Віленская школа гравюры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Віленская школа гравюры — мастацкая школа ў беларускай графіцы пач. XVI—XVII ст.

Склалася ў Вільні ў 1520-я гг., развівалася ў Вялікім Княстве Літоўскім ва ўзаемасувязі з рускім, украінскім, заходне-еўрапейскім мастацтвам i пад уплывам традыцый аздаблення славянскіх рукапісаў. Тэрмін «Віленская школа гравюры» ў мастацтвазнаўства ўвёў У. В. Стасаў. Школа дала пачатак развіццю гравюры на ўсходне-славянскіх землях, у т.л. Куцеінскай школы гравюры і Магілёўскай школы гравюры. Галоўную ролю ў развіцці Віленскай школы адыгралі выданні Ф. Скарыны, друкарняў Мамонічаў, Віленскай акадэміі (1576—1773), Еўінскай друкарні i інш. Асноўнымі відамі гравюры Віленскай школы з'яўляліся дрэварыт (у кірылічных) i медзярыт (у лацінскіх выданнях); развівалася пераважна кніжная гравюра (партрэт, ілюстрацыя, франтыспіс, застаўкі, канцоўкі, геральдычныя выявы, ініцыялы). На гравюры кірылічных выданняў моцна паўплывалі традыцыі беларускага жывапісу i драўлянай пластыкі.

Вобразна-стылістычныя асновы школы закладзены выданнямі Скарыны (застаўкі i канцоўкі «Малой падарожнай кніжкі», 1522, і «Апостала», 1525) i асабліва П. МсціслаўцаЕвангелле Напрастольнае», 1575, «Псалтыр», 1576), пад уплывам якога асноўным у афармленні віленска-еўінскіх выданняў сталі фігурны франтыспіс, тытульны ліст («Новы запавет», Еўе, 1611; «Новы запавет з псалтыром», Вільня, 1623). У дрэварытах «Малой падарожнай кніжкі» спалучаюцца рысы позняй готыкі i рэнесансу; у больш позніх творах («Граматыка славенская» Л. Зізанія, 1596, дзе змешчана алегарычная выява граматыкі) пераважаюць рысы рэнесансу. Амаль усе дрэварыты XVI ст. ананімныя, медзярыты XVII ст. падпісаныя. Творы Віленскай школы вызначаюцца жыццёвасцю вобразаў, якая выразна прабіваецца праз канфесіянальную тэматыку, простанароднасцю i каларытнасцю тыпажу, дэкаратыўнасцю, дасканаласцю разнастайных прыёмаў тэхнікі гравіравання. Найбольш яскрава асаблівасці Віленскай школы выявіліся ў дрэварытах «Акафістаў» і «Канонаў» (Вільня, 1628), тытульным лісце «Вертаграда душэўнага» (Вільня, 1620) i інш. Аздобы віленскіх выданняў Скарыны выкарыстоўвалі друкары Віленскага Святадухаўскага брацтва да сярэдзіны XVII ст. Разам з арыгіналамі дошак Скарыны яны выкарыстоўвалі i копіі з ix («Новы запавет з псалтыром», Еўе, 1611,"Евангелле вучыцельнае", Еўе, 1616, i інш.).

Тытульныя ліст III Статуту ВКЛ. Выданне друкарні Мамонічаў, 1588

Значнымі мастасцкімі якасцямі вылучаюцца тытульныя лісты да выданняў «Трыбунал» (1586), «Статут Вялікага Княства Літоўскага» (1588), «Евангелле вучыцельнае» (1616), «Устаў» (1617), «Граматыка» (1621), «Евангелле» (1644). Першыя пастаронкавыя ілюстрацыі з'явіліся ў «Часаслоўцы» (1617), выдадзеным Мамонічамі.

Гравюра на медзі атрымала шырокае развіццё ў друкарні Віленскай акадэміі, дзе працавала шмат выхадцаў з Беларусі. Творы акадэмічнай друкарні вылучаліся свецкім характарам i дасканалай тэхнікай выканання, якая давала магчымасць перадаць аб'ёмнасць у выяве рэчаў і перспектыву. Сярод ранніх медзярытаў творы нясвіжскага гравёра Т. Макоўскага (тытул «Панегірыка Казіміру», 1610). Значным майстрам медзярыта быў А. Тарасевіч, творы якога (ілюстрацыі да «Разарыума…», 1672) паўплывалі натворчасць іншых майстроў. Сярод гравёраў школы Л. Тарасевіч, І. Шчырскі, Л. Кршчановіч, замежныя майстры К. Гётке, Д. Пельцэльд, Д. Шнопс, Л. Вілатці і інш. У Віленскай акадэміі вучыўся вядучы майстар Магілёўскай школы гравюры М. Вашчанка.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]