускіх газет «Свабодная Беларусь» і «За свабоднае жыццё». Цяпер у гэтым будынку Цэнтральны тэлеграф[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 Луцкевич Л. Вильня // Нёман. 1992. № 12. — С. 136-153.
- 1 2 Знаткевіч, Аляксей. Ад прамовы Гітлера да перадачы Вільні Літве. Пра што пісала ў 1939-м беларускамоўная «Віленская праўда» . Радыё Свабода (17 верасня 2019). Праверана 1 снежня 2025.
- ↑ СЯЛЯНСКАЯ ГАЗЕТА, газета. belarus.belarusenc.by. Праверана 1 снежня 2025.
- ↑ Айда Грибене. Белорусская печать межвоенного времени в коллекции Отдела старой периодики Библиотеки АН Литвы (издания Вильнюса и Каунаса) // Homo historicus 2008. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / пад. рэд. А. Ф. Смаленчука з удзелам I. М. Дубянецкай. — Вiльня: ЕГУ, 2008. — 520 с. — ISBN 978-9955-773-16-0. — С. 445.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нумары 1-4, 7-15, 19, 23 «Віленскай праўды» у pdf-фармаце на «Беларускай палічцы»
- Пра што пісала ў 1939-м «Віленская праўда» — svaboda.org